Мы вместе с сотрудниками ОГИМ проверили, исполняют ли наши законы рабочие мигранты из других стран

Гульня ў хованкі

Наступленне цёплага сезона звычайна азначае новы віток працоўнай міграцыі. Іншаземцаў, якія жадаюць зарабляць грошы ў нашай краіне, хапае. Як правіла, гэта грамадзяне Украіны, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана, Грузіі, Кітая. Ім заўсёды рады — пры ўмове, што прыезджыя будуць паво­дзіць сябе законапаслухмяна і выконваць усе правілы. Ра­зам з супрацоўнікамі АГіМ Мінскага раёна, які традыцыйна прываблівае вялікую колькасць працоўных міг­рантаў,  карэспандэнт «Р» праверыла, ці выконваюць нашы законы рабочыя з іншых краін. 

Ні на званок, ні на стук у доме, куды мог звярнуцца нелегал, ніхто не адказвае. 

З канца красавіка на Міншчыну прыбыў працоўны дэсант грамадзян Украіны, якія занятыя ў асноўным на будоўлі. Рэгістрацыя ім не патрэбна на працягу 30 дзён, і рабочыя гэтым карыстаюцца: месяц працуюць, потым літаральна на паўдня выязджаюць на радзіму, а пасля вяртання адлік тэрміну пачынаецца нанова. Горш іх справы са спецыяльным дазволам на працу. Так, нядаўна ў вёсцы Строчыцы знайшліся 10 украінцаў, якія працавалі без яго ў ААТ «Шчомысліца». Выяўлялі працоўных нелегалаў і на прыватных будоўлях у Заслаўі, Калодзішчах. З 1 студзеня гэтага года ў Мінскім раёне складзены 34 пратаколы за парушэнне парадку працоўнай і прадпрымальніцкай дзейнасці іншаземцамі. У асноўным — у дачыненні грамадзян Украіны, але ёсць сярод парушальнікаў грузін, узбек, таджычка. 

У невялікім гандлёвым цэнтры пасёлка Калодзішчы прытуліўся з краю сціплы магазін з жоўтай шыльдай, якая паведамляе, што тут можна набыць жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне, абутак. Працуюць у гандлёвым пункце грамадзяне Узбекістана. Указам № 510 уведзены мараторый на праверку суб’ектаў гаспадарання на працягу двух гадоў з моманту рэгістрацыі. Так што пазапланавыя праверкі ў іх бываюць толькі ў выключных выпадках. Але гэта не датычыцца агульных для ўсіх іншаземцаў правілаў: для таго, каб жыць і працаваць у Беларусі, ім неабходна мець рэгістрацыю і спецыяльны дазвол на занятак працоўнай дзейнасцю. 

У гэтага грамадзяніна Узбекістана ўсе дакументы ў парадку.

Прадавец-кансультант, які стаіць за касай, з гатоўнасцю дэманструе нам пашпарт з рэгістрацыяй. Ёсць у яго і спецыяльны дазвол. Але інспектары працягваюць размову: дакладна вядома, што ён і чацвёра землякоў пражываюць у пасёлку Лясны, трое з іх працаваць у нас пакуль не маюць права. Малады чалавек блытаецца, не можа сказаць дакладна, хто з іх працуе, а хто не. Магчыма таму, што адначасова разлічвае пакупнікоў — у магазіне, дзе можна набыць дзіцячыя шорты з плашчоўкі за    6 рублёў, а прыгожую сукенку — за 35, кліентаў хапае. Відаць, трэба наведаць яшчэ адзін магазін, які належыць гэтай кампаніі, — у Бараўлянах. 

У пасёлку, які актыўна разві­ваецца, магазін узбекскіх тавараў займае значную плошчу: акрамя гандлёвай залы, ёсць падсобнае памяшканне і асобная зала для абутку. Тут дакументы таксама ў парадку. Інспектары правяраюць падсобнае памяшканне — не выключана, што там хаваюцца землякі прадаўца, якія звычайна яму дапамагаюць. Але ў пакоі пуста. Не аказваецца грамадзян Узбекістана і ў кватэры, якую яны арандуюць і выкарыстоўваюць адначасова як жыллё і склад. 

— Горача на вуліцы, можа, купацца пайшлі?

Сяргей Лукашэвіч, інспектар АГіМ Мінскага раёна, не пагаджаецца з такой здагадкай. Аказваецца, зусім нядаўна адзін з гэтых іншаземцаў ужо атрымаў штраф за адсутнасць спецыяльнага дазволу на працу. Паўторнае парушэнне пагражае сур’ёзнымі санкцыямі і яму, і прадпрымальніку, у якога ён працуе. Іншаземец атрымае штраф у памеры ад 10 базавых велічынь (255 рублёў) або будзе дэпарціраваны. Штраф для працадаўца яшчэ большы, акрамя таго, на год ён страціць права прыцягваць да работы іншаземцаў. Верагодна, папярэджаныя земляком з першага магазіна ўзбекі проста схаваліся ад нас. 

Каб жыць і працаваць у нашай краіне, трэба мець рэгістрацыю і спецыяльны дазвол на заняткі працоўнай дзейнасцю. 

Далейшы шлях ляжыць у Ратамку. Там да нядаўняга часу спакойна пражываў у жанчыны грамадзянін Расіі. Рэгістрацыі не меў, на існаванне зарабляў выпадковымі падпрацоўкамі на рынку. І жыць так ён мог яшчэ доўга, каб не ўчыніў бойку з сабутэльнікам, разнімаць якую давялося супрацоўнікам міліцыі. Расіяніна дэпарціравалі на гіста­рычную радзіму, чым ён быў вельмі засмучаны і, ад’язджаючы, паабяцаў вярнуцца. Аказваецца, у Расіі не мае ён ні родных, ні блізкіх, а Беларусь прыйшлася даспадобы. Між тым парушэнне правілаў дэпартацыі — дастаткова сур’ёзная правіннасць.

Яўгенія Меснік, старшы інс­пектар АГіМ Мінскага раёна, націскае на званок дзвярэй старога прыватнага дома. Ні на званок, ні на стук ніхто не адказвае. Але тут вецер гайдае дзверы — аказваецца, яны незамкнёныя. Гукаем гаспадароў, ніхто не адзываецца. Заўважаем, што на стале ў верандзе стаяць рэшткі ежы — быццам мы перашкодзілі камусьці абедаць. Праводзіць вобыск без дастатковых на тое падстаў мы не маем права, абмяжоўваемся павярхоўным аглядам. Праўда, суседка паведамляе, што незамкнёныя дзверы ў гэтым доме — справа звычайная, а таго, хто нас цікавіць, яна ўжо даўно не бачыла. 

Па даных упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Мінаблвыканкама, толькі ў Мінскай вобласці сёлета інша­земцам выдадзена 1166 спецыяльных дазволаў на працу. 217 саіскальнікаў атрымалі адмову — значыць, у рэгіёне ёсць уласныя беспрацоўныя спецыялісты такога профілю. 631 з раней выдадзеных дазволаў анулявалі. Так здараецца, калі іншаземцы прадстаўляюць непраўдзівыя звесткі аб сабе, ці іх заяўленая пасада не адпавядае сапраўднай, ці калі іх прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за якія-небудзь права­парушэнні. 

nevmer@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter