I наша слова адзавецца

Дацэнту БДУ Ангеліне Рудэнка ад маці перадалася звычка быць заўжды занятай справай

СУЧАСНУЮ рускую мову больш за паўвека выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Ангеліна Аляксандраўна РУДЭНКА. Праз яе рукі прайшлі некалькі пакаленняў журналістаў, нават дзяржаўныя дзеячы, і не толькі Беларусі, але і замежжа.

Выдатнік адукацыі і друку Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік БДУ Ангеліна Аляксандраўна выкладала рускую мову замежным студэнтам на падрыхтоўчым факультэце, шмат гадоў была намеснікам дэкана факультэта журналістыкі. Сёння яе выкладчыцкі рэйтынг даволі высокі ў Інстытуце журналістыкі галоўнага ўніверсітэта краіны. Плённая дзейнасць дацэнта Ангеліны Рудэнка адзначана ганаровымі граматамі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

У ЧАС журналісцкай вандроўкі на самы поўдзень Афрыкі, у экзатычную краіну Зімбабвэ, якая некалі была калоніяй Вялікабрытаніі, мне давялося ў яе сталіцы — горадзе Харарэ — пабываць на тэлебачанні. Калі там даведаліся, што я з Беларусі, абрадаваліся, бо некаторыя мясцовыя тэлежурналісты вучыліся на факультэце журналістыкі ў Мінску. Рускую мову на падрыхтоўчым факультэце ім выкладала дацэнт БДУ Ангеліна Рудэнка. Зімбабвійскія калегі  словы падзякі прасілі перадаць сваёй выкладчыцы, якая для іх засталася сябрам. Пасля вяртання дамоў перадаў Ангеліне Аляксандраўне пачутае на тэлебачанні Харарэ і даведаўся, што не толькі з Афрыкі дасылаюць ёй падзякі былыя выхаванцы.

Летась на 90-гадовы юбілей БДУ сабраліся выпускнікі з многіх краін свету. Сярод гасцей свята былі і в’етнамцы, якія цудоўна размаўлялі па-руску. Трыццаць гадоў таму вучыла іх рускай мове дацэнт Рудэнка.

У Ханоі адкрылі факультэт журналістыкі. Ідэю падтрымалі і в’етнамскія выпускнікі факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цяпер у в’етнамскай сталіцы два факультэты рыхтуюць журналістаў, але больш папулярны — які створаны выпускнікамі БДУ.

У час студэнцтва ў Мінску Аль Раухані з Йемена цяжка даваліся формы дзеясловаў, але ён упарта спасцігаў рускую мову і авалодаў ёю. Працаваў паслом Йемена ў Расіі і аднойчы наведаўся па справах у Мінск. Выкраіў час для сустрэчы са сваёй выкладчыцай і падарыў ёй арыгінальную скарбонку з упрыгажэннямі ручнога вырабу. Ангеліна Аляксандраўна шаноўна захоўвае гэты падарунак Аль Раухані.

ФОТАПАРТРЭТАМI, здымкамі і арыгінальнымі сувенірамі ўпрыгожана яе ўтульная невялікая кватэра. З фотапартрэта, пажаўцелага ад часу, пазірае ў будзёнаўцы малады армейскі афіцэр.

— Ад маці атрымала гэты партрэт бацькі, якога не памятаю. Маленькай была, калі ён пайшоў на фінскую вайну і загінуў, — стрымана распавядае Ангеліна Аляксандраўна. – Кадравым афіцэрам на Наварасійскай пагранічнай заставе служыў бацька да адпраўкі на фронт. Вытокі яго роду з уральскіх рабочых-чыгуначнікаў.


Дэлегат Магдэбургскага міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў 1957 года Ангеліна КАКОВІНА (РУДЭНКА) (у цэнтры).

Маці мая з заможнага роду кубанскіх казакоў. Рана асірацела. У часы раскулачвання, каб уратаваць ад адпраўкі ў Сібір, яе ўпотайкі вывезлі да збяднелых сваякоў Гардзеевых і нават прозвішча памянялі. Яна была прыгожай казачкай. Пасля заканчэння школы вымушана была, каб неяк выжыць, пайсці вучыцца на кулінара і ўсё жыццё цудоўна гатавала ежу.

— Вам гэтыя здольнасці маці перадала?

— Да кухні мяне не падпускала. Сама паспявала ўсё. Калі маці другі раз  выйшла замуж, мы пераехалі жыць у Падмаскоўе. Васіль Восіпавіч Васільеў мяне ўдачарыў, але засталося бацькава прозвішча. У рабочым пасёлку Бліжняга Падмаскоўя наша сям’я па кубанскіх звычаях завяла вялікую гаспадарку. Трымалі карову, свіней, коз, розную птушку. Даіць карову маці мне не давярала. Толькі пасвіць дазваляла.

Захапіць хатняй кулінарыяй мяне імкнулася свякроў Ганна Палікарпаўна Рудэнка. Спецыяльна дарыла самыя прыгожыя каструлі, розныя кухонныя прылады. Але кулінарам я так і не стала. А ўкраінскі боршч умею прыгатаваць. А вось дачка Вера і ўнучка Аляксандра — віртуозы на кухні.

У постаці, паходцы, позірку Ангеліны Аляксандраўны адчуваецца генетычны след адмысловай радні. Яна ўмее авалодваць аўдыторыяй. Кожнае слова на лекцыях па сучаснай рускай мове дацэнта Ангеліны Рудэнка дакладна выверана, трапна ўжыта. Тэарэтычны матэрыял багата насычаны прыкладамі з літаратурнай класікі. Лаканічны і даступны яе  лекцыі. Амаль у кожным перыядычным выданні Беларусі працуюць яе выхаванцы.

— Калі мне прапанавалі выкладаць сучасную рускую мову на факультэце журналістыкі, адразу не магла адважыцца, — узгадвае Ангеліна Аляксандраўна. — Адчувала вялікую адказнасць працы на творчым факультэце. Загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання прафесар Міхаіл Цікоцкі, сын вядомага беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага, падкрэсліваў, што тут студэнты асаблівыя. Не такія нават, як на філфаку. Параілася з мужам Анатолем Васільевічам, які працаваў загадчыкам кафедры лексікалогіі іспанскага факультэта ў Мінскім інстытуце замежных моў, і вырашыла забыць пра гэту прапанову. Але патэлефанаваў прафесар Цікоцкі, супакоіў, каб не хвалявалася. Запэўніў, што ўсё атрымаецца. І я прыняла прапанову.

Пашчасціла трапіць у інтэлігентны калектыў такіх вопытных выкладчыкаў, як Клаўдзія Сяргееўна Стрэпетава, Сцяпан Мітрафанавіч Грабчыкаў, Мікола Рыгоравіч Каваленка, Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч. Вучылася ў іх лекцыйнаму майстэрству, уменню падаваць тэарэтычны матэрыял, будаваць адносіны са студэнтамі.

Спачатку хвалявалася, як творчая студэнцкая аўдыторыя прыме мяне. Прыйшла на першую лекцыю і збянтэжылася: сярод учарашніх школьнікаў  сядзелі шырокаплечыя маладыя мужчыны, якія адслужылі ў арміі, пазіралі і чакалі, што буду ім расказваць. Апанаваў небывалы страх. Пачала заняткі, усталявалася цішыня. Студэнты мяне ўважліва слухалі. Павольна прызвычайвалася да студэнцкай аўдыторыі, а кіраўніцтва факультэта прыглядалася да мяне. На лекцыю пра формы дзеясловаў завітаў загадчык кафедры прафесар Міхаіл Цікоцкі. Выкладала запланаваны матэрыял і са страхам думала, каб толькі ніхто са студэнтаў пытанняў не задаваў. Але так не выйшла. Давялося адказваць найбольш дапытлівым. Прафесар высока ацаніў маю працу.

— Узровень падрыхтоўкі студэнтаў розны. Выпускнікам з глыбінкі цяжэй авалодваць сучаснай рускай мовай?

— Цяпер ужо розніцы амаль што няма, якую школу скончыў студэнт. Узровень падрыхтоўкі нівеліраваўся. Нават некаторыя выпускнікі правінцыяльных школ лепш падрыхтаваныя, чым мінчане. У першыя гады маёй выкладчыцкай дзейнасці прыкметнай была розніца. Выпускнікі школ з рэгіёнаў больш рыхтаваліся, каб быць паспяховымі. На экзаменах, шчыра кажучы, імкнулася не заўважаць некаторыя шурпатасці ў адказах студэнтаў з перыферыі.

— Мо вашай дабрынёй і карысталіся?

— Усяляк бывала. Асабліва ў час здачы экзаменаў завочнікамі. Аднойчы ўлятае студэнт у аўдыторыю і адразу з парога заяўляе, што ў яго сын нарадзіўся. Адказваю, што гэта цудоўна і прапаную білет. Узяў білет і дадае, што ён яшчэ перад экзаменам і ў аварыю трапіў, таму вельмі ўзрушаны. Адказваючы на пытанні, не мог адрозніць назоўніка ад дзеяслова. Пашкадавала яго і паставіла ў залікоўку тройку, а ў канцы экзамена стараста курса расказаў пра хлусню студэнта, у якога ніхто не нарадзіўся, і ўвогуле ён быў нежанаты.

— Але не толькі такія выпадкі запомніліся. Пэўна, больш станоўчага было?

— З прыемнасцю ўзгадваю многіх журфакаўцаў, якія гучна заявілі пра сябе ў творчай дзейнасці. І твая часцінка ўкладзена ў іх поспех. Мне пашчасціла кіраваць дыпломным праектам таленавітага студэнта Анатоля Пранішнікава. З першага знаёмства з іх курсам запомніўся ён выказваннем, што яго аднафамілец вядомы вучоны-аграрый Пранішнікаў. Адно задавальненне было кіраваць дыпломнай працай Анатоля. На памяць мне ён падарыў вечны каляндар, які распрацаваў яго сын Мікіта. За творчасцю Пранішнікава сачыла і радавалася яго поспехам. Ён быў ініцыятарам стварэння газеты “7 дней”, працаваў першым намеснікам галоўнага рэдактара ў “Сельской газете”.

— Ангеліна Аляксандраўна, вы, акрамя лекцыйных заняткаў, на працягу пяці гадоў былі намеснікам дэкана замежнага аддзялення і амаль два дзесяцігоддзі намеснікам дэкана факультэта журналістыкі. Як вас на ўсё ставала?

— Ад маці перадаліся ў спадчыну гены быць заўжды занятай справай. Многае далі і настаўнікі, на якіх мне шчасціла. У нашай падмаскоўнай школе выкладалі сапраўдныя геніі. Даволі лёгка даваліся заняткі ў Серпухаўскім педвучылішчы, якое закончыла з адзнакай, і як узнагароду атрымала разавы пропуск на ўваход у Маўзалей Леніна і Сталіна.

У сваёй методыцы выкладання выкарыстоўваю манеры цудоўнай настаўніцы рускай мовы Веры Аляксандраўны Бурмістравай, якая мудра настройвала адчуваць слова, беражліва ставіцца да выкарыстання займенніка, каб не загрувастваць стыль пісьма. 

На пасадзе намесніка дэкана факультэта пастаянна імкнулася ўвасабляць новыя методыкі навучання. Падтрымлівалі сувязі з факультэтамі журналістыкі Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага, Кіеўскага і іншых дзяржаўных універсітэтаў. Арганізоўвалі навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам вучоных нашай краіны і замежжа.

Больш як дзесяць гадоў таму ў нашым універсітэце пачалі рыхтавацца да ўступлення ў Балонскі працэс — збліжэння і гарманізацыі сістэмы адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая прызвана стымуляваць канкурэнтаздольнасць, ствараць магчымасці для мабільнасці студэнтаў і іх далейшага працаўладкавання. Прыемна, што сёлета на майскай канферэнцыі ў Ерэване Беларусь прынята ў Балонскі працэс. Але гэта, як адзначыў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў, не абазначае поўную ідэнтычнасць сістэмы адукацыі, а рашэнні Балонскага працэсу можна выкарыстоўваць як парады. Сярод перспектыўных змяненняў — уніфікацыя спецыяльнасцей, дапаўненне да дыплома аб вышэйшай адукацыі па еўрапейскім узору і распрацоўка дакументаў, па якіх стажыроўку ў замежных вышэйшых навучальных установах нашым студэнтам будуць залічваць дома.

— І не толькі гуманітарыі, але і будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі атрымаюць больш шырокую магчымасць вучыцца і працаўладкоўвацца.

— Безумоўна. Таму мы так рупіліся за ўваход у Балонскі працэс. Апошнім часам значна змянілася карціна свету. Сённяшнія студэнты зусім іншыя, як тыя мае першыя студэнты-армейцы. Любую інфармацыю можна атрымаць па інтэрнэце. Але калі весці размову пра вузкі прадмет, то, на жаль, сучасная моладзь менш падрыхтавана да практычнай журналістыкі. Меней чытаюць класічнай літаратуры. У адным з інтэрв’ю расійскі пісьменнік Уладзімір Вайновіч адзначыў, што ў СССР усіх штурхалі да кніг і людзі шмат чыталі. Маладыя мала цікавяцца літаратурай. Атрымліваецца супярэчнасць: у моладзі ёсць доступ да ўсёй інфармацыі, але агульная падрыхтоўка жадае лепшага. У наш час немагчыма ахапіць усю інфармацыю. Задача выкладчыкаў вучыць карыстацца новымі тэхналогіямі і адбіраць патрэбнае, каб не патануць у інфармацыйным патоку. Як кажуць, кожнаму часу — свае песні.

У мастацкай літаратуры з’яўляюцца новыя імёны. У вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах павінны правільна накіроўваць студэнтаў, і ў школах вучням трэба дапамагаць арыентавацца ў жыцці. А для гэтага педагогам неабходна  самім пастаянна руку трымаць на пульсе часу.

— Важна ўмела выхоўваць культуру зносін.

— Гэта важна не толькі для будучых журналістаў, але і для кіраўнікоў гаспадарак, галоўных спецыялістаў. Каб у іх быў багаты моўны запас. На дыктоўцы ў студэнтаў пытаю, ці ўсе словы зразумелыя. Такога раней не было. Вельмі абмежаваная мова ў маладых, што выклікае заклапочанасць. Класічную літаратуру трэба не забываць. Зараз перачытваю творы рускага пісьменніка Мікалая Ляскова. Сапраўдная моўная крыніца.

Пасля пераезду ў беларускую сталіцу, куды айчыма накіравалі на працу, я паступіла ў Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Горкага, дзе трэба было вывучаць беларускую мову. Каб асвоіць яе, слухала Беларускае радыё, дні напралёт праводзіла ў Ленінскай бібліятэцы, дзе чытала ў арыгінале Янку Купалу, Кандрата Крапіву, Міхася Лынькова. Па-беларуску ў інстытуце дыктоўкі пісала граматна, але размаўляць ніяк не атрымліваецца. Пэўна, гэта на генным узроўні.

— Ангеліна Аляксандраўна, не толькі ў Беларусі вы выкладаеце сучасную рускую мову, а і за мяжой вас ведаюць як выкладчыка. Дзе атрымлівалі большую асалоду ад працы?

— Асалода тады, калі вучні хутка засвойваюць матэрыял. Мне даводзілася выкладаць рускую мову для настаўнікаў у Македоніі і ГДР. Лёгка і прыемна працавалася там. Крыху складаней было ў Лондане, куды мяне двойчы запрашалі выкладаць рускую мову для жадаючых асвоіць яе. Як выдаваўся вольны час, знаёмілася з культурай гэтых краін. Там шмат цікавага ўбачыла.

— А якое ваша першае ўражанне было ад Беларусі, у якую вы пераехалі зусім маладой?

— Усе мы жылі ў СССР, і здавалася, што ва ўсёй прасторнай краіне ўсё аднолькава. А як пачула ў Мінску па радыё беларускую мову, а потым і ад суседа па камунальнай кватэры Алеся Галубца, то адчула розніцу паміж Падмаскоўем, дзе вырасла, і беларускай сталіцай. Першыя гады кожную суботу садзілася на цягнік і ехала ў Маскву на выхадныя, а ўжо вечарам там сумавала па Мінску. Думала вярнуцца назад у Падмаскоўе. Але потым усё стала на свае месцы. На факультэце журналістыкі маімі найлепшымі сябрамі сталі беларускамоўныя выкладчыкі Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі, Сцяпан Мітрафанавіч Грабчыкаў, Мікола Рыгоравіч Каваленка.

А пасаджаным бацькай стаў універсітэцкі выкладчык Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка, дзякуючы якому мой будучы муж трапіў пасля кубінскай камандзіроўкі, дзе ён быў перакладчыкам у саветніка па сельскай гаспадарцы Фідэля Кастра, на працу ў Мінск. Тут мы з Анатолем Рудэнкам пазнаёміліся і неўзабаве згулялі вяселле. Муж лічыў мяне шчаслівым чалавекам, таму што я ўсю сябе аддаю любімай працы. Шмат мне дапамагаў у падрыхтоўцы да заняткаў.

— Вашы пажаданні сённяшнім і былым  студэнтам?

— Слухаць саміх сябе і любіць сваю мову, шанаваць слова. Чытаеце розныя абвесткі, зазірніце ў сутнасць слоў, не палянуйцеся зрабіць свой славарны аналіз. Перш чым прамовіць штосьці, спачатку падумайце, “як ваша слова адзавецца”.

— Шаноўная Ангеліна Аляксандраўна, дазвольце напярэдадні Вашага юбілею выказаць самыя шчырыя словы падзякі за Вашу шматгадовую працу на ніве адукацыі, і няхай далей доўжыцца ваш век!

Уладзiмiр СУБАТ

Фота з сямейнага архіва Ангеліны РУДЭНКА

P.S. Усе супрацоўнікі «СГ» — выпускнікі журфака і вучні Ангеліны Аляксандраўны —  далучаюцца да слоў і пажаданняў свайго калегі!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?