У час тэлефоннай «прамой лініі» жыхары Фрунзенскага раёна Мінска адрасавалі кіраўніку адміністрацыі звыш дваццаці пытанняў
Абыякавасць у рабоце з людзьмі здольна перакрэсліць любыя дасягненні мясцовай улады. Нядзіўна, што, гаворачы пра аптымізацыю дзяржаўных органаў, мы ў першую чаргу маем на ўвазе дэбюракратызацыю — усе тыя негатыўныя з’явы, на ліквідацыю якіх накіравана прэзідэнцкая Дырэктыва № 2.
Стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей было, ёсць і будзе важнейшай мэтай нашай дзяржавы. А прыблізіць уладу да інтарэсаў простага грамадзяніна, як правіла, дапамагаюць «прамыя лініі» з кіраўніком адміністрацыі раёна. Яны забяспечваюць даступнасць, прастату і аператыўнасць рашэння многіх надзённых праблем. Пацвярджэннем таму стала і тэлефонная «прамая лінія» з кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Барысам Васільевым.
Асноўнымі тэмамі зваротаў грамадзян на гэты раз былі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторый, асабліва ў частцы новабудоўляў, і ход жыллёвага будаўніцтва.
Прафесіяналізм і вопыт дапамагалі Барысу Анатольевічу бачыць у жыхарах, якiя тэлефануюць, не столькі прасіцеляў, колькі раўнапраўных партнёраў, з дапамогай якіх можна хутчэй ліквідаваць існуючыя негатыўныя з’явы, абараніць законныя інтарэсы, узмацніць адказнасць кіраўнікоў усіх узроўняў за рашэнне надзённых праблем насельніцтва.
— Надыходзіць вясна, а каля нашага пад’езда няма тратуарнай пліткі, — скардзіцца жыхарка дома па вуліцы Бурдэйнага. Жанчыну можна зразумець, ёй хочацца бачыць чысты, дагледжаны двор з кветнікамі, а не лужыны ў гліне...
— Існуе раённая праграма па добраўпарадкаванні. Мы абавязкова праверым, ці ёсць у ёй ваш дом.
Дарэчы, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый у раёне мяркуецца і надалей праводзіць сумесна з жыхарамі раёна, многія з якіх актыўна ўключаюцца ў спаборніцтва па ўзорным утрыманні жылых дамоў і пад’ездаў. Ход такога спаборніцтва шырока асвятляецца ў сталічнай прэсе. Канешне, для камфортнага пражывання не абысціся без зялёных насаджэнняў. Штогод у раёне фарміруецца больш за 20 гектараў газонаў, высаджваецца каля 5 тысяч дрэў, 20 тысяч кустоў і 20 мільёнаў кветкавай расады...
— Скажыце, калі нам чакаць капітальнага рамонту? — тэлефонны званок ад жыхаркі дома па вуліцы Жудро працягвае тэму.
— Сёлета, на гэта ёсць рашэнне гарвыканкама.
— А што будуць рабіць? — ажыўляецца грамадзянка. — Пачнуць з магістральнага трубаправода... А вокны? Вокны памяняюць?
— У час будаўніцтва новага дома на перасячэнні вуліцы Нёманскай і Налібокскай знікла пешаходная дарожка. Жыхарам, у тым ліку і дзецям, даводзіцца выходзіць на праезную частку дарогі. Гэта небяспечна! — сігналізуе ў адміністрацыю заклапочаная бабуля.
Падобнае пытанне непакоіць і мам у двары аднаго з дамоў па вуліцы Адзінцова: з-за стаянкі машын і недастатковай уборкі снегу там цяжка прайсці, а тым больш праехаць з дзіцячай каляскай.
«Месцаў для паркоўкі, на жаль, сапраўды не хапае», — каменціруе сітуацыю Барыс Анатольевіч і раіць звярнуцца да старшыні таварыства ўласнікаў дома. Зрэшты, можна знайсці і такое выйсце: дабавіць зарплату дворніку, ці мужчынам у вольны час на якія паўгадзіны ўзяць у рукі рыдлёўкi...
— Я перавяла сваю пенсію на іншы адрас. І нечакана даведалася, што атрымаю яе толькі праз два месяцы, — занепакоена дзеліцца неспадзяванкай Раіса Іванаўна, жыхарка дома па вуліцы Гарэцкага. — Два месяцы без пенсіі — гэта адчувальны тэрмін. Няўжо нельга зрабіць пераадрасацыю хутчэй? Дапамажыце!
Дому па вуліцы Прытыцкага, у якім пражывае Ларыса Іванаўна, ужо 41 год. Гаспадыню хвалюе стан сантэхнікі і ацяплення ў кватэры. Настаў час капітальна рамантавацца. Вестка ад кіраўніка адміністрацыі, што рамонт, згодна з распрацаваным планам, пачнецца ўжо сёлета, безумоўна, радуе яе, як і навіна, што пра тэрмін пастаноўкі дамоў на капрамонт цяпер можна даведацца на сайце абслугоўваючай арганізацыі.
Важна толькі, каб той рамонт не зацягнуўся, бо выпадкі, калі генпадрадныя арганізацыі парушалі тэрміны ўводу ў эксплуатацыю аб’ектаў капітальнага рамонту жылога фонду, не такая ўжо рэдкасць. У сувязі з гэтым асобныя аб’екты адміністрацыя раёна брала пад асабісты кантроль. А пасля завяршэння капрамонту прымала ўдзел у сходах жыхароў, на якіх вырашалася пытанне выбару спосабу кіравання нерухомай маёмасцю шматкватэрных жылых дамоў шляхам стварэння таварыстваў уласнікаў. На жаль, асаблівых поспехаў у гэтым пытанні пакуль не дасягнута. Таму на бягучы год Савету па развіцці самакіравання ў жыллёвай сферы раёна даручана ўнесці дзейсныя прапановы па рашэнні пастаўленых задач, у тым ліку з выкарыстаннем нестандартных падыходаў.
Серыя тэлефанаванняў з пытаннямі «Дзе справядлівасць?» і «Можа, вы ведаеце, калі будзе ў нас наваселле?» пацвярджала: у кожнага дома — свая гісторыя. Асабліва ў новабудоўляў нашага часу. Больш за палову скаргаў і зваротаў на «прамую лінію» тычыліся праблем з будаўніцтвам. Людзі цікавіліся лёсам жылога комплексу «Акцэнт» у Каменнай Горцы, тэрмінам здачы ў эксплуатацыю комплексу «Самацветы» па вуліцы Адоеўскага, прасілі ўдакладненняў наконт ходу спраў на пляцоўках ЖСПК «Сухараўскі-1, 2, 4, 6».
Неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў, рост кошту квадратнага метра, даплаты, пераразлікі, дадатковае фінансаванне, перавышэнне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва... Усё гэта рэчы настолькі няпростыя, што мясцовай уладзе імгненна і істотна на іх паўплываць даволі складана. Як складана тут жа адназначна адказаць занепакоеным грамадзянам, якія інвеставалі сродкі ў жыллё, што будуюць прыватныя кампаніі, на адкрытыя і прамыя пытанні: «А яны не махляры? Нас не падмануць?»
— Зараз у Фрунзенскім раёне сталіцы ўзводзіцца вялікая колькасць аб’ектаў, і не толькі жылых, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Канешне, мы імкнёмся трымаць на кантролі кожны дом, але калі ўпраўленне капітальнага будаўніцтва раёна нам падуладна, то ўздзейнічаць на нядобрасумленных прыватных генпадрадчыкаў мы можам толькі маральна-псіхалагічна. Праверыць, як такія кампаніі расходуюць свае сродкі, не ў нашай кампетэнцыі. Для гэтага існуюць кантралюючыя органы і суды. У адным магу цвёрда запэўніць: вінаватыя і нядобрасумленныя кампаніі больш не атрымаюць у нашым раёне пляцовак пад забудову...
На здымку: кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Барыс ВАСІЛЬЕЎ.
Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ