Нашы партнёры на Верхнядзвіншчыне

І абавязкова пад ёлачку газету

ЛЮБОЎ Сцяпанаўна Дабраедава, якой у Новы год, 1 студзеня, споўніцца 89 гадоў — адзіная жыхарка вёскі Ярмоліна, што на Верхнядзвіншчыне. Ад Дзёрнавіцкага сельскага Савета гэта амаль тры дзясяткi кіламетраў. Але старажыл не жадае пакідаць сваю вёску, хоць дзеці не раз настойліва прапаноўвалі забраць яе да сябе.

— А чаго я куды паеду, — не пагаджаецца калгасны ветэран, — калі сама сябе яшчэ абслужу, а прадукты і пошту прывозяць прама дахаты?

І на самой справе паштавікі дастаўляюць Любові Сцяпанаўне па яе заказу не толькі пенсію, але таксама харчовыя і прамысловыя тавары. І гэта не выключны выпадак у іх працы.

Жанна ПАРШУТА, начальнік Верхнядзвінскага раённага вузла паштовай сувязі.
— У раёне 234 населеныя пункты, — тлумачыць начальнік Верхнядзвінскага РВПС Жанна Паршута. — У некаторых жывуць па 2—3 чалавекі, і да ўсіх мы дабіраемся. Для гэтага арганізавана служба мотадастаўкі, у якой 5 нашых спецыяльных машын і адна — з Полацка. На іх развозім не толькі пошту, аказваем розныя паслугі, як і на стацыянарных аддзяленнях сувязі, але таксама прапануем тавары ўжытку, расфасаваныя прадукты, за выключэннем гарэлкі, каўбас і хлеба.

Асаблівая ўвага, канешне, перыядычным выданням. Па гэтым паказчыку верхнядзвінцы — адны з лепшых у вобласці. А па падпісцы на «Сельскую газету» і наогул лідары краіны: да паўтысячы экзэмпляраў атрымліваюць супрацоўнікі розных прадпрыемстваў, перш за ўсё — сельскагаспадарчых, жыхары горада і раёна. Чаму выпісваюць менавіта «СГ»? Лічаць наша выданне сваім дарадцам, сябрам і партнёрам.

Больш за тое, газета нават трапіла ў спіс жаданых падарункаў. Прыкмеціўшы вялікую папулярнасць «СГ», кіраўніцтва ААТ «Шайцерава», «Баліны», ВУП «Вужыца-Агра» і некаторыя іншыя сельгасарганізацыі і прадпрыемства афармляюць падпіску ў якасці падарункаў сваім работнікам. Гэта традыцыя пад Новы год, відаць, таксама не стане выключэннем.

Калектыў Верхнядзвінскага РВПС стабільны, добра арганізаваны і працавіты. Ветэран Яўгенія Мароз, напрыклад, адправілася на заслужаны адпачынак у 71 год. На змену прыйшла моладзь: Вераніка Ваштаевіч i Вераніка Рагалевіч.

Жанна Паршута справіць у наступным годзе першы невялікі юбілей — пяць год у якасці начальніка Верхнядзвінскага вузла паштовай сувязі. А наогул яна ў сувязі 33 гады. Марыла, праўда, пасля школы паступіць у медыцынскі інстытут, аднак не атрымалася. І пайшла на пошту, аб чым сёння не шкадуе. За гэты час Жанна Аляксееўна прайшла ўсе ступенькі службовай лесвіцы, ад аператара да начальніка. Сама – з сельскай мясцовасці. Бацька, Аляксей Аляксеевіч Мароз, усё жыццё адпрацаваў механізатарам, а маці, Ніна Ягораўна, — у паляводстве і жывёлагадоўлі. Жывуць яны цяпер па-ранейшаму ў вёсцы Жыгулі, на тэрыторыі ААТ «Шайцерава».

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter