Маладая віцебская мастачка марыць здзівіць свет шакаладнымі карцінамі

І Мона Ліза на дэсерт

Па шакаладным палатне шакаладнымі фарбамі... Скажаце, мроі ласуна? А вось і не! Менавіта так Наталля Цапук стварае адмысловыя аўтарскія сюжэты, а таксама копіі шэдэўраў сусветнай класікі. Маладая віцебская мастачка, а таксама яе калега, член Саюза дызайнераў Беларусі Таццяна Голубева, — найбольш значныя на Беларусі майстры, якія першымі асвоілі ўнікальную тэхніку шакаладнага жывапісу.

Арыгінальны падыход да мастацтва крэатыўных віцяблянак выклікаў асаблівую ўвагу і цікавасць пасля адкрыцця ў Віцебску першага ў краіне Музея шакаладу некалькі гадоў таму. На жаль, папулярная ў гараджан і гасцей абласнога цэнтра ўстанова была зачынена. Аднак мастачкі працягваюць плённа працаваць у гэтым напрамку. 

Фота з сямейнага архіва Наталлі Цапук

Наталля Цапук падзялілася творчымі планамі, поглядамі на жыццё і мастацтва:

— Маляваннем захапілася з пяці гадоў. Закончыла дзве мастацкія школы ў Віцебску. Працягвала адточваць майстэрства, шукаць свой творчы почырк падчас вучобы на дызайнера ў тэхналагічным універсітэце. Бацькі, хоць самі і не маюць дачынення да мастацтва, заўжды падтрымлівалі мой выбар, і за гэта ім вельмі ўдзячная. Мяне з дзяцінства зачароўвалі сямейныя гісторыі пра знакамітага прадзядулю — вядомага ў нашым горадзе мастака Ісака Зельдзіна. Дарэчы, яго сын Раман — мой дзед — таксама звязаў жыццё з мастацтвам. У 2016 годзе жыхары і госці нашага горада маглі пазнаёміцца з іх творчымі здабыткамі на выставе “Бацька і сын” (жывапіс і графіка) у Мастацкім музеі. Таму я, можна сказаць, паслядоўнік дынастыі. Ісак Зельдзін быў вучнем знакамітага Юдаля Пэна і сябраваў з Маркам Шагалам. Малады геній быў частым госцем у доме нашай сям’і. Вядома, што прадзядуля ўдзельнічаў у афармленні горада да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, маляваў па эскізах Шагала лозунгі і плакаты. Усё яго жыццё звязана з Віцебскам, дзе ён працаваў мастаком-афарміцелем, а ў вольны час пісаў для душы, галоўным чынам родныя краявіды, ваколіцы горада. Яго працы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і абласнога краязнаўчага музея. Карціны, якія прадзядуля прысвячаў родным і блізкім людзям, знаходзяцца ў нашай сямейнай калекцыі. Яны для мяне таксама пуцяводная зорка ў свет мастацтва.

Да творчых эксперыментаў з шакаладам Наталля далучылася выпадкова. Яшчэ ў студэнцкія гады таленавітую дзяўчыну запрасілі паўдзельнічаць у “Ночы музеяў”, якая праходзіла ў Мастацкім музеі, дзе на заказ малявала партрэты гасцей. Наталля  не паспявала адкладаць алоўкі і мальберт. Ужо пасля першага партрэта да яе стаяла цэлая чарга. Супрацоўнікі ўстановы, заўважыўшы такую прыхільнасць людзей да працы Наталлі, папрасілі пакінуць кантакты. Мастачка ўпэўнена, што тая самая ноч і стала шчаслівым квітком да творчых вышыняў:  

— Праз некаторы час мне патэлефанавалі і прапанавалі паўдзельнічаць у незвычайным праекце, які вырашыў увасобіць вядомы ўкраінскі шакалацье. Па яго задумцы група крэатыўных мастакоў і кандытараў павінна была стварыць выставу карцін і скульптур з шакаладу. Над праектам працавалі тры месяцы. Экспазіцыя была прадстаўлена гасцям Віцебскага музея шакаладу, а пасля паспяхова  “праехала з гастролямі” па многіх гарадах Беларусі.

Шакаладнае мастацтва Наталлю не на жарт паглынула. Зараз дзяўчына ў складзе іншай творчай каманды прымае ўдзел у новым праекце, канцэпцыя якога — стварэнне копіі шэдэўраў сусветнага жывапісу з шакаладу ў арыгінальным фармаце. Удзельнічае ў ім таксама калега і зямлячка Наталлі Таццяна Голубева.  Вынікі сваёй працы мастачкі плануюць прадставіць у сталіцы, а затым “шакаладная галерэя” накіруецца ў турнэ па Еўропе. Наталля ўсіх сакрэтаў стварэння салодкіх рэпрадукцый раскрываць не стала, але запэўніла, што кожнай такой карцінай сапраўды можна добра падсілкавацца пад кубачак духмянай гарбаты ці кавы:

— Якасны шакалад заказваем з Італіі. Для стварэння палітры выкарыстоўваем натуральныя харчовыя фарбавальнікі. Зараз у маёй калекцыі 25 рэпрадукцый вядомых карцін. Гэта копіі самых знакамітых шэдэўраў такіх мэтраў, як Мадзільяні, Далі, “Дзяўчына з жамчужнай завушніцай” Вермеера і іншыя. У сваіх копіях мы перадаём не толькі стопрацэнтнае падабенства да арыгінала з захаваннем памеру палатна, але і тэхніку майстра. Напрыклад, ідэальна гладкія палотны і выразнасць ліній мастакоў эпохі Рэнесансу, і наадварот, шырокі “нядбайны” мазок экспрэсіяністаў. Візуальна адрозніць шакаладную копію ад арыгінала могуць, бадай што, толькі прафесійныя эксперты. 

Мастачка з задавальненнем піша шакаладныя карціны на заказ. Часцей за ўсё да яе звяртаюцца людзі, якія хочуць зрабіць сваім блізкім арыгінальныя падарункі. Напрыклад, здзівіць на дзень народзінаў сябра ці сваю  палавінку шакаладным партрэтам.

Як і большасць дзяўчат, Наталля не супраць і сябе  папесціць  самым папулярным дэсертам, хоць пасля шматгадзіннай працы над чарговай карцінай ад водару шакаладных фарбаў нават трохі кружыцца галава. Пра лішнія калорыі пры гэтым не задумваецца, бо з’яўляецца апантанай  прыхільніцай здаровага ладу жыцця, сур’ёзна займаецца фітнесам, паўтара года працавала трэнерам-інструктарам у фітнес-клубе. А яшчэ вялікая прыхільніца велапрагулак. Двухкалёсны сябар замяняе ёй грамадскі транспарт. Вось і на нашу сустрэчу мастачка прыехала менавіта на ім.  У свой час захапілася майстэрствам  татуіроўкі. Яна ўпэўнена, што нанясенне тату — таксама архаічнае мастацтва, дзе палатном выступае чалавечае цела. У той жа час не разумее моладзь, якая прагне размаляваць сябе, імкнучыся ўслед за моднымі трэндамі:

— Часта многія  не ведаюць, для чаго ім патрэбен знак на целе. У такім выпадку пераконваю, што тату — не даніна модзе ці частка вобраза, а сімвалічны  знак важнай падзеі ў жыцці, прыналежнасці да чаго-небудзь або абярэг. Да гэтага кроку трэба ставіцца сур’ёзна.

Наталля Цапук катэгарычна адмаўляе стэрэатып, што паспяховай жанчыне і творчай асабе цяжка адначасова будаваць кар’еру і асабістае жыццё:

— Я — шчаслівая жонка і маладая мама. Дачцэ Хрысціне — 6 месяцаў. Сямейныя клопаты не перашкаджаюць працы, а блізкія людзі — для мяне галоўныя суддзі і крытыкі. Часам і іх далучаю да сваёй творчасці, а найбольш прадуктыўна працую ноччу. Таксама, як і ў майго прадзядулі, у мяне вельмі трапяткія пачуцці да роднага Віцебска. Вось толькі лічу, што не хапае гораду, над якім літаральна лунае дух творчасці, бурлівага жыцця, драйву, хоць, магчыма, і ў яго мернасці ёсць сваё хараство. Аднак я сама па натуры — чалавек-горад, пастаянна ў руху, і нават адпачынак па-за межамі мітуслівага і шумнага ўрбана — не для мяне. Падчас “Славянскага базару” Віцебск нібы прачынаецца ад спячкі, а потым зноў заціхае, да наступнага форуму. Мне пашанцавала знайсці сябе ў мастацтве. Мару стварыць імя, вядомае не толькі ў Беларусі, быць годнай тых выдатных і таленавітых людзей, якіх падарыў свету Віцебск.

andryxxxz@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter