Самая смачная перадача на айчынным тэлебачанні — кулінарна-гістарычнае шоу «Беларуская кухня» — вярнулася на «Беларусь 3» з новымі духмянымі знаходкамі. У гэтым сезоне вядучыя праграмы Алена Спірыдовіч, шэф-повар Вартан Санамянц і этнолаг Ларыса Мятлеўская па-ранейшаму будуць шукаць старадаўнія рэцэпты і расказваць гледачам, як адаптаваць іх для прыгатавання ў сучасных умовах.
Алена СПІРЫДОВІЧ, Ларыса МЯТЛЕЎСКАЯ і Вартан САНАМЯНЦ гатуюць беларускія стравы ўжо амаль дзесяць гадоў.
Прысмакі з гісторыяй
Беларуская кухня і яе традыцыі фарміраваліся на працягу некалькіх стагоддзяў. Адсюль бясконцае мноства арыгінальных рэцэптаў, якімі карыстаюцца кулінары ў самых розных кутках Беларусі. На жаль, у некаторых нашых суседзяў беларуская кухня па-ранейшаму вызывае асацыяцыі найперш з бульбянымі дранікамі, але знаўцы кулінарнай гісторыі даўно выступаюць супраць такога стэрэатыпа. Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае:— На самай справе нашы продкі мелі багатую фантазію і вытанчаны густ. Таму іх застоллі часта ператвараліся ў сапраўдныя рытуалы.
Дарэчы, большасць рэцэптаў, якія прапануе гледачам «Беларуская кухня», знойдзена падчас паездак здымачнай групы па маленькіх гарадах і вёсках. Таму кожны выпуск праекта — гэта ў тым ліку арыгінальная экскурсія па беларускай глыбінцы. Амаль за дзесяць гадоў у эфіры стваральнікі перадачы сабралі сотні рэцэптаў: ад агульнавядомых (накшталт мачанкі і бульбяной бабкі) да фамільных прысмакаў, якія перадаюцца ў некаторых сем’ях з пакалення ў пакаленне. Часткай такіх рэцэптаў падзялілася з гледачамі і сама Ларыса Мятлеўская:
— Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, таму я рана ўсвядоміла, што такое смак страў, прыгатаваных у хатняй печы. Шмат назірала за мамай і бабуляй. Але прызнаюся шчыра: відэльцы ўпершыню ўзяла ў рукі менавіта на здымках «Беларускай кухні».
Кухня па-суседску
Якія клёцкі больш смачныя — з шчупака ці судака? Як правільна загарнуць свіны язык у вушы? І чаму прасцей за параную рэпу можа быць толькі капустка з запечаным салам? Кожны новы рэцэпт шэф-повар праекта Вартан Санамянц самастойна дэталёва разбірае, перад тым як прыгатаваць. Вартан Гургенавіч распавядае:— Уся мая сям’я вельмі любіць беларускую кухню, асабліва разнастайныя запяканкі з тварагу і стравы з капусты. Ну і мачанку, вядома. Ніколі не адмоўлю сабе ў задавальненні яе прыгатаваць.
Алена Спірыдовіч з нацыянальнай кулінарыяй таксама даўно на «ты». Прызнаецца: асобныя стравы, якія нашы продкі гатавалі ледзь не кожны дзень, яна ставіць на стол у тым ліку і на вялікія святы:
— Сярод самых любімых, напрыклад, беларуская груца з гарохам. Вельмі папулярная страва на захадзе Беларусі. Гарох, дарэчы, кашу зусім не псуе, шмат хто з маіх гасцей яго нават знайсці ў талерцы не здольны.
Чапяла з гарбузоў — яшчэ адна любімая страва вядучай, падгледжаная Аленай на здымках «Беларускай кухні»:
— Лепшага восеньскага дэсерту, лічу, проста няма! Гатуецца хутка і проста, і атрымліваецца вельмі смачна. У складзе зноў жа няма нічога цяжкага для страўніка, таму за фігуру можна не перажываць.
Але галоўнае, што зрабіла «Беларуская кухня» для Алены Спірыдовіч, — паклала пачатак іх амаль дзесяцігадоваму сяброўству з Вартанам Санамянцам:
— Мы нават сем’ямі сябруем! Сталі за гэтыя гады проста роднымі людзьмі, разам адзначаем усе святы. І за гэтае сяброўства я вельмі ўдзячна «Беларускай кухні». Бо такія рэчы, як сяброўства, не нараджаюцца на пустым месцы. Ёсць шмат калег, з якімі, працуючы разам, маеш зносіны, але ж не ўсе становяцца сябрамі, праўда? Дык вось мне пашанцавала знайсці на гэтым праекце роднасную душу, і гэта сапраўды вялікае шчасце.
Звярніце ўвагу: «Беларуская кухня» выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3» кожны дзень. Расклад на наступны тыдзень такі: у панядзелак вядучыя раскажуць, як гатаваць піражкі. У аўторак падзеляцца рэцэптам хворасту, у сераду — яблычнага пірага. Пасля гледачам прапануюць прыгатаваць беларускую кулагу, а ў пятніцу чакаем у эфіры рэцэпт шамшурыкаў. У суботу будзе магчымасць паэксперыментаваць з бульбянікамі, у нядзелю — парадаваць родных і блізкіх квасам з селядцом.
leonovich@sb.by