I паважаць сябе прымусiў

Мала хто ведае, што дзед Арыэля Шарона жыў у Брэст-Літоўску

Арыэль Шарон, народжаны Шэйнерман, ізраільскі ваенны, палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр Ізраіля ў 2001—2006 гг., нарадзіўся 26 лютага 1928 г. у паселішчы Кфар-Малал, а памёр у першай палове дня ў суботу, 11 студзеня 2014 года.

Мала хто ведае, што продкі Арыэля Шарона з Расійскай імперыі. Яго дзед Мардэхай Шэйнерман нарадзіўся і вырас у Брэст-Літоўску.

З жыцця пайшоў чалавек, якога аднолькава ненавідзелі палесцінцы, ізраільскія пасяленцы, правыя і левыя палітыкі краіны. Шарон перажыў два інсульты і апошнія восем гадоў правёў у коме.

Ён на працягу больш за паўстагоддзя ўспрымаўся як баец: спачатку як баявік «Хаганы», падпольнай сіянісцкай арганізацыі, затым як салдат Арміі абароны Ізраіля, якую ён узначальваў у якасці міністра абароны, а напрыканцы як кіраўнік урада. Яго адданасць Ізраілю ніколі не ставілася пад сумненне, але ў сваёй вернасці ідэі служыць дзяржаве і абараняць яе ён даходзіў да авантурызму і фанатызму.

Адна з авантур і прывяла яго да вышэйшай улады. Нягледзячы на ўгаворы, у 2000 годзе ён адправіўся на Храмавую гару ў Іерусалім, дзе размешчаны ісламскія рэлігійныя святыні, чым справакаваў пачатак Другой палесцінскай інтыфады. Гэта быў дэмарш — Шарон такім чынам пратэставаў супраць рашэння левага прэм’ер-міністра Эхуда Барака прызнаць Палесцінскую дзяржаву ў складзе сектара Газа, часткі Заходняга берага ракі Іардан і некаторых кварталаў Усходняга Іерусаліма. Кіраўнік Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі, Ясір Арафат тады адмовіўся ад здзелкі, пачалося паўстанне, якое дало ў 2001 годзе Шарону пасаду прэм’ер-міністра.

У 2002 годзе прэм’ер аддаў загад захапіць усе гарады Заходняга берага ракі Іардан. Ясір Арафат, з якім яшчэ некаторы час ён вёў перамовы аб пашырэнні аўтаноміі, быў ізаляваны ў сваёй рэзідэнцыі ў Рамале. Пасля некалькіх гадоў няспынных контртэрарыстычных аперацый Шарон прыняў іншае адназначнае рашэнне. Ён прыйшоў да высновы таго, што бессэнсоўна спрабаваць абараняць габрэйскія паселішчы ў сектары Газа і ў 2005 годзе жалезнай рукой увасобіў у жыццё свой план па выдварэнні каланістаў з гэтай часткі палесцінскай тэрыторыі.

План Шарона справакаваў крызіс у партыі «Лікуд», якую ён узначальваў. Біньямін Нетаньяху, які калісьці пакінуў Шарону пасаду старшыні партыі, узначаліў унутрыпартыйную апа-зіцыю. Але замест таго, каб змагацца з ёй, Шарон ляснуў дзвярыма, абвясціўшы, што будзе будаваць яшчэ адну партыю — «Кадзіма», якую ён абвясціў цэнтрысцкай. У «Лікудзе» палічылі ўчынак Шарона здрадай — на працягу дзесяцігоддзяў менавіта ён выступаў лідарам габрэйскай каланізацыі Заходняга берага ракі Іардан, сектара Газа і Усходняга Іерусаліма, за што нават атрымаў мянушку Бульдозер.

Апытанні грамадскай думкі аддавалі перавагу новай партыі на пазачарговых выбарах, якія павін-ны былі адбыцца ў пачатку 2006-га. Аднак новага трыумфу Шарон не дачакаўся. 4 студзеня 2006 г. ён перанёс інсульт, ад якога так і не акрыяў.

Шарон быў перакананы: Ізраіль вырашае свой лёс выключна самастойна. Так што ні пра якія папярэднія перамовы з палесцінцамі пры вяртанні каланістаў гаворкі не ішло. У выніку палітычны вакуум у сектары Газа запоўніла не Палесцінская нацыянальная адміністрацыя Махмуда Абаса, а радыкалы з «Хамас».

На працягу першых месяцаў пасля таго, як Шарон упаў у кому, ізраільскія СМІ ўвесь час пісалі пра тое, што ён вось-вось апрытомнее. Без яго цяжка было ўявіць ізраільскую палітыку апошніх дзесяцігоддзяў.

Шарон не быў апантаны нянавісцю да палесцінцаў або ідэяй Вялікага Ізраіля, але ён і не адчуваў віны перад палесцінскімі бежанцамі, якія пацярпелі ў час войнаў. Кожны раз, прымаючы жорсткае рашэнне, ён зыходзіў толькі з уласных уяўленняў. 

Шарон, які калісьці падзяліў габрэяў на сваіх ворагаў і прыхільнікаў, цяпер можа прэтэндаваць на месца ў пантэоне бацькоў-заснавальнікаў Ізраіля. Такой ужо ва ўсіх адносінах фігурай ён быў…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter