Ці патрэбны малы памочнік на кухні?

Гульні са смакам

Табе здаецца, што сядзець у дэкрэтным адпачынку так проста? Аднак толькі да таго часу, пакуль сам у гэты дэкрэт не трапіш. Даводзіцца не толькі гуляць з малым, але яшчэ і прыбірацца, мыць бялізну, прасаваць, гатаваць... Са сталеннем дзіцяці рабіць гэта становіцца ўсё больш і больш складана — малое менш спіць і ўсё больш актыўна спрабуе пазнаваць свет. Аказваецца, ёсць спосаб сэканоміць час і захапіць дзіця новым заняткам — гатаваць разам.
Фото guarderiasgigi.com

Летась у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшла цудоўная дзіцячая энцыклапедыя “Гатуем з дзецьмі. Сакрэты маленькага повара”. Яе аўтар — маці двух хлопчыкаў (на той час двух і трох гадоў) Ірына Бардашэвіч. Аднойчы яна вырашыла правесці эксперымент — дазволіць малым дапамагаць ёй на кухні. І заўважыла: паспявае зрабіць больш хатніх спраў, малыя заўсёды дагледжаныя, поўныя жадання не толькі дапамагаць маме і вучыцца. Лічыць, адрозніваць колеры, запамінаць новыя словы — аказваецца, усё гэта можна рабіць падчас гатавання. Акрамя таго, запэўнівае аўтар, кулінарыя развівае творчы патэнцыял дзяцей і распальвае іх апетыт — трэба бачыць, як ядуць прыгатаваныя ўласнымі рукамі стравы гэтыя маленькія “нехачухі”!

Вы можаце згаджацца або не наконт карысці сумеснага знаходжання на кухні. Аднак спярша проста паспрабуйце прыгатаваць разам з малым блінчыкі, бутэрброд або які-небудзь салацік.


Простыя правілы


Нехта скажа, што гатаваць разам з малымі дзецьмі — толькі стрэс. Але, калі кіравацца пэўнымі правіламі, сумеснае гатаванне ператвараецца ў сапраўднае задавальненне.

•  Не цягніце малое прымусам на кухню. Лепш папрасіце яго аб дапамозе або ператварыце гатаванне ў гульню.

•  Дайце адчуць дзіцяці яго значнасць — выдзеліце яму спецыяльнае месца, прапануйце самому выбраць страву для гатавання з некалькіх варыянтаў.

•  Выбірайце простыя рэцэпты, улічваючы ўзрост і здольнасці вашага памочніка.

•  Даручайце яму простую працу, давайце пакрокавыя ўказанні.

•  Купіце або змайструйце самі для малога кулінара фартух і каўпак — няхай адчуе сябе шэф-поварам.

•  Даверце дзіцяці мыццё посуду. Звычайна малым падабаецца валтузіцца ў вадзе.

•  Пасля гатавання можаце пагуляць з малым у “рэстаран” — урачыста накрыць стол, прыгожа скруціць сурвэткі і гэтак далей.


Рэцэпт з кнігі “Гатуем з дзецьмі. Сакрэты маленькага повара”


Смешная яечня


Вам спатрэбяцца: балгарскі перац — 2 шт. (лепш рознага колеру), курыныя яйкі —  2 шт., сметанковае масла — 50 г, кавалачак каўбасы салямі і кавалачак сыра, зеляніна.

Перцы вымыйце і адрэжце два кружочкі. Разагрэйце патэльню і распусціце сметанковае масла. Выкладзіце туды перац. Разбіце ўнутр кожнага перчыка па адным яйку. Смажце да гатоўнасці. А цяпер самае цікавае! Выкладзіце яйкі на талерку — гэта вочы. Нос, рот, бровы можна зрабіць з сыру, каўбасы, зеляніны і ўсяго, што ёсць пад рукой.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter