Што здзівіла Святлану Стацэнка і Яўгена Крыжаноўскага на адборы да чарговага «Таленту краіны»?

І голас, і вобраз пры сабе

Трэці год запар АНТ шукае «Талент краіны». На працягу чатырох дзён у сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прафесійнае журы слухала тых, хто зможа прэтэндаваць на гэта гучнае званне. Больш за дзве сотні юных вакалістаў, танцораў, інструменталістаў і артыстаў арыгінальнага жанру паказалі, на што яны здатныя. 

Прафесійнае журы ўважліва слухала ўсіх удзельнікаў і выказвала свае заўвагі.

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава адразу пазнае знаёмыя твары сярод канкурсантаў. Хлопчыкi і дзяўчынкі, якія не прайшлі кастынг у мінулыя разы, зноў вяртаюцца на адбор. Мяняюць музычны матэрыял, некаторыя нават прыходзяць у новым імiджы. Не дзеля таго, каб іх не пазналі. Проста выпраўляюць памылкі, якія журы заўважыла ў мінулы раз. 

— Матывы ўдзелу ва ўсіх розныя. Хтосьці адказвае ўнікліва, маўляў, засумаваў па вас, вось і прыйшоў. Хтосьці прызнаецца, што «Талент краіны» даў штуршок яго творчаму жыццю і ён хоча паказаць свае новыя нумары. А ёсць і тыя, хто не ўтойвае: у мінулы раз не дайшоў да фіналу, таму тут, каб перамагчы. Мы рады ўсім! 

Марыяна Бабіч адразу кідаецца ў вочы членам журы і іншым канкурсантам. Па-першае, яна ўжо скарала сцэну акадэміі мастацтваў у мінулым годзе. Па-другое, падтрымаць яе прыйшоў брат Багдан — зорка папярэдняга сезона «Таленту краіны», пераможца розных музычных конкурсаў і стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Сям’я ў іх сапраўды музычная і таленавітая. Марыяна зачароўвае прысутных акадэмічным вакалам. Дзяўчынка з іменем Анастасія літаральна запальвае ўсіх сваёй вясёлай песняй, а Маша скарае незвычайным тэмбрам. Але хто з іх трапіць у лік удзельнікаў тэлепраекта, пакуль невядома. Канкурэнцыя сярод спевакоў вельмі сур’ёзная. Як звычайна, больш за ўсё заявак паступае менавіта ў вакальным жанры. Каб праслухаць усіх жадаючых за адзін дзень, журы нават прыйшлося падзяліцца на дзве часткі і размясціцца ў розных пакоях. 

Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Святлана Стацэнка была педагогам і членам журы розных праектаў, на сваім прафесійным шляху пабачыла шмат неардынарных дзяцей, яе складана чымсьці здзівіць, але і на гэтым кастынгу яна заўважыла некалькі цікавых вакалістаў:

— Добрых дзяўчат і хлопцаў шмат, але мы шукаем сапраўдныя таленты. Што мне прыемна, па прычыне вялікай колькасці музычных конкурсаў, у тым ліку тэлепраектаў у Расіі, дзеці маюць пэўныя арыенціры. У іх не толькі добра пастаўлены голас, але адпаведны вобраз. Яны выдатна ведаюць замежныя мовы, прыгожа спяваюць і па-англійску, і па-французску. Прыемна, што гучаць песні і на беларускай мове. Мая калега-народніца прыкмеціла некалькі цікавых дзяўчат і хлопцаў і ў сваім жанры.

На кастынгу былі дзеці розных узростаў: ад пяці да пятнаццаці гадоў.

  Заслужаны артыст Беларусі Яўген Крыжаноўскі ніколькі не шкадуе, што цэлы дзень, нават без перапынку на абед, прасядзеў на кастынгу артыстаў арыгінальнага жанру. У адрозненне ад іншых катэгорый, тут было цэлае суквецце талентаў у розных напрамках. Больш за ўсё гумарыста зачароўвалі гімнасткі:

— Калі выходзілі такія гнуткія дзяўчынкі, я крыху з’язджаў пад стол. Па-першае, было сорамна за свой жывот, па-другое, страчваў прытомнасць ад таго, што яны робяць.

Калі ж гаварыць сур’ёзна, то Крыжаноўскі, які ўжо трэці раз у журы гэтага тэлепраекта, не перастае здзіўляцца, колькі ў нас юных талентаў:

— Адзін пачынае нешта паказваць-расказваць, дзіву даешся. Ён сыходзіць, становіцца другi — зноў захапленне! І так бясконца, кожныя тры хвіліны новы талент. Фокуснікі, спартсмены, артысты размоўнага жанру…

Дарэчы, да артыстаў размоўнага жанру ў Яўгена Анатольевіча былі асобныя патрабаванні. Сёння выразна расказаць верш — гэтага мала, каб трапіць на тэлеэкран. Патрэбны артыстызм, харызма і яшчэ шмат іншага. І што дзіўна, у большасцi ўсё гэта было.

— Магчыма, кагосьці для свайго кіначасопіса «Юморинка» прыгледзелі? — пытаюся ў Яўгена Крыжаноўскага.

— Канечне! Пытаю ў адной дзяўчынкі, ці не хоча яна прыйсці да нас на кастынг, што мы праводзім штомесяц? А яна ў адказ: «А я ўжо запісалася. Хутка сустрэнемся». 

А вось з фіналістамі «Таленту краіны» тэлегледачы сустрэнуцца не зусім хутка. Конкурс пачнецца ўжо ў новым тэлевізійным сезоне, а пераможцы вызначацца бліжэй да Новага года.

Наталля IВАНОВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter