Наши скромные ученые и Нобелевская премия

Гульнi нашага розуму

Грашовая прэмія за высокi IQ? Такое цалкам магчыма. Ужо больш за сотню гадоў самыя-самыя разумныя прадстаўнiкi чалавецтва — вучоныя i вынаходнiкi, лiтаратары і грамадскiя дзеячы — становяцца нобелеўскімі лаўрэатамі. Вось і ў гэтым годзе на Нобелеўскім тыднi, якi, дарэчы, завяршаецца 14 кастрычніка, назвалi шэраг новых iмён. Канешне, нобелеўскi спiс-2019 не закрыты, але тыя шчасліўцы, што ўжо вядомыя, безумоўна, заслугоўваюць увагі. Фізіка, хімія, фізіялогія і медыцына, літаратура — прычын адзначыць лепшыя розумы наогул нямала. Геаграфія перамог традыцыйна самая розная. Больш за тое, многія адзначаныя камiтэтам дасягненні часта справа рук не аднаго, а цэлай шматнацыянальнай групы навукоўцаў.

proza.ru

Адзін з прыкладаў таго — прэмія па фізіялогіі і медыцыне, лаўрэаты якой сталі вядомыя першымі. Амерыканцы Грэг Семенца, Уільям Келін-малодшы і англічанін Пітэр Рэткліф адкрылі малекулярныя механізмы прыстасавання клеткі да ўзроўню кіслароду. Дзякуючы іх распрацоўцы навука і медыцына атрымалі важныя для чалавецтва звесткі аб прычынах узнікнення цэлага шэрагу захворванняў — інсультаў, інфарктаў, раку. А значыць, ёсць дапамога для барацьбы з імі.

Не стала выключэннем прэмія па хіміі, якую прысудзілі адразу тром навукоўцам — амерыканскаму фізіку Джону Гудзенафу, брытанскаму хіміку Стэнлі Уіцінгему і японскаму хіміку Акіра Ёшына. Усе яны ўнеслі значны ўклад у развіццё гэтак папулярных сёння літый-іонных батарэй, якія зрабілі рэвалюцыю ў нашым жыцці і сёння выкарыстоўваюцца паўсюдна — ад мабільных тэлефонаў да ноўтбукаў і электрамабіляў.

Прэмія па фізіцы таксама аб’яднала намаганні розных краін. Канадска-амерыканскі фізік Джэймс Піблз, прафесар Прынстана і адзін з галоўных тэарэтыкаў сучаснай касмалогіі і яе фізічнага асэнсавання, быў узнагароджаны за тэарэтычныя адкрыцці ў галіне фізічнай касмалогіі. Ён быў адным з тых, хто прадказаў існаванне рэліктавага выпраменьвання, які запоўніў Сусвет пасля Вялікага выбуху. Другую частку прэміі атрымалі швейцарскія астраномы Мішэль Маер і Дзідзье Кело за адкрыццё экзапланет. 

Зрэшты, нобелеўскае лідарства шмат гадоў утрымліваюцьЗША, якія далі свету каля 400 лаўрэатаў. Далей у рэйтынгу — Вялікабрытанія і Германія. А як жа Беларусь, якая па праве лічыцца адным з лідараў у свеце па ўзроўні IQ у насельнiцтва? На жаль, наша дачыненне апасродкаванае. Каля трох дзясяткаў нобелеўскіх лаўрэатаў мелі беларускія карані, але атрымлівалі ўзнагароду як грамадзяне зусім іншых краін.

Адным з самых вядомых, мабыць, быў лаўрэат па фізіцы 2000 года за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур Жарэс Алфёраў. Шымон Перас, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2009-га, — таксама ўраджэнец нашай краіны. І гэтак далей. Але ж першым і адзіным афіцыйным лаўрэатам ад нашай краіны за 2015 год значыцца толькі Святлана Алексіевіч. 

Хаця тымі ж праблемамі забеспячэння кіслародам тканак чалавека актыўна займаюцца нашы навукоўцы з Інстытута фізікі НАН. Больш за тое, для прамога назірання за малекуламі сiнглетнага кіслароду тут створаны высокаадчувальны лазерны дазіметр. Вядуцца ў нас даследаванні ў галіне астрафізікі і касмалогіі. У тым жа Інстытуце фізікі створаны філіял Міжнароднага цэнтра рэлятывісцкай астрафізікі ICRANET. Наступным крокам стане ўваходжанне краіны як удзельніка ў Міжнародны цэнтр ICRANET, што павінна адкрыць новыя магчымасці для беларускіх навукоўцаў, каб яны маглi выйсці наперад сусветнай навукі.

Але што не дае беларускім вучоным больш падрабязна расказаць свету пра нашы дасягненні? Яшчэ ў мінулым годзе, адказваючы на гэтае пытанне, старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў сказаў так: сціпласць. Пры гэтым ён адзначыў, што ў цэлым шэрагу галiн мы абсалютна не саступаем распрацоўкам амерыканскіх, японскіх, заходнееўрапейскіх навукоўцаў.

Вядома, падача заяўкі на гэты прэстыжны конкурс — працэдура няпростая. Гэта складана, доўга і дорага. І ўзнагарода не будзе гарантаванай. Дык ці варта спрабаваць? Але, як кажуць спартсмены, гэта той выпадак, калі і ўдзел — ужо вялікая перамога. Незалежная ад рашэння журы.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter