I дырэктар, i... паэт

У  Васiля  Крычко  хапае  часу  i  на  працу,  i  на  спорт,  i  на  выданне  двухтомнiка  вершаў

У  Васiля  Крычко  хапае  часу  i  на  працу,  i  на  спорт,  i  на  выданне  двухтомнiка  вершаў

Прызнаюся, даўно збiраўся напiсаць пра дырэктара Бабруйскага дзяржаўнага прафесiянальна-тэхнiчнага мастацкага каледжа Васiля Крычко (на здымку). Мне здаецца, ён заслугоўвае: два дзесяткi гадоў агульнага дырэктарскага стажу, чацвёртае склiканне запар выбiраецца дэпутатам гарсавета...

— Васiль Арсеньевiч, на­колькi я ведаю, пошук прызвання не быў простым?..

— Гэта так. Я выпускнiк сельскай школы Бабруйскага раёна, але веды някепскiя атрымаў, фiзiчную загартоўку. Таму напачатку i вырашыў падацца ў Мiнск у iнстытут фiзкультуры. Конкурс быў, тым не менш прайшоў. Аднак нядоўга павучыўся i падаў заяву... Мне сказалi: “Крычко, пашкадуеш!” А я на наступны год – у iнстытуце механiзацыi сельскай гаспадаркi. I яго неўзабаве пакiнуў. Не маё... Шукаў тое, да чаго душа ляжыць. Так i аказаўся ў ГПТВ-15. Пасля яго заканчэння працаваў там жа майстрам вытворчага навучання i адначасова вучыўся ў лесатэхнiкуме, а затым яшчэ ў Мiнскiм тэхна­лагiчным iнсты­туце, педiн­сты­туце iмя Танка – такое было рвенне да вучобы!

— Ну а дзе потым працавалi?

— У ГПТВ-145 дырэктарам, а затым вярнуўся ў роднае вучылiшча ўжо яго кiраўнiком. Здавалася б, лёгка, бо я тут свой, усё добра ведаў. Аднак гэта навучальная ўстанова была на асаблiвым рахунку, яе на працягу многiх гадоў узначальваў вядомы ў прафадукацыi кiраўнiк доктар педагагiчных навук Аркадзь Ягоравiч Ларын, якi шмат новага ўвёў. I трэба было iсцi далейшым шляхам перамен, а тут дзевяностыя... Тым не менш мы не страчвалi высокую марку. Вунь ужо – дзяржаўны каледж – новы ўзровень навучання i выхавання!

— Вы шмат гадоў на дырэктарскай пасадзе. А калi лягчэй было працаваць: раней цi цяпер? Як змянiлася за апошнi час псiхалогiя педагогаў i навучэнцаў?

— Працаваць лёгка нiколi не было. Ну а ў цяперашнi час (калi трэба навучацца, сродкi здабываць) тым больш. Мы, праўда, не сядзiм склаўшы рукi, дзе якая магчымасць, iмкнемся зарабляць на пражыццё. Вунь разам з работнiкамi мэблевай фабрыкi iмя Халтурына ўзялiся вырабляць разныя дзверы ў рэзiдэнцыю Прэзiдэнта, вялiкi аб’ём работ выканалi ў перыяд падрыхтоўкi да рэспублiканскiх “Дажынак” у Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы, афармлялi “Бабруйскi дворык” у пабрацiмскiх маскоўскiх Саколь­нiках, “Бабруйскi сквер” – у горадзе Нара-Фамiнску. А яшчэ выконвалi заказы на выраб сувенiрных падарункаў для ўручэння губернатару Кемераўскай вобласцi Тулееву, маскоўскаму мэру Лужкову i шмат iншых.

Але я не гэта  хачу падкрэслiць, а тое, што ўсе мы, педагогi i навучэнцы, вучымся кожны рубель эканомiць. Iнакш не ўтрымацца на хвалi часу. Гэта рэалii сённяшняга дня, ад якiх нiкуды не падзецца. Праўда, i падтрымка дзяржавы ўсё болей адчуваецца. Так, летась на выдзеленыя нам 10 мiльёнаў рублёў закупiлi шэсць сучасных камп’ютэраў, ужо не просiм адтэрмiноўкi па аплаце ў тых жа энергетыкаў, а разлiчваемся з iмi своечасова, яшчэ i крэдытуем паслугi.

Аднак жа навучанне i выхаванне найперш, бо ад гэтага залежыць усё астатняе. А яны ў нас на ўзроўнi. Пра гэта сведчыць той факт, што нашы навучэнцы штогод выходзяць пераможцамi разнастайных конкурсаў прафтэхмайстэрства, летась трое адзначаны прэзiдэнцкай стыпендыяй, а ўсяго ў апошнi час 35 педагогаў i навучэнцаў удастоiлiся такога гонару. У нас шмат выдатных педагогаў i майстроў вытворчага навучання, якiя пачыналi сваё прафесiйнае ўзыходжанне ў каледжы.

— Вось тут i хацелася б, каб вы больш падрабязна рас­казалi пра трохступеньчатую форму навучання, якую пра­панавалi для ўкаранення. Што яна сабой уяўляе?

— Само жыццё нам яе i падказала. На першым этапе вучацца два гады i атрымлiваюць пра­фесiйна-тэхнiчную адукацыю, на другiм – спецыяльнасць выкладчыкаў, кiраўнiкоў гурткоў, майстроў вытворчага навучання, а на трэцiм жадаючыя здаюць тэст, унутраныя экзамены ў Мазырскi унiверсiтэт. Там па скарочанай праграме навучаюцца тры гады, атрымлiваюць вышэйшую адукацыю i вяртаюцца ў выкладчыцкае асяроддзе. Канчатковы вынiк, як адзначаюць i выкладчыкi навучальнай установы, i навучэнцы, вельмi добры. Многiя вяртаюцца працаваць у каледж у новай для сябе якасцi.

— Ну а якую б рысу свайго характару вылучылi, што вас захапляе ў жыццi?

— Я нарадзiўся ў год вогненнага Каня. Як i мае быць, ува мне шмат агню, запалу, але па натуры я добры чалавек. Можа, для кiраўнiка, якi павiнен быць больш строгiм, гэта i не зусiм пады­ходзiць. Тым не менш мяне слухаюцца ў калектыве, дысцыплiна падтрымлiваецца на належным узроўнi. Значыць, дабрыня таксама мае сiлу, калi ёю ўмела карыстацца. Тым больш на зло я нiколi не адказваю, аб усiх сваiх падначаленых думаю з павагай, i галоўнае, па натуры я аптымiст!

Што ж да iнтарэсаў, то люблю займацца спортам. Гэта даўняя звычка, якую не пакiдаю i цяпер. Два разы на тыдзень я абавязкова ў спартзале, гуляем у футбол, валейбол. Нядаўна ўдзель­нi­чалi ў валейбольным турнiры “Каму за пяцьдзесят”, якi пра­водзiўся ў лесатэхнiкуме. Нярэдка станаўлюся на лыжы, не лянуюся ўлетку схадзiць у грыбы, ягады. Адным словам, не даю сабе заседжвацца.

Тое ж i жонка. I калi аднаго разу прывялi з ёй унука ў палiклiнiку, то ледзь наганяй ад доктара не атрымалi, маўляў, чаму раней не прыйшлi, так можна запусцiць хлопчыка... А калi даведалася, што мы не бацькi, а бабуля i дзядуля, памякчэла, яшчэ i з камплiментам: “Якiя вы малайцы, за сабой сочыце!”

Ну а яшчэ паэзiя з’яўляецца маiм захапленнем. Я ж сябе не прымушаю – вершы самi льюцца радок за радком. Канешне, i яны выбiраюць момант, калi я ў добрым настроi. Вось i выкройваю гадзiну-другую для творчасцi. Гэта мне дастаўляе сапраўднае задавальненне. Магу адразу некалькi вершаў выдаць; два-тры найбольш вартых адбiраю ў спецыяльную папку. У свой час друкаваўся ў часопiсах “Полымя”, “Маладосць”, ва ўрадавай “Рэспуб­лiцы”, ужо не кажучы пра мясцовую прэсу, дзе я часты госць. Назапасiлася, як мне здаецца, шмат някепскай паэзii. Вось i прапанаваў яе выдавецтву “Мастацкая лiтаратура”. Там падрыхтаваны двухтомнiк, у якi ўвайшло больш за 600 вершаў, чатыры паэмы, дзве казкi. Спадзяюся, да майго 55-годдзя, якое не за гарамi, буду з паэтычнымi зборнiкамi. Гэта будзе мне сапраўдны падарунак!

— Васiль Арсеньевiч, а што вас па-асаблiваму ўзрушвае, дастаўляе радасць, задавальненне?

— Калi бачыш, што твая праца не прайшла дарэмна, былыя выпускнiкi ўзнiмаюцца па службовай лесвiцы, дасягнулi якiхсьцi жыццёвых вяршынь. Вунь як той жа Фёдар Конюхаў, вядомы падарожнiк-мараплавец, цi намеснiк пракурора вобласцi Эдуард Сянькевiч, якi нядаўна тэлефанаваў мне, i iншыя.

У добрых спраў – доўгае жыццё!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter