Пасля кіназдымак фільма і нашэсця знакамітых артыстаў вяскоўцы не прададуць яго ні за якія грошы

I на хутары Каймiна Горная белыя росы

Пасля кіназдымак фільма і нашэсця сюды знакамітых артыстаў вяскоўцы не прададуць яго ні за якія грошы

Кайміна Горная

Цiхi хутарок Кайміна Горная нібыта баравік прытаіўся на пагорку сярод густога бору і чыстага, як чэрвеньская раса, возера. Тры даволі яшчэ моцныя драўляныя хаціны глядзяцца вокнамі ў воднае люстэрка. Кожную вясну вяртаюцца з выраю буслы да свайго гнязда на разгалістым векавым дубе. Адсюль да старажытнага Вільнюса рукой падаць. Яшчэ два дзесяцігоддзі таму па бальшаку з раніцы да вечара імчалі аўтобусы да літоўскай сталіцы. Беларуская, руская і літоўская мовы ў гэтых памежных мясцінах моцна перапляліся. Назва хутара пайшла ад літоўскага «каймінас» — сусед. Паўвека таму суседнічалі каля ляснога возера дзесяць вясковых падворкаў, у якіх жылі сем’і Міхновічаў, Грахоўскіх, Вайнілкаў, Лосяў, Салаўёў. Час раскідаў людзей па свеце, і засталіся на хутары толькі тры вялікія даміны. Гэты куточак стаў здымачнай пляцоўкай кінафільма «Белыя Росы. Вяртанне», сцэнарый якога, як працяг вядомага брэнда «Беларусьфільма» «Белыя Росы» кінарэжысёра Ігара Дабралюбава, яшчэ дванаццаць гадоў таму напісаў беларускі драматург Аляксей Дудараў. Творчая група «Беларусьфільма» на чале з рэжысёрам Аляксандрай Бутар і кінааператарам Алегам Гірэлем узялася за раскрыццё на экране тэмы вяртання да родных вытокаў.

— Шукалі мясціны некранутай прыроды, — адзначае кінарэжысёр Аляксандра Бутар. — Па карце прыглядаліся да азёрных краёў, якімі багата паўночная частка Беларусі. Чарада Блакітных азёр, што непадалёку ад беларускай жамчужыны — Нарачы — і далей цнатлівыя Сарачанскія азёры. Некалькі тыдняў вандравалі сярод казачнай чароўнасці і спыніліся на маленькім астравецкім хутарку ў памежнай з Літвой зоне, дзе ў азёрнай сіні зоры купаюцца.

Кайміна Горная
На гэтым хутарскім падворку здымаліся асноўныя сцэны фільма «Белыя Росы. Вяртанне».

Збылася мара Аляксандры Бутар — вытворчасць фільма «Белыя Росы. Вяртанне» паспяхова завершана, і прэзентацыя яго ў сталічным кінатэатры «Кастрычнік» прайшла з аншлагам. Ён дэманструецца ў перапоўненых кіназалах Мінска па некалькі сеансаў на дзень. Пракат паступова раскручваецца. Пасля прагляду стужкі ў кінатэатры «Беларусь» пацікавіўся ў білецёра, што па некалькі разоў на дзень па службе глядзіць яе і амаль на памяць ведае дыялогі акцёраў, ці крануў фільм?

— Няма даражэй на свеце роднага кутка, — пачуў у адказ. — Я, як і герой Андрэй Ходас, вёску не пакідаю. У Мінск езджу на працу. Дом, які мне застаўся ў спадчыну, ні за якія грошы не прадам.

Асаблівасць сапраўднага класічнага твора ў глыбокім абагульненні. Глядзіш на нетаропкага Андрэя Ходаса, вобраз якога ўвасобіў артыст Юозас Будрайціс, і міжволі адчуваеш яго сялянскую кемлівасць і прастату. Ніякія грошы яго не спакушаюць. Павольна крочыць сівабароды хутаранін сярод чаруючай прыазёрнай прыгажосці, у якой ён арганічны.

Прагляд фільма запаліў жаданне зазірнуць у мясціны, дзе ён здымаўся. Некалькі гадзін на цягніку да чыгуначнай станцыі Гудагай і яшчэ паўсотні кіламетраў у глыбінку Астравецкага раёна. Звілістая стужка асфальтаванай дарогі віляе сярод асенніх пейзажаў сцішаных палёў і лугоў, пачарнелых асіннікаў у перамежку з зялёнымі хваёвымі астраўкамі. Пужлівая лань здзіўлена пазірала з лясной паляны, у прыдарожных канавах тырчэлі зрэзаныя вострымі зубамі баброў асіны. Вялікі гурт грацыёзных лебедзяў жыраваў на руні. А на шырокім полі ракатаў адзінокі трактар «Беларус», варочаючы магутнымі плугамі пласты зямлі.

Кайміна Горная

З шасэйнай дарогі да хутара Кайміна Горная збочвае гравейка. Непадалёку ад яе ёсць і Кайміна Дольная. Першае, што кідаецца ў вочы ў Кайміне Горнай, высокі дуб на крутым пагорку з буслянкай на вершаліне. Суседнічае з векавым дрэвам прасторная хаціна. У яры, перад самым возерам, прытуліліся яшчэ дзве ладныя хаты. Дзве сібірскія лайкі і тры дварняжкі ахоўваюць хутар ад нязваных гасцей. Кароў, коней, авечак, свіней і розную птушку раней трымалі хутаране. Цяпер толькі чубатыя пеўні важна водзяць пярэстых кур па крутабокіх падворках. Здзічэлыя старыя яблыні дажываюць у лагчыне.

Апошнія паўвека ў трох прасторных хатах гаспадарылі вялікая сям’я Васілеўскіх,  хутаранкі Люцыя і Наталка. Сямёра дзяцей калгаснага конюха Адольфа Салаўя і яго жонкі Актавіі Янаўны ляснымі сцежкамі дабіраліся ў школу. Хутаран кармілі лес, возера і невялікія лапікі зямельных надзелаў сярод густога бору.

Птушкамі разляцеліся дзеці па свеце. Малодшы Іван застаўся з аўдавелай рана маці. Старэйшыя прыязджалі дапамагаць нарыхтоўваць сена, дровамі запасацца, агарод даглядаць і з сабою нешта ўвозілі. Брат Чэслаў адпрацаваў шмат гадоў трактарыстам у літоўскім калгасе, але асеў у астравецкай вёсцы Белая Вада, а Станіслаў — у суседніх Спондах. Мечыслаў ужо на пенсіі і гаспадарыць каля вядомых Тракайскіх азёр, дзе мае сенажаць, поле і нават некалькі гектараў лесу. Андрэй уладкаваўся ў літоўскай сталіцы. Данута пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута засталася ў сваім раёне. Самая малодшая Гануля пасля вучобы ў Полацкім медвучылішчы фельчарам вярнулася ў Кайміну Горную, дзе яе і ўсватаў Уладзімір Васілеўскі з суседніх Горшавіч, што дугою агібаюць лясное возера.

Анюта ВАСІЛЕЎСКАЯ
Адзіная карэнная хутаранка Анюта ВАСІЛЕЎСКАЯ.

Пра гэта шчыра расказвала адзіная карэнная хутаранка Анюта Васілеўская, якая працуе фельчарам у суседняй вёсцы Спонды. Трое маленькіх унучак гулялі з ёю па дагледжаным падворку, што ўзвышаецца над азёрнай гладдзю. Пустуюць некалі перапоўненыя жывёлай хлявы. Побач з імі збудавалі склеп, дзе захоўваецца ўвесь правіянт. Удваіх у некалі цесным для вялікай сям’і доме засталіся гаспадыня Анюта з мужам Уладзімірам. Дачка Алена атрымала дыплом зааінжынера ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым універсітэце і працуе непадалёку. Аксана закончыла медвучылішча і БДУ. З сям’ёй жыве ў сталіцы. Зараз у дэкрэтным адпачынку — чакае прыбаўлення. З маленькай дачкою гасцююць на хутары.

— З вялікай сям’і Салаўёў папоўніла я яшчэ большую дружную сям’ю Васілеўскіх, — узгадвае Анюта Адольфаўна. — Свякроў прыняла мяне па-мацярынску. З дзесяці гадоў я расла без бацькі, і муж Валодзя таксама рана асірацеў. Пасля вяселля мы засталіся жыць на хутары і так ужо амаль трыццаць гадоў разам. Свякроў не забываем, наведваем. У жніўні Камілію Іванаўну віншавалі з 85-годдзем. Дзевяць дзяцей яна выхавала. Прыехалі на святкаванне амаль усе сыны і дочкі з нявесткамі і зяцямі, унукамі і праўнукамі.

Юбілейным будзе наступны год для Анюты Адольфаўны. Добрая нагода сабрацца разам на бацькоўскім хутары. Толькі няма ўжо ў жывых малодшага брата Івана. Да юбілею загадзя рыхтуюцца Васілеўскія. У вольны ад працы ў лясніцтве час гаспадар пераабсталёўвае хату. Былую вараўню, дзе захоўвалі бульбу, гародніну, мяса, сала, перарабляе ў кухню. Усталяваў газавую пліту. Балоны па заказе дастаўляюць з райгаза. Прабіў свідравіну і ваду ў хату правёў, усталяваў душавую кабіну.

— Раней у возеры бралі ваду і купаліся, і бялізну паласкалі там, — працягвае Анюта Адольфаўна. — Парыліся ў лазні. На нашым хутары ёсць і студня з вельмі смачнай вадой. Хто не паспрабуе, усе хваляць. Азёрная вада таксама добра смагу наталяе, нават крыху мякчэйшая, чым калодзежная.

— Улетку прама з ложка можна ісці купацца ў возеры?

— Родзіч з Польшчы адпачываў, і яму даспадобы ўсё прыйшлося. Яшчэ ў сярэдзіне верасня ныраў у возера. Гадзінамі на беразе натольваўся цішынёю. Бліноў напяку, і ён нават іх не падаграваў, а са смакам уплятаў. Грыбамі частавалі яго.

— Мясціны навакольныя багатыя на прыродную даніну?

— Таму і не пакідаем хутар, што тут усё для чалавека. Рыба, зверы, ягады, грыбы. Толькі не лянуйся. Маці перад Новым годам звычайна вазіла на вільнюскі базар грыбы, журавіны. Усёй сям’ёй збіралі, зараблялі на жыццё.

— Анюта Адольфаўна, а як даведаліся пра ваш хутар на кінастудыі «Беларусьфільм»?

— У Інтэрнэце мы далі абвестку на продаж хутарскога дома бабулі Люцыі, якую я даглядала і пахавала. Яна была адзінокая. Гэта абвестка і прывяла сюды ляснічага Войцеха Лукашэвіча з кіназдымачнай групай. Аглядалі яны суседнія хутары Тумкі і Падліп’е. Да нас завіталі на другі дзень Вялікадня. Мы накрылі стол на двары каля дуба, пачаставалі велікоднымі яйкамі і прысмакамі. Потым прыехалі дэкаратары і пачалі абсталёўваць здымачную пляцоўку. Паздымалі нашы агароджы і паставілі бутафорныя. Першыя здымкі пачалі ранняй вясною, калі яшчэ не было зеляніны, асноўныя — у другой палове мая, калі ўсё буяла і квітнела. Хутар кіпеў. Столькі машын наехала. Унізе, каля возера, стаялі магутныя генератары, што выраблялі электраэнергію. На нашым падворку за доўгім сталом удзельнікі здымачнай групы харчаваліся. Для нас здымкі фільма былі незабыўнай падзеяй. Калі сустрэлася каля сваёй хаты з вядомым акцёрам Юозасам Будрайцісам, ледзьве не анямела.

— На ваш двор не заходзіў?

— Сустрэліся мы паміж нашымі трыма хутарскімі дамамі. Папрасіла дазволу сфатаграфавацца разам. Стрымана інтэлігентны. Перад ім здымачная група трымцела, хадзіла па пятах. За нашым падворкам стаялі аўтамашыны, і ён там спыніўся. Размаўляе з акцэнтам. Запомніла яго словы, што радзіма не прадаецца ні за якія грошы. Нам ён казаў, што тут, як у раі, прыгожа, ціха, спакойна.

— Хто з артыстаў вам яшчэ запаў у душу?

— Пасябравалі з Віктарам Манаевым, Паўлам Харланчуком, Андрэем Мерзлікіным, Сяргеем Жбанавым, Яўгенняй Жуковіч. З цікавасцю назірала сцэну, дзе актрыса ў ролі нямой дзяўчынкі прытуляецца да старога Ходаса, ролю якога выконваў Юозас Будрайціс. Толькі некалькі разоў прыязджала на здымкі маскоўская актрыса Ірына Каўрыга-Ягорава, але вель- мі запомнілася. Асабліва сцэна сустрэчы нямецкай фрау, якая некалі была жонкай Ходаса, каля веснічак. Надзвычайна прывабная і вяла сябе нібыта не кіно здымаюць, а на самой справе ўсё адбываецца. Нам расказалі, што, згодна са сцэнарыем, яна з гэтых мясцін і была замужам за нямецкім алігархам, аўдавела і стала паўнапраўным партнёрам бу- даўніцтва забаўляльнага цэнтра на месцы хутара. А яе былы муж Андрэй Ходас не пакінуў хутар. Калі яна з ім сустрэлася праз гады, адчула, што тут самае дарагое ў яе жыцці. Столькі людзей на яе пазіралі на здымках, а яна вяла сябе, быццам нікога побач, акрамя Ходаса, не было.

Ілона АПРЫШКА
Ілона АПРЫШКА з дачкою Міколь—будучай гаспадыняй хутара.

— Я запрашала Ірыну Каўрыга-Ягораву ў хату, і нават дапамагала перапранацца, — далучаецца да размовы хутаранка Ілона Апрышка. — Яна расказала мне, што ў пачатку фільма іграла ролю Кобры, а тут была ўжо іншая задача. Мы нават з ёю пасмяяліся, што якая ж з яе кобра.

— На хутары ўстаём раненька, але калі здымалі світанак, я амаль не спала, — узгадвае Анюта Васілеўская. — Світала, і кінааператар усё паварочваў аб’ектыў то на ўсход, то на нашу кладку і масток. Апаратуру яны рыхтавалі з вечара. Заход сонца замінаў здымаць высокі лес, таму ездзілі на другі бок возера.

На здымках сцэны пажару я працавала фельчарам, і нават ганарар атрымала. У фільме наша лодка, этажэрка са шпулек, веласіпед і стары чамадан, які дастала з гарышча. Некалі з ім на вучобу ездзіла. Гадоў трыццаць праляжаў і спатрэбіўся.

— Віктар Манаеў так грохнуўся з гэтым чамаданам, што мая печ ледзь не развалілася, — смяецца хутаранка Ілона. — Вясёлы, паважлівы. Яго я ведаю па фільму «Павадыр». Вельмі шкада, што не ўбачылі на хутары Мікалая Карачанцава.

Калі ў жніўні прыехалі здымаць сцэну гуляння, на дварэ не сціхаў дождж, і паміж здымкамі акцёры у маёй хаце частаваліся кавай. Была нагода нават прыгубіць і больш моцны напой. Якраз маёй меншанькай Міколь споўніўся гадок.

А фінальную сцэну, калі ўсе героі фільма сабраліся на хутары і глядзяць у неба, дзе кружыў бусел, здымалі цёплым майскім днём з высокага крана. Камера плыла над героямі, якія віталі вяртанне белакрылага птаха. Ён лятаў у гняздо на дубе, нібыта спецыяльна пазіра- ваў аператару Алегу Гіралю.

— Адна супрацоўніца здымачнай групы прыехала з дзеткамі, і мы з ёю па вечарах пілі гарбату, — дадае Анюта Адольфаўна. — Яе дзеткі равеснікі маіх унучак і такія смелыя. Насілі ў руках жабак, цвыркуноў, матылёў. Хадзілі басанож і спалі на траўцы. Я хвалявалася, каб хаця якую гадзюку ці вужаку не ўзялі ў рукі.

— Водзяцца яны на хутары?

— Ды яшчэ колькі. Толькі і глядзі пад ногі, каб не наступіць на хвост. Вужы па возеры плаваюць. Таму і буслоў у нас многа — ёсць чым карміцца. На высокіх дрэвах, слупах гняздзяцца. Вось як на нашым дубе спрадвеку буслянка. Пад ёю куфар на ланцугу прыладзілі для казачнасці.

— У фільме бусел гняздзіцца на коміне.

— Дзе вы бачылі, каб яны гняздзіліся на коміне хаты. Гаспадары не дазволяць такога. Куды дым дзявацца будзе? Звычайна буслянкі на краю даху. Часцей на высокіх адзінокіх дрэвах ці слупах. На металічных воданапорных вежах гняздзяцца буслы.

— Рэквізітары прывезлі сплеценую буслянку і хацелі яе ўсталяваць на коміне майго дома, — удакладняе Ілона Апрышка. — Я перарабіла гэту пляцёнку, прыблізіла вонкава да сапраўднай буслянкі з галінкамі, шматкамі саломы і травы. Такой яе і прыладзілі на коміне. А колькі разоў рэквізітары перафарбоўвалі дзверы ў маю хату! Нават у фільме гэта відаць. У першых сцэнах яны фіялетавыя, а ў канцы ўжо іншыя. Прывезлі прычэп колатых дроў і склалі сярод двара ў круглы касцёр. А потым раскідвалі і зноў складалі. А ўрэшце пакінулі невялікую горку дроў і сякеру на калодцы. Мы за ўсімі здымкамі з цікавасцю назіралі, бо ўпершыню бачылі, як здымаецца кіно. У мяне трое дзяцей, і былі моманты, што мы паўдня не маглі з хаты выйсці, каб не замінаць артыстам.

З імі імкнулася гаварыць па-руску, але міжволі ўжывала хутарскія словы. У Паўла Харланчука, які пісаў пажаданне маёй дачушцы на дзень нараджэння, спытала, а на якой мове ў жыцці гаворыць, і пачула, што імкнецца размаўляць па-беларуску.

— Ваш хутар пасля здымак фільма стаў вядомым.

— Мы гэта адчулі. Паступаюць прапановы прадаць хату, і грошы вялікія даюць. Але, як сказаў галоўны герой фільма Андрэй Ходас, без любві чалавек не існуе. Любоў да бацькоўскай хаты грашыма не вымяраецца. Цяпер мы будзем ганарыцца, што наш хутар так праславіўся. Кіно знята. Нам абяцалі дыскі падарыць і на прэм’еру запрасіць, але чамусьці забыліся. А дыскі, можа, яшчэ атрымаем. У рэкламных роліках на тэлебачанні адзначаецца пра здымкі фільма ў Мінску, а пра Кайміну Горную ні слова. Як у Максіма Багдановіча, толькі надпіс застаўся на плоце «Белыя Росы-2».

— Як на хутары можна бавіць час позняй восенню, калі ўсё навокал замірае?

— Клопатаў хапае, — лічыць Анюта Адольфаўна. — Яшчэ не ўсе кветкі прыбраны. Вяргіні трэба перабраць, гладыёлусы ўпакаваць на зімовае захоўванне, ружы і вінаград абрэзаць і торфам з хваёвымі лапкамі ухутаць ад маразоў. Нават у кастрычніку збіралі грыбы. Год грыбны быў. Баравікі раслі на дварэ пад дубам. А колькі ягад было ў лесе: суніцы, чарніцы, брусніцы, і зараз на імхах ззяюць чырванню журавіны.

— Хто пасля вас будзе тут жыць?

— Спадзяюся, што мая меншая Міколь застанецца. Таксама, як і я, вярнулася ў дом маёй бабулі Наталкі, — разважае Ілона Апрышка. — Цяпер дабірацца сюды можна на машыне. Раней зімой так замятала, што муж Гена ледзьве прабіраўся на лыжах па хлеб у Спонды.

— Дзяцей у школу сталі вазіць аўтобусам, — удакладняе Анюта Васілеўская. — А мае дзяўчаты праз сумёты дабіраліся. Таму я іх у горад імкнулася выправадзіць. Дачка Алена ўсё ж засталася ў вёсцы. Не можа без зямлі, і цягне яе хутар. І ўнучкам тут добра.

Астравецкі раён

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter