Источник: Знамя юности
Знамя юности

Дорогами классиков. Мы побывали на родине писателя Олега Лойко

«І сэрцам палюбіў я гэты кут…»

У кожнага пісьменніка і паэта свае крыніцы натхнення. Адны шукаюць яго ў музыцы, размовах з блізкімі і падарожжах па новых мясцінах. А да іншых муза прыходзіць на малой радзіме: сярод яблынь і вішань у бацькоўскім садзе, каля ракі, дзе разам з сябрамі вудзілі рыбу, у парку, праз які спяшаўся на спатканне. Для беларускага паэта і пісьменніка Алега Лойкі месцам яго сілы стаў Слонім. Мы завіталі ў родны горад Алега Антонавіча і ўпэўніліся, што радкі з вершаў знакамітага земляка многія тут цытуюць на памяць.


Радкі пра любімы горад

Імя Алега Лойкі вядома не толькі на Слонімшчыне. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 450 публікацый (літаратуразнаўчых артыкулаў, эсэ, перакладаў), а таксама некалькіх падручнікаў для філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў. Але праславіўся Алег Антонавіч дзякуючы вершам, большасць з якіх прысвяціў роднаму краю. У адным са сваіх артыкулаў пісьменнік Сяргей Чыгрын напісаў, што Рыгор Барадулін разам з Еўдакіяй Лось і Петрусём Броўкам разам не склалі столькі паэтычных радкоў пра сваю Ушаччыну, колькі адзін Алег Лойка пра старажытны Слонім. Пісьменнік вельмі ганарыўся тым, што нарадзіўся ў месцы, звязаным з імёнамі Льва Сапегі і Міхаіла Агінскага:

Карціна наплывае на карціну,

Выразныя і ясныя без слоў.

Таму мо, што Агінскага дзяцінства,

Як і маё, у Слоніме прайшло.

   


Сваёй малой радзіме аўтар прысвячаў не только рыфмаваныя радкі. У 1990-х гадах Алег Лойка выдаў тры паэмы, і ўсе яны звязаны са Слонімшчынай. Адну з іх, «Посах душы», ён напісаў пра Жыровічы – унікальнае месца ў дзесяці кіламетрах ад города. Тут знаходзіцца старажытны манастыр, побач – заасад і крыніца, якую вельмі маляўніча апісаў паэт:

Стаяла ў лесе крыніца,

А ў крыніцы – вадзіца,

Над вадзіцай – груша, 

Да грушы – душою рушу.

Рушу я да крыніцы – 

Вады святое напіцца,

Рушу да светлае грушы – 

Светла на грушу дзівіцца.

Між пастушкамі стану,

Малітву з сэрца дастану,

Пець, пакуль сілы хваціць, 

Жыровіцкай Багамаці…

Натхненне ў празрыстай вадзе

На тое, каб запісаць некалькі радкоў у нататнік, Алега Антонавіча натхнялі самыя простыя рэчы, напрыклад паездка на цягніку:

Чыгуначныя перагоны,

Слаўны ваш светлы гон,

І я ў вас да ціхага скону

Ўлюблёны з маленчых дзён…

Асаблівы творчы запал паэт атрымліваў на берагу Шчары. Каб лепей адчуць энергію халодных хваляў, паднімаемся на пешаходны мост праз раку. Калі глядзіш, як у празрыстай вадзе адлюстроўваюцца аблокі, лепш разумееш паэта: 

І я рады, што зразумеў:

З гэтай радасцю – не таіцца,

Што я шчасце вялікае меў

Па-над Шчараю нарадзіцца!

***

Я шчаслівы, што ўбачыў свет тут,

Ды пра большае шчасце я мару:

У апошні свой міг без пакут

На цябе пазіраць, Шчара!..

Кожны куток роднага горада меў для Алега Лойкі асаблівы сэнс. На вуліцы Татарскай, якая сёння носіць імя Кірава, ён нарадзіўся, на Зелёнай прайшло ўсё яго дзяцінства, а па Чырвонаармейскай Алег Антонавіч хадзіў у школу:

Я вырас на Зялёнай,

Дзе яблыні і вішні,

І маладыя клёны

Ля вербаў, зграбных, пышных.

У сваёй творчасці паэт нярэдка звяртаўся да класікаў. У 1990 годзе быў зняты дакументальны фільм пра Максіма Багдановіча паводле сцэнарыя літаратуразнаўцы са Слоніма. А свой верш «На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме» Алег Антонавіч прысвяціў менавіта Івану Луцэвічу, які часта бываў на ра­дзіме Лойкі:

Родны мой горад, спрадвечны горад,

Памяць чыя глыбей, чым твая?..

Дай скалынуць твае радасці, гора,

Дай перажыць іх з табой удвая!

Дай, прывярні тыя дні, тыя хвілі,

Госцем калі тут Купала быў:

Вулкі твае яго не забылі,

І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў.

Чуў ты біццё яго сэрца, горад,

Хвалямі Шчары думы ўздымаў:

Усю Беларусь абдымаўшы, як мора,

Ён і цябе, горад мой, абдымаў…

Дзённік з пяцёркамі і кнігі з аўтографам

У гонар вялікага мастака слова ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа два гады таму адкрылі асобны музейны пакой. Тут сабрана больш за 100 экспанатаў: фотаздымкі з сямейнага архіва, копія выпіскі аб нараджэнні, асабістыя рэчы, у тым ліку ночвы, дзе купалі маленькага Алега, уласны фотаапарат паэта і акардэон, на якім Алег Антонавіч любіў іграць. Ёсць і вельмі рэдкія прадметы, праводзіць экскурсію намеснік дырэктара бібліятэкі Ларыса Ціханчук:

– У нашым фондзе захаваўся вучнёўскі білет ад 1948 года, які належаў Алегу Антонавічу. Таксама беражліва захоўваем дзённік дзевяцікласніка Лойкі: на пажаўцелых ад часу старонках рукой пісьменніка акуратным почыркам выведзеныя назвы прадметаў. Калі ўважліва пагартаць дакумент, ніводнай дрэннай адзнакі не знойдзеце, толькі чацвёркі і пяцёркі.

За мінулы год бібліятэку наведала больш за 600 чалавек

Самымі каштоўнымі аб’ектамі музея ўсё ж такі з’яўляюцца кнігі. На вокладках многіх ёсць аўтограф паэта і пажаданні для наведвальнікаў бібліятэкі. Старэйшы зборнік вершаў, які можна знайсці на палічцы, датаваны 1963 годам. Побач кнігі з перакладамі з польскай, французскай і нямецкай моў: іх Алег Лойка ведаў вельмі добра, звяртае ўвагу Ларыса Ціханчук:

– Пра Алега Антонавіча можна гаварыць бясконца. І вельмі прыемна, што маладыя людзі з нашага раёна прыходзяць да нас на экскурсіі. За мінулы год мы прынялі больш за 600 наведвальнікаў. Заўважылі: нават тыя, хто не вельмі добра знаёмы з творчасцю паэта, дакладна цытуюць адзін з самых знакамітых вершаў пра Слонім:

Я вырас, захапляючыся тут

Высокім небам, Шчары ціхім звонам,

Агністым сонцам, лесам задумёным,

Мурамі і людзей жыццём штодзённым, 

І сэрцам палюбіў я гэты кут – 

Цябе, мой старадаўні родны Слонім. 

shestakevich@sb.by 

Фота аўтара і з архіва Слонімскай раённай бібліятэкі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter