I спаборніцтвы, і шоу

У мінскім ДК МАЗа пройдзе фестываль танцаў «Усходнія прысмакі»

16 снежня ў сталіцы ў Доме культуры Мінскага аўтамабільнага завода пройдзе дванаццаты па ліку фестываль танцаў «Усходнія прысмакі». Напярэдадні яго арганізатары расказалі аб шоу-турніры, а таксама аб развіцці ўсходніх танцаў у Беларусі.

Аказваецца, у нас ёсць нямала іх прыхільнікаў.

І нашы танцоры нярэдка перамагалі на чэмпіянатах свету і Еўропы. Увогуле, лічыцца, што самымі лепшымі танцавальнымі школамі з’яўляюцца расійская, беларуская і ўкраінская.

У Беларусі ўсходнія танцы практыкуюцца ва ўсіх абласных цэнтрах, Наваполацку, Полацку, Салігорску, Жодзіне. Імі займаецца каля пяці тысяч чалавек. Самаму маладому ўдзельніку — 4, а самай старэйшай — 72 гады. Як адзначыла кіраўнік студыі танца і ўладальніца Кубка свету Алёна Грынчык, заняткі танцамі садзейнічаюць не толькі знешняй прыгажосці чалавека, але і паляпшэнню яго здароўя.

«Усходнія прысмакі» закліканы быць спаборніцтвамі. Але гэта і шоу, свята танца, калядная казка. У 2005 годзе ў рамках гэтага шоу праходзіў чэмпіянат Еўропы.

Штогод фестываль мае свае тэматычныя адметнасці. Сёлета яго тэма — «Дванаццаць імгненняў зімы». Чаму так? Таму, што ён праводзіцца ў дванаццаты раз, дванаццаць месяцаў у годзе, дванаццаць раз б’юць куранты. Зразумела, не абыдзецца шоу і без усходняга кірмашу, на якім будзе шмат падарункаў, сюрпрызаў. А гледачы ўручаць адной з танцоўшчыц прыз сваіх сімпатый.

Як заўсёды, частка грошай за прададзеныя білеты пойдзе на патрэбы дзяцей-інвалідаў Партызанскага раёна Мінска, іншыя дабрачынныя акцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter