Гушканні на арэлях

Значнае месца ў забавах дзяцей і моладзі на парозе вясны займала гушканне на арэлях. Для самых маленькіх іх майстравалі пасярэдзіне двара або мацавалі гушкалкі прама ў варотах. Моладзі патрэбны былі больш вострыя ўражанні, і адпаведна яе паводзіны вылучаліся значна большай эмацыянальнасцю. Таму хлопцы ладзілі арэлі з дапамогай старэйшых братоў і бацькоў у гумнах і пунях.

Гушканні на арэлях мелі некалькі планаў асэнсавання. З аднаго боку, уласна фізічны аспект: не толькі ўзбуджалі, але і “загартоўвалі” нервовую сістэму чалавека; актыўныя рухі ўмацоўвалі яго сістэму каардынацыі ў прасторы, трэніравалі вестыбулярны апарат, развівалі моц, хуткасць рэакцыі. Адначасова папарнае гушканне з дзяўчатамі дазваляла хлопцам прадэманстраваць свае фізічныя здольнасці, рухавасць, імпэт і адначасова выказаць на мове сімвалаў сваю зацікаўленасць дзяўчынай.
З  другога  боку,  здавала-ся б, простая забава, пацеха, гульня несла на сабе адбітак далёкай традыцыі, змест якой быў напоўнены абрадавым сімвалізмам. Па-першае, гушканні суправаджаліся залі-вістым смехам, гучнымі рыт-мізаванымі заклічкамі і нават невялікімі песеннымі творамі, якія выконвалі ролю замовы.
Па-другое, гушканне заўсёды звязвалася з дабрабытам і новым ураджаем. Паўсюдна на Беларусі існавала падсвядомая перакананасць у тым, што ад вышыні калыхання (узлёту над зямлёй) залежыць рост ільну. Можа, якраз таму нашы продкі даволі часта гушкаліся на вяроўках.
Па-трэцяе, калыханні моладзі ўтрымлівалі ў сабе і выразную эратычную функцыю. Дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту “ўцягвалі” хлопцаў у вір кахання, заляцання і спадзявання. У такт рытмічнаму калыханню дзяўчаты ў рэчытатыўным стылі выкрыквалі наступныя магічныя словы:
Калышы, калышы,
Мяне старую!
А будзеш калыхаць
Пасля мяне старой
Маладую.
Сакральны сэнс гэтых слоў празрысты і зразумелы: дзяўчына перадшлюбнага ўзросту — “старая” для дзіцячых люлянняў-калыханняў. А вось пасля замужжа, калі ў іх народзіцца дзяўчынка, то якраз яе і трэба будзе калыхаць.
Глыбокім эратычным сімвалізмам напоўнены былі калыханні моладзі на “казлах”. “Казлы” — гэта такія арэлі: ставілі два слупы накрыж з двух бакоў і ўнізе вяроўкі клалі дошку. “Казлы” былі высокія — да чатырох-пяці метраў. На “казлах” калыхаліся і пелі песні:
Вой, люлі, вой, люлі,
Нашы вожачкі крэпенькія.
А нашы ж вожачкі парваліся
А дзевачкі ж нашыя ўсе
паваліліся.

Вой, лі, вой, люлі, мы
калыхаліся,
Нашы вожачкі папарваліся.
А нашы вожачкі пяньковыя,
А нашы хлопцы непуцёвыя.
У Гарадоцкім, Шумілінскім раёнах гушкаліся на арэлях і для таго... “каб камары не кусалі”. У аснове ляжала народная магія, заснаваная на дзеянні падабенства. На пачатку веснавога абуджэння выконвалі дзеянні, якія павінны ўзвесці нябачную заслону ад летняга гнюсу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter