І смех там быў, былі і жарты

Нататкі на палях блакнота члена журы фестывалю народнага гумару “Аўцюкі-2016”

Нататкі на палях блакнота члена журы фестывалю народнага гумару “Аўцюкі-2016”


Тое, што смех падаўжае жыццё, цяпер ужо навукова пацверджаны факт. Але аўцюкоўцы, жыхары суседніх вёсак Вялікія і Малыя Аўцюкі, што ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне, пра гэта даўно ведалі, нават не ўдаючыся ў навуковыя даследаванні. Само жыццё даказвала: там, дзе людзі жывуць з усмешкай, з добрым настроем на заўтрашні дзень — там і справы ідуць спарней, і людзі жывуць лепш, дружней. І, натуральна, даўжэй.



Гумар — справа сур’ёзная


Здаўна ведалі аўцюкоўцы гэты закон жыцця, але — а гэта ў характары палешукоў — да пары да часу ў сакрэце трымалі: а раптам ліхі чалавек трапіцца? Датуль, пакуль у іх край журналісцкая сцежка не завяла тады яшчэ маладога пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, які па справах апынуўся ў Аўцюках. Некалькі дзён правёў ён у той памятнай камандзіроўцы, пра жыццё аўцюкоўцаў матэрыял збіраючы. Са старшынямі калгасаў гутарыў, начаваў у аўцюкоўскіх хатах, да жыцця вяскоўцаў прыглядаўся. А жылося, трэба сказаць, у тыя постперабудоўныя гады ой як цяжка. Асабліва ў вёсцы — пра тое, што можна жыць так заможна, як сёння, людзі тады і не марылі нават. Але неяк лягчэй за іншых любыя нягоды пераносілі — з жартам, з гумарам! Назіральны Ліпскі, сам паляшук, запісваючы іх жарты і анекдоты, зразумеў, што за простым жыццёвым, часам няхай нават і грубаватым гумарком аўцюкоўцаў тоіцца нешта большае. І прапанаваў: “Дарагія мае землякі, а ці не падзяліцца нам вашым сакрэтам жыцця з усімі добрымі людзьмі Беларусі? Ці не наладзіць нам усебеларускі фестываль нашага, народнага гумару? Гэта ж як мы ўсім добрым людзям жыццё палепшым, калі, як вы самі запэўніваеце, 5 хвілін смеху замяняюць... цэлыя 2 бутэрброды з чорнай ікрой! Ну, ці з салам, з цыбулькай ды маласольным агурочкам — каму што падабаецца. А на фестывалі нашым працягласць смеху не хвілінамі — суткамі вымярацца будзе!.. Спачатку адзін правядзём, потым другі, а там, глядзіш, і замежжа падцягнецца, на міжнародную арбіту Аўцюкі выведзем!

Аўцюкі — беларускае Габрава


Пры падтрымцы Міністэрства культуры, Гомельскага аблвыканкама і мясцовых органаў улады арганізавалі аў­цюкоўцы ў 1995 годзе Усебеларускі фестываль народнага гумару. І ўжо тады на першым жа Аўцюкоўскім фестывалі ганаровымі гасцямі былі іх калегі па гумары габраўцы з Балгарыі і дэлегацыі з Літвы, Украіны!

І вось — 9-10 ліпеня адбыўся восьмы Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі -2016”, які ўжо стаў традыцыйным.

Расіяне і ўкраінцы, паміж іншым, пастаянныя госці і ўдзельнікі любімага фестывалю. І сёлета гэтак жа, як заўсёды ў Аўцюках, разам з аўцюкоўцамі выступалі, смяяліся і радаваліся трапным жартам, задзірыстым прыпеўкам і жартам-прыгаворкам веселуны з украінскага Славуціча і з расійскага Краснадарскага Краю. А разам з імі — яшчэ і дэлегацыя з Малдовы.

Дарэчы, самім беларускім гумарыстам патрапіць на фестывальную сцэну не так ужо і проста, як 20 гадоў назад. Гумар — справа сур’ёзная, таму ў міжфестывальны час па гарадах і вёсках усёй Беларусі ад Буга да Дняпра, ад Нёмана і да Прыпяці праходзяць раённыя, гарадскія, а пасля яшчэ і абласныя спаборніцтвы гумарыстаў, на якіх вызначаюцца пераможцы — лепшыя з лепшых! Прыемна: ужо з’явіліся сапраўдныя асы беларускага гумару: у Калінкавічах — гэта цэлы Народны тэатр гумару “Вясёлыя аў­цюкоўцы”, у Маладзечне — народны жартоўны калектыў “Тары-бары”, на Драгічыншчыне — улётнае “Драгічынскае смехаўё” і шмат, шмат іншых. І Аўцюкоўскі фестываль — толькі вяршыня айсберга, на самы-самы верх якога паднімаюцца толькі пераможцы конкурсаў гумарыстаў, якія прабіліся ў фінал па цэлым шэрагу намінацый. А сёлета намініраваліся анекдоты, тэатры мініяцюр, гумарныя песні, інсцэніроўкі па творах Ліпскага, жартоўныя танцы, прыпеўкі і, што асабліва ўсіх падбадзёрыла, конкурс прыгажосці “Міс Аўцюкі”. Як член журы, сам з задавальненнем выводзіў дзясятку (па дзесяцібальнай сістэме) Нэлі Засінец з ельскага народнага тэатра эстрадных мініяцюр “Дамскія штучкі”: прыгажуня, разумніца, маці траіх чароўных дзетак! Ма-лай-чына! І як ёй пасуе карона пераможцы!


Мытня дае дабро


Адкрыццё ж фестывалю адбылося на раздарожжы Вялікіх і Малых Аўцюкоў за дзень да пачатку спаборніцтваў. Там, каля помніка Каласку і Калінцы (у Аўцюках калінкамі называюць усіх жанчын, а мужчын — каласкамі), побач з музеем гумару сабраліся ўсе ўдзельнікі, госці і журы фестывалю. А каб, не дай бог, падчас спаборніцтваў не перасварыцца, старшыні сельсаветаў Вялікіх і Малых Аўцюкоў (Малыя на самай справе значна большыя за Вялікія), якія спрадвеку спаборнічаюць паміж сабою, пасядзелі на спецыяльна зробленай мясцовымі ўмельцамі “лаўцы прымірэння”. Усё сур’ёзна, як на алімпіядах: ніякіх сварак падчас спаборніцтваў! Потым брыгады артыстаў-гумарыстаў раз’ехаліся па вёсках Калінкавіцкага раёна з канцэртамі, каб раніцай сабрацца на цэнтральнай плошчы райцэнтра на падмостках спаборніцтваў.

А там, вядома ж, не абышлося без традыцыйнай аўцюкоўскай “мытні”. Ну як жа без яе? Бо, каб трапіць на свята смеху, трэба спачатку даказаць, што ты свой, чалавек з гумарам — расказаць “мытнікам” анекдот або праспяваць прыпеўку. Была і аўцюкоўская рулетка з “рагатухай”, і “швэнданне” па сімвалічных аўцюкоўскіх падворках. Усім, напэўна, запомніліся гумарны аўцюкоўскі “ваенкамат”, вясёлая “рыбалка”, і “горад майстроў”, які стаў традыцыйным, і... футбол паміж зборнымі аўцюкоў і аўцючак.

Спадабалася гасцям і гаспадарам свята і выстава сатырычнай графікі “Свет. Культура. Аўцюкі”, якая адкрылася ў цэнтральнай бібліятэцы Калінкавіч. Першае ўражанне гледачоў ад убачанага — на фота. Спачатку — здзіўленне, потым — усмешкі, віншаванні і... прапанова пасля Калінкавіч адправіць усю выставу ў Рагачоў на Дзень беларускага пісьменства.  

Шкада, вядома, што брація, якая піша, фатаграфуе і здымае, калі робіць рэпартажы з гэтага фестывалю, часцей за ўсё звяртае ўвагу толькі на знешні бок дзейства, выпускаючы з-пад увагі галоўнае: “Аўцюкі” — гэта, у першую чаргу, вялікая работа. Арганізатараў, удзельнікаў і ўсіх мясцовых жыхароў. Добрых, ветлівых, якія заўсёды з радасцю, з хлебам-соллю і, чаго хаваць, са знакамітай аўцюкоўскай “рагатухай” ды фірменным салам “адзідас” (у тры мясныя праслойкі) сустракаюць гасцей. Нізкі паклон ім усім за “Аўцюкі”! Бо гумар — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Усіх: настаўнікаў, хлебаробаў, навукоўцаў, даярак, студэнтаў, рабочых, рускіх, беларусаў, украінцаў. Увогуле, усіх нас, зямлян...  

Алег Карповіч
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?