Сегодня определят финалистов конкурсного отбора на детское "Евровидение-2018"

І грымнуў хіт

Сёння адбудзецца фінал нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2018». Весці гала-канцэрт будуць Тэа і Вольга Рыжыкава. Адкрываць жа яго даверана Хелене Мерааі, якая прадстаўляла нашу краіну на гэтым музычным форуме ў Тбілісі ў мінулым годзе. Але галоўнымі героямі, вядома ж, стануць юныя спевакі, якія мараць у лістападзе выйсці на сцэну «Мінск-Арэны», дзе і адбудзецца дзіцячае «Еўрабачанне-2018».

Пад гэтымi нумарамi юныя артысты выйдуць на сцэну «Мiнск-Арэны»
tvr.by

Давайце бліжэй з імі пазнаёмімся.

Так распарадзілася жэрабя, што пад першым і другім нумарамі на сцэну выйдуць выхаванцы Вольгі Драздовай, якая ў апошнія гады стала сапраўдным гуру ў падрыхтоўцы дзяцей да падобных конкурсаў. Гурт «Мята» – гэта зусім новы праект, дзе сабраны пяць дзяўчат з рознымі галасамі і звычкамі, але аб’яднаных адной мэтай – перамагчы ў нацыянальным адборы. Яны выканаюць песню «Аднойчы». Дарэчы, у склад гурта ўваходзіць і дачка вядомага кампазітара Генадзя Маркевіча і спявачкі Вольгі Плотнікавай, а гэта значыць, што ў «Мяты» вельмі моцная музычная каманда.

Мэта Даніэля Ястрэмскага, яшчэ аднаго выхаванца Драздовай, тая ж — перамагчы. Дарэчы, яго песня Time пра гэта ж: ніколі не спыняцца і заўсёды ісці наперад да сваіх жаданняў. На шляху да ўласнай мэты 14-гадовы прыгажун ужо зрабіў нават тур па Беларусі, дзе прэзентаваў сваю кампазіцыю.

LIZAMEЯ – маленькая сонечная дзяўчынка, якая марыць стаць зоркай. Яна расказала пра гэта вядомаму спеваку і аўтару песень Сяргею Сухамліну, ён і напісаў для яе «Зорку». Атрымалася вельмі дынамічная кампазіцыя, якую Лізе дапамагаюць выконваць сябры-танцоры. Займаецца юная спявачка з Жодзіна ў педагога па вакале Міланы Вярцінскай.

Арцём Скараль яшчэ адзін удзельнік адбору не з Мінска. Ён вучыцца ў сёмым класе СШ № 1 горада Ашмяны, доўгі час музыкай займаўся ў дзіцячай студыі «Палёт» у Мікалая Федарэнкі. Зараз хлопец ездзіць на заняткі ў Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У. Мулявіна. На сцэне ў Арцёма будзе сур’ёзная група падтрымкі – балет Вольгі Шамровай.

Ангеліна Ярашчук мае адразу некалькі талентаў. Акрамя таго, што пераможца і лаўрэат розных музычных конкурсаў, яна яшчэ і прафесійна займаецца харэаграфіяй, нават скончыла балетную школу Марыны Вежнавец. Вядома ж, у яе нумары будуць і складаныя танцавальныя элементы. Рыхтуе Ангеліну да конкурсу Юзары. Дзяўчынка выканае песню Feeling Good і абяцае, што падорыць людзям пазітыўны і лёгкі настрой, зарадзіць усіх станоўчымі эмоцыямі.

Дзяўчынкі з гурта Monkey Tops таксама захоплены харэаграфіяй. Але аднойчы яны вырашылі, што могуць ускалыхнуць і музычны небасхіл. Займацца з імі пагадзіўся зноў жа Юзары. Усё так добра атрымалася, што з першай спробы яны трапілі ў нацыянальны адбор. Дзяўчаты выканаюць маладзёжную танцавальную кампазіцыю, якая называецца «На стылі».

13-гадовая Марыя Жыліна — адна з самых вопытных удзельніц сёлетняга адбору: яна трэці год запар трапляе ў гала-канцэрт. Гэта і не дзіўна. Дзяўчынка займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Мулявіна ў Святланы Стацэнка, выхаванцы якой ужо неаднойчы трыумфальна вярталіся з дзіцячага «Еўрабачання». Марыя верыць, што гэта прыступка некалі скарыцца і ёй. Але дзяўчынцы ўжо зараз ёсць чым пахваліцца: за яе плячыма каля трыццаці музычных конкурсаў у розных краінах, у тым ліку два паўфіналы дзіцячай «Новай хвалі». Жыліна з педагогам і аўтарамі песні Юліяй Быкавай і Яўгенам Алейнікам збіраюцца здзівіць журы і публіку беларускамоўнай песняй Welcom to my Belarus, у якой яна расказвае пра прыгажосць, чысціню і гасціннасць нашай краіны.

11-гадовы Яраслаў Саколікаў удзельнічаў у другім сезоне расійскага шоу «Голас. Дзеці» ў камандзе Макса Фадзеева і, нягледзячы на тое што быў самым юным удзельнікам праекта, выйшаў у фінал. Пакуль гэта самае гучнае дасягненне хлопца. Але сёлета ў яго ёсць шанц заявіць пра сябе яшчэ гучней: спевака рыхтуе да конкурсу сам Макс Лорэнс. У яго няма вялікага досведу ў працы з дзецьмі, затое ён лепш за іншых ведае, як скарыць тысячы паклоннiкаў музыкі.

Мікіту Бялько многія таксама памятаюць як удзельніка тэлепраекта «Голас. Дзеці», ён быў у камандзе Валерыя Меладзэ. Мікіта — хлопец сур’ёзны. Вучыцца ў ліцэі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе фартэпіяна, шмат чытае. І песню для нацадбору выбраў адпаведную, яна называецца «Не здраджвай».

9-гадовая мінчанка Марыя Гулевіч — самая юная фіналістка нацадбору. У гэтым годзе яна пераходзіць у чацвёрты клас. Марыя займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Мулявіна і 10-й музычнай школе імя Глебава. У фінале нацадбору на дзіцячае «Еўрабачанне» яна выканае кампазіцыю «Остров Чикарум» аб палёце над чароўным востравам. «Мы вышэй за ўсіх лятаем. Свабода, пазітыў і радасць вечна з намі. І, напэўна, мы даведаемся пра тое, што разам мы ўсё зможам. Проста павер, проста смялей», — спяваецца ў песні.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter