У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з поспехам прайшла выстава мастака Каміля Камала “Гульні на краі Зямлі”

Гульня, дзеля якой варта жыць

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з поспехам прайшла выстава мастака Каміля Камала “Гульні на краі Зямлі”
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з поспехам прайшла выстава мастака Каміля Камала “Гульні на краі Зямлі”, на якой былі прадстаўлены творы жывапісу, графікі і скульптуры, створаныя майстрам за апошнія 30 гадоў 



імвалічна, што першая выстава мастака, якая праходзіла тут жа, у музеі, 20 гадоў назад, мела тую ж назву. За гэты час Каміль Камал назапасіў вялікі творчы багаж, рэалізаваў нямала аўтарскіх праектаў і стаў даволі яркім прадстаўніком сучаснага беларускага мастацтва.



 Літаграфіі і афорты мастака здзіўляюць віртуознасцю выканання, лёгкасцю і пакорнасцю ліній. Жывапісныя палотны майстра — гэта злучэнне рэалістычнага з незямным, сугучча колераў і адначасова іх супраціўленне. Мастак таксама цудоўна валодае майстэрствам роспісу, мазаікі, вітража, сграфіта — відамі манументальнага мастацтва. 

Роздум аб хуткацечнасці жыцця і вечнасці быцця, фантазіі, падобныя да рознакаляровых дзіцячых сноў, і тут жа — філасофія, складаная і шматгранная, як і само жыццё, — усё гэта ёсць у мастацтве Каміля Камала, якое было прадстаўлена на выставе “Гульні на краі Зямлі”.

“Горад продкаў”, 2014
“Горад продкаў”, 2014

“Мой першы педагог у ленінградскай школе жывапісу імя Рэпіна Яўсей Майсеенка быў родам з Беларусі, — успамінае Каміль Камал. — Ён гаварыў: “Аднастайнасць горшая за бязладдзе”. І гэтыя словы я трымаю ў галаве дагэтуль. У любой галіне мастацтва — скульптуры, графіцы, жывапісе — цікава пашукаць чалавечую дабрыню, тую каштоўнасць, якая, на жаль, паступова губляецца. Вялікі дзякуй гэтай зямлі, гэтаму народу за тое, што яны далі мне магчымасць праявіцца. Беларусь — мая самая любімая радзіма, усё маё мастацтва — для Беларусі. У ім і радасць, і гора, і паэзія, і філасофія. Наша жыццё, якім бы яно ні было, — гэта ўсё роўна гульня. Гульня, дзеля якой варта жыць”. 

Так, ужо трыццаць гадоў жыццё Каміля Камала непарыўна звязана з Мінскам. У сталіцы ён пачаў шлях як прафесійны мастак. Нарадзіўшыся ў Грузіі ў азербайджанскай сям’і, ён усё ж стаў сапраўдным беларусам, узбагаціўшы мастацтва краіны бліскучымі работамі.

“Вечнасць”, 2009
“Вечнасць”, 2009

Творчасць Каміля Камала — незвычайна яркая, яна зачароўвае сваёй глыбінёй і меладычнасцю. І нядаўняя выстава — гэта зусім не развітанне з мастацтвам. Мастак актыўна працягвае працаваць, тварыць, а таксама перадаваць свае веды і досвед у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Глыбокія колеры, ноткі Усходу, лёгкасць ліній — жывапіс Каміля Камала прыцягвае. На палотнах мастака рэальны свет зліваецца з незямным, нараджаюцца вобразы, блізкія ўсім. Аднак кожны “прачытае” іх па-свойму.

“Пярліна”, 2014
“Пярліна”, 2014

“Увесь мой аповед — у маіх творах, — разважае мастак. — Тое, што я раскажу словамі, можа нават аказацца няправільным. А вось калі чалавек убачыць маю работу, ён значна больш зможа для сябе “прачытаць”.

У работах Камала чытаецца філасофія аўтара, яго арыгінальнае бачанне свету, чалавечых адносінаў і перажыванняў. Яго карціны можна доўга вывучаць, выяўляючы ў іх не заўважаныя раней дэталі, вобразы. І здзіўляцца бязмежнаму ўяўленню мастака, яго дзіўнаму погляду на жыццё.

“Арфа”, 2000
“Арфа”, 2000

 Паміж тым, ні на кога не падобны ў творчасці, Каміль Камал атрымаў не толькі жывапісную, але і манументальную адукацыю. У Мінску прадстаўлены тры дзясяткі яго манументальных работ. Сярод іх — скульптурная кампазіцыя фантана “Дрэва жыцця” на бульвары Трактарабудаўнікоў. Помнікі вызваліцелям Беларусі за яго аўтарствам ёсць у Магілёве і Вілейцы. Камал аформіў праніклівай і тонкай графікай творы Васіля Быкава, паэта Рыгора Барадуліна. Зачароўваюць унікальныя афорты і літаграфіі ў выкананні мастака. 

“У апошні час у нейкай меры памяняліся адносіны да мастацтва, — разважае Каміль Камал. — Цяпер могуць цікавіцца, скажам, абрамленнем, рамай, а сама карціна можа быць нікому не патрэбнай. Я не хацеў бы такіх адносінаў да сваіх работ. Хоць, шчыра прызнаюся, не хацеў зрабіць цяперашнюю выставу старамоднай. Хацелася, каб былі нюансы ў падачы. Напрыклад, эскіз у пластыліне “Загадка” я павялічыў да пяці метраў з дапамогай металічнага дроту. Скульптура стаяла каля ўваходу ў музей. Яна задавала тон усёй экспазіцыі”. 

“Натхненне”, 2000
“Натхненне”, 2000

 Дзе б ні дэманстраваліся персанальныя выставы мастака — у Польшчы, Турцыі, Германіі, Азербайджане, Аўстрыі, Галандыі, Італіі або, як адна з апошніх, у Бельгіі, у будынку Еўрапарламента — усе яны праходзяць пад сцягам Рэспублікі Беларусь. Каміля Камала ведаюць у многіх краінах. І добразычлівыя водгукі ў замежнай прэсе ён заўсёды атрымлівае як беларускі мастак. А значыць, гэта робіць гонар не толькі яму самому, але і краіне, якую ён прадстаўляе.
“Мне весела і цікава маляваць свой свет. Я лічу, што ў мастацтве няма канонаў. Кожны выконвае сваю песню. Мастацтва бязмежнае і неабсяжнае... Той, хто шчыры перад сваёй свядомасцю ў мастацтве, той застанецца, а хто няшчыры, той знікне, знікне, нібы яго і не было. Я ведаю адно, што люблю жыццё, сваіх родных, братоў, сясцёр, сяброў і ўсё чалавецтва. Гэта таямніца і мэта маёй творчасці”.

Такое творчае крэда мастака Каміля Камала, азербайджанца, але жыхара Беларусі, выхаванца рускай, а потым і беларускай мастацкіх школ. Яго жывапісныя палотны запоўнены вобразамі, якія ўзніклі з фантазій і філасофскіх разважанняў, успамінаў дзяцінства і досведу мінулых жыццёвых гадоў. Падаецца, што майстар балансуе на мяжы рэальнага і прыдуманага. Ствараецца ўражанне, што ён спрабуе схапіць няўлоўную сутнасць імгнення і не спяшаецца спусціцца да штодзённасці існавання.
Карціны Каміля Камала не зблытаеш з іншымі палотнамі. Ён своеасаблівы, яркі, шчыры, радасны. У яго карцінах ёсць людзі, якія сустракаюцца, разважаюць, узіраюцца ў бясконцую прастору вакол іх. І тады ўзнікае жаданне спыніць свой мітуслівы бег, супакоіцца, угледзецца ў самога сябе. Ды і што ёсць жыццё, калі не імкненне да вечнасці?

“Гульні на краі Зямлі”, 2014
“Гульні на краі Зямлі”, 2014

Для жыхароў усходніх краін (у Турцыі, Азербайджане ў мастака даволі часта праходзяць персанальныя выставы) Каміль Камал даўно ўжо стаў беларускім або еўрапейскім мастаком, у якога ад усходняга засталіся менталітэт і тэмы, навеяныя дзіцячымі ўспамінамі. Еўрапейская мастацкая школа паўплывала на яго развіццё, натуральна ўплялася ў канву яго мастацтва.

Каміль Камал нарадзіўся ў Грузіі. Першыя творчыя крокі зрабіў у Бакінскім мастацкім вучылішчы імя Азім-Задэ. Скончыў тры курсы Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і дойлідства імя І. Рэпіна. Майстэрня Яўсея Майсеенкі і яго класічныя прынцыпы жывапісу сталі першым крокам для блізкага знаёмства з традыцыямі рэалістычнай школы. Некаторы час Каміль Камал жыў у Маскве, у Кіеве. Потым ён прыехаў у Мінск.

У 1984 годзе Каміль Камал стаў студэнтам аддзялення жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Ён спасцігаў навуку колерападзелу пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Крохалева. Праз некаторы час Камал перайшоў на манументальна-дэкаратыўнае аддзяленне інстытута, дзе атрымаў магчымасць аб’яднаць сваё своеасаблівае ўспрыманне свету і прынцыпы майстэрства.

Вось што ўспамінаў народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка, тагачасны загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва: “У ім адчуваўся неардынарны творца. І мне падабалася, што ўдалечыні ад роднага краю ён захаваў нацыянальныя традыцыі. Не хацелася перарабляць яго, а наадварот, было жаданне захаваць у ім самабытнасць і непадобнасць на творчасць беларускіх мастакоў”.

Каміль Камал сапраўды трапіў у атмасферу свабоднай творчасці. Выпускнікі кафедры валодалі майстэрствам стварэння мазаікі, роспісу, энкаўстыкі і вітражоў. Яны бачылі навакольны свет праз абстрагаваныя вобразы, засяроджваліся на форме і пошуку пластычнасці мастацкай мовы, шукалі ў творчасці знакавасць, абагульненні і філасофскія разважанні.

Для манументальных кампазіцый Каміля Камала характэрна вытанчанасць ліній, гармонія колеравага вырашэння, натуральная пластычнасць чалавечых фігур, далікатнасць у распрацоўцы сюжэтаў. Ужо ў першых работах мастака вялікае значэнне надаецца прасторы. Яна адыгрывае самастойную ролю, мае глыбіню і асаблівую знакавасць. За сваю дыпломную працу — манументальны роспіс “Кліч мары” ў 380 квадратных метраў, шматфігурны роспіс у агульнаадукацыйнай школе № 181 у адным з мікрараёнаў Мінска, ён атрымаў стыпендыю Саюза мастакоў СССР. У творчым багажы манументаліста Каміля Камала таксама роспісы ў сталічным магазіне “Медыцынская кніга”, у кафэ “Калабок”, вітражы ў рэстаране “Астара”. Але некаторыя работы засталіся няскончанымі. 

Эскізны варыянт вітража “Асветнікам Азербайджана” Камілю Камалу так і не ўдалося ўбачыць у матэрыяле.

На жаль, у пачатку 1990-х гадоў эканамічная сітуацыя не садзейнічала развіццю манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. І большасць мастакоў-манументалістаў занялася станковым жывапісам, прыўнёсшы ў яго вялікую ступень вобразнай экспрэсіўнасці. Сярод іх быў і Каміль Камал.
Майстэрня мастака знаходзіцца ў Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце пры Беларускім саюзе мастакоў. Плошча яе невялікая, але гэта не перашкодзіла Камілю Камалу зрабіць на яе сценах невялікую выставу. Ён лічыць, што самыя блізкія і дарагія яго сэрцу карціны павінны заўсёды заставацца з ім.

Каміль Камал неахвотна расстаецца са сваімі карцінамі. Яго хвалюе, у чые рукі яна трапіць. Бывалі выпадкі, калі ён проста адмаўляўся ад продажу сваіх работ — і ні разу аб гэтым не пашкадаваў.
“Дыяген — вось герой і бог у маім успрыманні, — гаворыць мастак. — Гэта чалавек, для якога грошы не мелі ніякай цаны. Як і ён, я не шукаю матэрыяльнай выгады, я шукаю вакол сябе людзей…”.

Загадкавасць — адна з рыс творчага таленту Каміля Камала. Мастак захапляецца літаратурай, любіць творы Пушкіна, Амара Хаяма, Канфуцыя… І лічыць мастака “пасрэднікам паміж людзьмі і богам”. Адзін з найбольш важных для яго вобразаў — вобраз дэрвіша, мусульманскага містыка. Падаецца, што сам Камал, як і дэрвішы, кладзе ў аснову філасофіі сваёй творчасці ідэю асабістых узаемаадносінаў чалавека і Бога праз маўклівае сузіранне, якое дае чалавеку менавіта мастак.
Некаторыя яго работы так і называюцца: “Страсць дэрвіша”, “Дэрвіш. Жалейка жыцця”. На іх — адзінокая фігура чалавека, які знікае ўдалечыні. Для мастака дэрвіш стаў зборным вобразам мудрасці. І неабавязкова, каб гэта быў менавіта чалавек. У скульптурным адлюстраванні дэрвішам становіцца птушка. Жывапіснае палатно “Дэрвіш, які нясе святло” асабліва важнае для разумення светаадчування мастака. У вязкай карычнева-жоўтай прасторы вырысоўваецца фігура чалавека. Яна дакладна не абазначана, яе абрысы губляюцца ў прасторы, адкуль прыйшоў дэрвіш, і адначасова — у руху наперад. Барадаты стары мудрэц нясе ў руках свечку. Чалавек у пустэчы бездухоўнасці шукае ісціну, але шлях гэты складаны і няпросты.

Тэма духоўных пошукаў, духоўнага шляху, на якім мы ўсе падарожнікі, часта сустракаецца ў літаратуры і мастацтве, асабліва ўсходніх. “Вось адзін чалавек нерухома сядзіць усё жыццё ў чайхане прыдарожнай, пыльнай і расказвае казкі ў паветра, у вецер нямы, а яго ведае ўвесь свет. А другі падарожнічае па ўсім свеце. І ніхто яго не ведае, акрамя дарожнага пылу, дзе ступалі нікчэмныя ногі яго або беглі бясследныя колы яго…” — гаварыў Хаджа Насрэдзін. Вось і мастак расказвае казкі на палатне, і перад ім разгортваецца карціна свету, сённяшняга і былога. Адно з найбольш любімых жывапісных палотнаў Каміля Камала так і называецца — “Лёс любімага горада”. Пераказаць змест работы складана. Высокая скала ўпіраецца ў небасхіл. На адной з пляцовак стаяць вярблюды. Замест гарбоў на адным з іх праглядаецца сілуэт старажытнага горада. Пакутлівы і складаны лёс сваёй Радзімы — вось што імкнуўся паказаць аўтар у гэтай карціне.

Амаль усе карціны Каміля Камала знакавыя. Знакамі становяцца для яго дрэвы як сімвалы жыцця, птушкі як сімвалы вечнасці, звяры, якія нагадваюць львоў, тыграў, сланоў, нават свойскіх козачак або наогул фантастычных істот, анёлы, камяні, кветкі. Гэта — астравы вечнасці, забытыя кавалачкі раю, дзіцячыя сны і казкі…

Нечакана цікава і ярка раскрыўся ў апошнія гады талент Каміля Камала ў графіцы. Яго літаграфіі і афорты здзіўляюць віртуознасцю, лёгкасцю ліній, філасофскай глыбінёй вобра­заў. Графіка мастака часта становіцца часткай афармлення кніг Алеся Карлюкевіча, Ганада Чарказяна, Цімура Зульфікарава.

А апошнія некалькі гадоў Каміль Камал захапіўся скульптурай. Свае работы ён абавязкова адлівае ў бронзе. Мастак спрабуе гуляць са святлаценем, пакідае некаторыя часткі або фігуры незавершанымі. Эфект атрымліваецца нечаканым. Мастак дасягае вытанчанасці, пачуццёвасці, унутранай моцы.
Калі Каміль Камал разважае аб сваім жыцці, ён адчувае сябе азербайджанцам. І беларусам таксама, таму што менавіта на гэтай зямлі раскрыліся ўсе яго таленты.

Ён марыць напісаць карціну — аб Усходзе і Захадзе. Але не для таго, каб падкрэсліць сузіральнасць адной часткі свету і прагматычнасць другой. Каміль Камал марыць хаця б у сваіх карцінах пабудаваць новую вавілонскую вежу.

Дарэчы, сёння работы Каміля Камала знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Фондах Беларускага саюза мастакоў, у Міністэрстве культуры Беларусі, у шматлікіх пасольствах, акрэдытаваных у Мінску. А таксама яго творы ёсць у прыватных калекцыях у Аўстрыі, Азербайджане, Англіі, Германіі, Галандыі, Ізраілі, Італіі, Кітаі, Расіі, ЗША, Францыі.

Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter