У музеi «Дом Ваньковiчаў» адкрылася выстаўка моды i аксесуараў эпохi рамантызму

І паланэз пачаць пара

Рэдкую магчымасць палюбавацца раскошай мінуўшчыны прапануе  наведвальнікам музей «Дом Ваньковічаў». Тут адкрылася выстаўка моды і аксесуараў эпохі рамантызму. У экспазіцыі сабраны антыкварная вопратка, галаўныя ўборы, абутак шляхты часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, модныя ансамблі і побытавыя дробязі, якія належалі свецкім дамам XIX і пачатку XX стагоддзяў.

Вячэрняя сукенка. Прага, 1895 год.

Усе прадметы — з калекцыі Ігара  Сурмачэўскага, мастака, дызайнера, рэстаўратара і апантанага збіральніка твораў і прадметаў даўніны, звязаных са старадаўняй гісторыяй нашых зямель. У аўтэнтычных інтэр’ерах музейнай сядзібы «Дом Ваньковічаў» яны выглядаюць надзвычай арганічна. У такім набліжаным па часе асяроддзі гэтыя рэчы выстаўлены ўпершыню.

Увагу адразу прыцягваюць шыкоўныя сукенкі. Муслін, шоўк, брокат, кашамір — тканіны толькі натуральныя. 1840—1870-я гады. Пашытыя ў Берліне, Празе, Варшаве, Парыжы. Здзіўляе геаграфія рарытэтаў. 

Ігар Сурмачэўскі тлумачыць: менавіта там апраналася наша мясцовая шляхта. На жаль, войны, якія прайшлі праз нашу тэрыторыю, не пакінулі магчымасці захавацца такім рэчам тут. Таму адшуквае і набывае іх калекцыянер за мяжой, на аўкцыёнах і ў прыватных уладальнікаў. Напрыклад, самую старадаўнюю сукенку ў калекцыі — баваўняную з кветкавым малюнкам, які называюць рускі букет, — прывёз аж з Паўночнай Амерыкі. І таксама невыпадкова — туды ў 1860-я  эмігрыравалі многія прадстаўнікі нашай шляхты, а калі вярталіся назад, разам з гаспадынямі прыязджалі сюды ў куфрах і набытыя гардэробы.

Ружовая бальная шаўковая сукенка з крыналінам — з Парыжа, пашыта ў 1850-я гады спецыяльна для першага выхаду ў свет яе тагачаснай 16-гадовай уладальніцы. Побач — фіялетавая сукенка ў стылі Cul de Paris, такія  ўвайшлі ў моду ў 1870-я і выцеснілі крыналіны. Кашаміравы ўбор з характэрным пышным рэльефам ніжэй за спіну аздоблены стужкай карункаў шанцільі, у дадатак — шаль і муфта з лебядзінага пуху — так дамы апраналіся на праменад ці для візітаў, калі халадала, восенню.  

Парасоль ад сонца — абавязковы аксесуар модніц канца XIX стагоддзя

Цікавы ўбор — папярэднік пеньюара: тонкая белая сукенка з карункавым варатніком для выхаду да першага ранішняга чаю, шляхетныя паненкі рабілі гэта бліжэй да 9—10 гадзін.

Можна толькі здзіўляцца, наколькі мініяцюрнымі былі тагачасныя модніцы. Памер адзення, відаць, не большы за сённяшні еўрапейскі 36-ы, абутку — па сучасных мерках амаль дзіцячы. Ён таксама прадстаўлены на выстаўцы, і, гледзячы, нарыклад, на вытанчаную пару вясельных туфляў, разумееш, чаму магла з’явіцца вядомая гусаркая традыцыя піць шампанскае з туфлі дамы сэрца.

Элегантныя паўбоцікі з Вены, упрыгожаныя вышыўкай, бісерам, стразамі, — дакладна экзэмпляр рэдкі. Белыя шаўковыя балеткі нечым падобныя на тыя, што носяць сучасніцы. А ім жа — каля 200 гадоў! Ігар Сурмачэўскі заўважае маю цікавасць:

—  Гэтыя балеткі, за адпаведную форму іх празвалі «сцярлядкамі», — з Англіі, упрыгожвалі такі абутак спражкамі і мацавалі да нагі стужкамі. Звычайна для аднаго балю набывалі 3—5 пар, працягваліся такія вечары падоўгу, і вельмі тонкая скура хутка сціралася аб паркет у час танцаў. Між іншым, дакладна такія ж самыя «сцярлядкі» прадстаўлены ў экспазіцыі Метраполітэн-музея ў Нью-Ёрку і ў Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане. 

Не меншая гордасць калекцыянера — адзін з самых каштоўных экспанатаў яго збору, шаль пейслі 1800-х гадоў з Францыі. Гаворыць, аналагічны ў нашай краіне нідзе не ўбачыш. Такія кашаміравыя шалі выраблялі спрадвеку ў Індыі, з пачатку XVIII стагоддзя еўрапейскія падарожнікі прывозілі іх у якасці экзатычных падарункаў, прычым такая раскоша была па кішэні толькі вельмі забяспечаным людзям. А сапраўдным піскам моды шалі ў стылі пейслі сталі дзякуючы жонцы імператара Напалеона Жазефіне Багарнэ. Яна насіла іх як дадатак да сукенак. Дзіўна, але традыцыйны малюнак гэтых шаляў — так званыя індыйскія агуркі — вельмі актуальны і сёння.

Немагчыма не затрымацца каля прадстаўленых на выстаўцы аксесуараў. Пудраніца і табакерка, сумачкі, кашалькі, футляр для мушак, флакончыкі для парфумы — хрустальныя і сярэбраныя. Ёсць меркаванне: тыя, што пазначаны гербам «Трубы», маглі належаць Стэфаніі Радзівіл. 

А ці бачылі вы калі касцяную запісную кніжку, у якой дамы ў час балю міні-аловачкам пазначалі чарговасць танцаў з кавалерамі? Або футлярчык, у якім непрыкметна перадавалі пасланні каханай, ці покетбук — спецыяльную сумачку для захоўвання любоўнай перапіскі? І нашто ў рыдыкюлі паненкі абавязкова трымалі Vinaigrette? Адказы шукайце ў «Доме Ваньковічаў» на выстаўцы «…І паланэз пачаць пара».

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter