I хутчэй, i танней

На Гомельшчыне — 14 новых фургонаў для перавозкі хлеба

У вяскоўцаў Гомельшчыны з’явіцца дадатковая магчымасць набываць свежаспечаныя хлебабулачныя вырабы.

Іх будуць дастаўляць жыхарам сельскіх населеных пунктаў вобласці чатырнаццаць новых спецыяльных аўтамабіляў-фургонаў, прызначаных для перавозкі хлеба, якія толькі што атрымалі раённыя спажывецкія таварыствы Гомельскага аблспажыўсаюза. Гэта, без сумнення, выдатны навагодні падарунак адной з буйнейшых арганізацый Гомельшчыны, якая абслугоўвае вяскоўцаў. На набыццё спецтранспарту з абласнога бюджэту выдаткавана каля трох мільярдаў рублёў.

— Сёння мы небеспадстаўна выказваем словы ўдзячнасці кааператарам рэгіёна за дастаткова плённую, выніковую працу ў мінулым годзе, —адзначыў, уручаючы ключы ад спецаўтамабіляў лепшым вадзіцелям галіны, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Валянцін Барысенка. — Спадзяёмся, што на гэтым напрамку новыя аўто паспрыяюць калектывам спажыўкааперацыі ўдасканальваць якасць і формы паслуг у рознічным гандлі, паляпшаць свае эканамічныя паказчыкі.

Хлебныя фургоны «Белава», створаныя на шасі расійскай «газелі», па ацэнках спецыялістаў, на 35—40 працэнтаў больш эканамічныя, чым icнуючыя аўталаўкі ГАЗ, а значыць, дастаўка хлебабулачных вырабаў кааператыўнай вытворчасці, асабліва ў маланаселеныя і аддаленыя ад райцэнтра вёскі, стане менш затратнай. Як адзначыў у размове старшыня Гомельскага аблспажыўсаюза Васіль Смольскі, рэальныя перавагі тэхнічна абноўленай сістэмы абслугоўвання сельскія жыхары неўзабаве ацэняць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter