I мацярынскi чуецца напеў

19 студзеня ў актрысы Таццяны Мархель — прыгожы юбілей

Найбольш выразна актрыса Таццяна Мархель увасабляе нацыянальны характар

Народная артыстка Беларусі, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна МАРХЕЛЬ прыкметна вылучаецца ў шэрагу айчынных майстроў мастацтва. Больш чым за 20 гадоў творчага жыцця на сцэне і ў кіно ёю створана яркая галерэя выдатных і розных вобразаў. Але ўсё ж асабліва запамінальнымі атрымліваюцца ў яе ролі простых жанчын з народа. Менавіта ў гэтых гераінях найбольш выразнаўвасабляецца нацыянальны беларускі характар.

— Чаму так выходзіць? — спытала неяк Таццяну Рыгораўну.

— Дык я ж сама з вёскі (родам актрыса з вёскі Шпакоўшчын, Смалявіцкага раёна. — Аўт.), жыла сярод простых людзей і жыву, — адказала актрыса.

Між іншым вясковыя клопаты для яе — самая прыемная праца. У сезон на дачы такія грады разводіць — люба-дорага! Усе толькі дзівяцца: і як у гэтай артысткі ўсё расце?! А ў яе і часнок, і цыбуля, і бульба, і агуркі з морквай — словам, усё як мае быць. І даглядае сама.

А яшчэ, прызнаецца актрыса, многае для роляў яна ўзяла ад сваёй мамы, звычайнай сялянскай жанчыны, якой выпаў няпросты лёс застацца пасля вайны адной з трыма дзецьмі.

— Бацька загінуў пад Кёнігсбергам. Але мама не верыла. Усё чакала, спадзявалася, што вернецца. У вайну вёску нашу немцы два разы палілі, мы ў балоце ратаваліся. Калі хату адбудавалі, мама казала: «Дзеці, клічце ў комін бацьку, каб вярнуўся». І мы крычалі ў той комін. Я малая яшчэ зусім была. Я з 1939 года. Мама была чалавекам цікавым, таленавітым, спяваць вельмі любіла. Яна ўвесь час спявала, нават калі ёй было ўжо за 90 і яна жыла са мной у Мінску. Яна заспявае — і я з ёй, — успамінае Таццяна Мархель.

А спявае яна сама — заслухаешся! І не пераблытаеш ні з кім, бо так народныя песні не выконвае, бадай, ні адна з актрыс, да таго ж ведае іх, пачутыя яшчэ ў дзяцінстве, Таццяна Рыгораўна мноства.

Песні і голас Таццяны Мархель гучаць у многіх кінафільмах. З гэтымі песнямі, прадстаўляючы Беларусь, яна шмат дзе выступала за мяжой, нязменна выклікаючы цікавасць і захапленне публікі. А аднойчы ў Маскве іх слухалі нават у канцэртнай зале імя Чайкоўскага. Кампазітар Алег Янчанка ўключыў іх у сваю сімфонію «Белая Вежа»: гучалі частка сімфанічнага аркестра, хор, арган, народныя старадаўнія музычныя інструменты, цымбалы і беларускі аўтэнтычны спеў у выкананні Таццяны Мархель.

Можа, нямногія ведаюць, але ў артысткі яна трапіла не адразу. Пасля школы з чырвоным дыпломам закончыла фельчарска-акушэрскае аддзяленне медвучылішча. Далей — паступіла ў мінскі медінстытут. Але доктара з яе не вышла.

— Правучылася месяц ці два, гля-джу — не маё гэта, не падабаецца. Пайшла да дэкана — не хачу больш. Ён быў ашаломлены: вытрымаць такі вялікі конкурс і кінуць?! Адгаворваў. А я ў слёзы — не буду вучыцца ўсё роўна. І кінула. А на наступны год паступіла ў тэатральны. Вось тут ужо ўсё пайшло, як трэба. Такое цікавае жыццё пачалося! Я была ў захапленні, мне свет адкрыўся, — прыгадвае той цудоўны час Таццяна Мархель, хаця не абышоўся ён для вясковай дзяўчыны ў сталіцы і без складанасцей.

Сёння яе работы на сцэне адзначаны прэстыжнымі ўзнагародамі. Амаль пяць дзясяткаў роляў сыграна ў кіно i на тэлебачаннi. Яе любяць гледачы. Яе пазнаюць на вуліцах. Але знакамітай актрыса, па ўласным прызнанні, сябе не адчувае. Гаворыць, няма ніякай унутранай помпы, усё ў гэтым сэнсе спакойна.

— Можа, таму, што ўвесь час у тэатры, кіно я займаюся тым, што мне радасна, што для мяне натуральна, таму і раздутасці ніякай не трэба. Гэта ж, калі нечага не хапае, пачынаюць тужыцца, каб «произвести впечатление», — разважае актрыса.

19 студзеня ў Таццяны Рыгораўны прыгожы юбілей. Яна сустрэне яго ў родным тэатры, дзе з гэтай нагоды ладзіцца творчы вечар, сярод калег, сяброў, прыхільнікаў. Гледачы ўбачаць урыўкі са спектакляў і фільмаў, у якіх іграла актрыса. Абавязкова будуць цёплыя словы і шчырыя пажаданні, кветкі, апладысменты. І, напэўна, загучыць у выкананні Таццяны Мархель народная беларуская песня, без якой наўрад ці ў святочны вечар адпусцяць са сцэны гэтую незвычайна таленавітую і самабытную актрысу.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter