Вінаваты дарослыя? У чым прычына апошніх нечаканых дзіцячых смярцей

Гульні на выжыванне

Падчас канікул многія школьнікі атрымалі магчымасць не толькі адпачываць, але і гуляць без кантролю дарослых. На жаль, некаторыя з забаў прывялі да трагедый. Літаральна за не­калькі апошніх дзён у выніку няшчасных выпадкаў двое дзяцей загінулі, яшчэ двое знаходзяцца ў цяжкім стане.

Здарэнне ў Магілёве яшчэ адзін трагічны напамін аб тым, што дзяцей нельга пакідаць без нагляду.
Фото БЕЛТА

Нагадаем, тыдзень таму ў Свіслачы ледзь не патануў 9-гадовы хлопчык. Гуляючы з сябрам па дамбе ў раёне вуліцы Даўмана, ён вырашыў праверыць, ці прамокнуць у вадзе чаравікі, паслізнуўся і апынуўся ў рацэ. На бераг яго выцягнулі без прытомнасці, некалькі дзён дзіця знаходзілася паміж смерцю і жыццём, але зараз, хочацца спадзявацца, пойдзе на папраўку.

А вось рэаніміраваць 6-гадовую дзяўчынку, якая апынулася ў сажалцы ў Полацкім раёне, не ўдалося. Дзіця гасціла ў бабулі з дзядулем і засталося без нагляду, калі тыя заняліся гаспадарчымі справамі. Дзяўчынку знайшлі ў вадаёме, які знаходзіцца проста ў двары і нічым не агароджаны. Медыкам засталося толькі канстатаваць смерць дзіцяці.

У той жа дзень у вёсцы Лішкі Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці трапіў пад машыну 8-гадовы хлопчык, які гасціў у дзядулі. Дарослы рамантаваў грузавік, прыпаркаваны на абочыне, унук круціўся вакол. У нейкі момант выскачыў на праезную частку, дзе яго збіла машына. Хлопчык атрымаў пералом нагі.

Шырокі рэзананс выклікала трагедыя ў Магілёве, дзе два хлопчыкі аказаліся завалены плітой на закінутай будоўлі. Адзін са школьнікаў загінуў адразу, за жыццё другога змагаюцца ўрачы з усёй краіны. Стан дзіцяці вельмі цяжкі.

— Статыстыка сцвярджае, што менавіта ў час канікул назіраецца рост колькасці дарожна-транс­партных здарэнняў з удзелам дзяцей, — заўважае Алег Цюрын, начальнік аддзялення агі­тацыі і прапаганды ДАІ УУС Мінаблвыканкама. — Гэта звязана з адсутнасцю належнага кантролю за паводзінамі малых, асабліва тых, якія адпачываюць у дзядуль і бабуль у сельскай мясцовасці. Дарослыя займаюцца звыклымі гаспадарчымі справамі, лічачы, што ў вёсках дзеці знаходзяцца ў бяспецы. Як паказвае практыка, гэта далёка не так.

Па факце кожнага трагічнага выпадку следчыя скрупулёзна праводзяць праверку. Любое здарэнне з дзецьмі знаходзіцца на асобым кантролі. Прычыны і ўмовы, якія прывялі да цяжкіх наступстваў, абавязкова высветляць. Але ж гэта не верне дзецям ні жыццё, ні здароўе.   

— Мы просім сачыць за дзецьмі, берагчы іх і заўсёды ведаць, дзе яны, як бавяць час, — заклікала Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта.

Ва ўсіх пералічаных выпадках пацярпелыя блізкія па ўзросце. Гэта якраз той перыяд, калі дзеці вельмі цікаўныя, але яшчэ дрэнна ўсведамляюць, якая небяспека можа ім пагражаць.


nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter