I смех, i слезы, i любоў

Для   Вiталя   Баркоўскага   пасля   60   жыццё   толькi пачынаецца

Для   Вiталя   Баркоўскага   пасля   60   жыццё   толькi пачынаецца

Зусiм нямногiя могуць пахвалiцца, што iх дзень нараджэння супадае з наступленнем Новага года. Менавiта такое “каленца” 60 гадоў таму назад выкiнуў сённяшнi мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа Вiталь Баркоўскi. 

Трэба меркаваць, што калi б Вiталь Баркоўскi не стаў знакамiтым рэжысёрам, то нават Лапландыя палiчыла б за гонар мець на пасадзе галоўнага Дзеда Мароза асобу, якая нарадзiлася ў навагодняе свята. Але атрымалася тое, што атрымалася. На шчасце не толькi вiцьбiчам, а ўсiм прыхiльнiкам высокага мастацтва краiны. 

Як жа збiраецца пачаць свой сёмы дзесятак вядомы тэатральны дзеяч Беларусi Вiталь Баркоўскi?  Чалавек арыгiналь-ны i дасцiпны, сам ён жартуе, што у новым годзе стане ездзiць у грамадскiм транспарце за палавiнны кошт, як заслужаны прадстаўнiк шматтысячнага пенсiянер-скага войска. Безумоўны плюс, што ў дадатак да не надта тлустага рэжысёрскага заробку дабавiцца пенсiя. Так што падстаў для засмучэння няма. Тым больш што ў Коласаўскiм тэатры таленавiтых людзей у адстаўку не адпраўляюць нi пры якiм надвор’i. Вунь легенда беларускай сцэны, народны артыст СССР Фёдар Iванавiч Шмакаў нават у 90 год запатрабаваны. Так што i для Вiталя Баркоўскага пасля 60 сапраўднае жыццё толькi пачынаецца. 

Ну а калi ўсур’ёз, то пакуль многiя папраўлялi галовы пасля навагодняга падпiтку, коласаўцы па-цвярозаму i ў звычным прафесiйным фармаце сумяшчалi працу i юбiлей свайго “ваяводы”.  2 студзеня на коласаўскай сцэне прайшоў спектакль “I смех, i слёзы, i Любоў” па п’есе У. Набокава “Падзея”. Гэтай пастаноўкай каляндарны год у тэатры адкрываецца па жаданню юбiляра i ягоных сяброў. Згодна тлумачэння памочнiка мастацкага кiраўнiка Ганны Дашкевiч, сам Вiталь Баркоўскi надзвычай арыгiнальна прачытаў гэты твор i ўвасобiў яго на коласаўскай сцэне як драматычна-камедыйны фарс. У нейкiм сэнсе гэту работу мастацкага кiраўнiка коласаўцаў можна лiчыць зваротным навагоднiм падарункам усiм прыхiльнiкам ягонай творчасцi. 

Менавiта дзякуючы Вiталю Баркоўскаму тэатр iмя Якуба Коласа пацвердзiў статус Нацыянальнага акадэмiчнага. Сярод драматычных тэатраў Беларусi аналагiчны маюць толькi Купалаўскi i Рускi ў сталiцы. 

Як творчай асобе, мастацкаму кiраўнiку коласаўцаў уласцiвая нестандартнасць светапогляду, няспыннае iмкненне да смелых эксперыментаў. Усе акцёры з задавальненнем  працуюць у спектаклях Вiталя Баркоўскага. А iх за амаль дзесяцiгадовую працу ў творчым куфры майстра накапi-лася шмат. Дастаткова назваць  трылогiю па творах У. Драздова  “Шагал...Шагал...”, “Мадам Боншанс”, “Ружа ў чыстым полi”. 

Не маюць параўнанняў з iншымi пастаноўкi  Вiталя Баркоўскага  “Зямля” паводле Якуба Коласа, “Сон на кургане” па творчасцi Янкi Купалы, “Чорная нявеста” Аляксея Дударава... I гэта далёка не ўсе спектаклi, якiмi славiцца коласаўская сцэна не толькi сярод беларускiх прыхiльнiкаў тэатра, а далёка  за межамi нашай краiны. I нездарма многiя з iх “экспартуюцца” на прэстыжныя мiжнародныя фестывалi. 

Але аб гэтым павiнна быць асобная размова. Сёння ж заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусi Вiталю Баркоўскаму з уласцiвай сапраўднаму глыбо-каму таленту шчодрасцю хочацца падзялiцца багаццямi душы з iншымi. I нiводны Дзед Мароз не мае столькi падарункаў,колькi iх месцiцца ў чароўным куфэрку коласаўцаў. Да таго ж  у адрозненне ад навагодняга маскарада тэатральнае мастацтва – гэта свята, якое заўсёды з намi i нiколi не канчаецца. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter