Спектаклі сёлетняга фестывалю тэатраў лялек будуць прадстаўляць культуру сямі краін

Гульні для дарослых

Міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску — падзея не радавая. І не толькі таму, што ў нашых артыстаў з’яўляецца магчымасць сябе паказаць і на іншых паглядзець. Гэта яшчэ і добры выхаваўчы і пазнавальны момант для гледача: у лялек шмат чаму можна павучыцца.

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек прадставіць «Пансіён Belveder».
teart.by

Калі перайсці на мову лічбаў, то навіны такія: на дзясятым фестывалі будзе прадстаўлена 14 спектакляў з сямі краін, на працягу чатырох дзён іх пакажуць на пяці пляцоўках горада. Калі ж уважліва паглядзець, што за гэтым хаваецца, то ўжо зараз, не чакаючы мая, можна пляскаць у далоні. Але найперш трэба даведацца, што гэта за спектаклі, па якім прынцыпе іх адбіралі. Адказвае мастацкі кіраўнік фестывалю, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі:

— У нас ніколі не было задачы паказаць самае папулярнае ці дарагое — гэта чыста суб’ектыўныя ацэнкі. Мы хочам прадставіць культуры розных народаў. Гледачы атрымаюць эмоцыі ад дотыку да жыцця розных краін, у тым ліку тых, пра якія мы мала ведаем. Выбіраем спектаклі разнастайныя, але абавязкова тыя, што будуць зразумелымі і даступнымі тым, хто прыйдзе ў залы.


Расія, Францыя, Ізраіль — гэтыя краіны не ўпершыню ў афішы лялечнікаў. А вось Іран, Іспанія і Балгарыя — сапраўдны сюрпрыз для тых, хто цікавіцца гэтым мастацтвам, бо ў Мінску пастаноўкі гэтых народаў яшчэ ніколі не бачылі. Дарэчы, за ўсе папярэднія фестывалі Беларусь наведалі больш за 600 тэатраў з розных куткоў свету.

Сёлетняя нечаканасць — толькі два спектаклі для дзяцей. Аляксей Ляляўскі апраўдваецца: сапраўды атрымаўся ўпор на дарослую аўдыторыю, але гэта ненаўмысна. Выбіралі зусім не па ўзроставым цэнзе, галоўны крытэрый — наколькі той ці іншы спектакль прадстаўляе культуру краіны, рэгіёну. А атрымалася так, што ёсць нагода яшчэ раз успомніць: лялечны тэатр не толькі для дзяцей.

Дарэчы, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек будзе прадстаўляць «Пансіён Belveder», пастаўлены італьянцам Матэа Сп’яцы. Дзіўна? Дырэктар установы і адначасова фестывалю Яўген Клімакоў ніякай супярэчнасці не бачыць. Так, рэжысёр меў нейкае сваё бачанне спектакля, пэўныя напрацоўкі, але канчаткова ён складзены непасрэдна на сцэне разам з артыстамі. Бязбеднае жыццё ў нятанным пансіёне — не зусім беларуская гісторыя? Але колькі зразумелага і ўласцівага нам у гэтых абставінах.

Мінскі фестываль цікавы тым, што акрамя міжнароднай праграмы ёсць і нацыянальная. Прычым арганізатары ставяць паміж імі знак роўнасці. Тэатры з Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля, Магілёва і Маладзечна прывязуць самыя свежыя работы, створаныя на стыку традыцый і эксперыменту. Дарэчы, адзін з дзіцячых спектакляў — «Умка» — пакажа віцебская «Лялька». Другі — «Кравец» ад ізраільскага The Train Theater.

Традыцыйна падчас фестывалю будуць праходзіць майстар-класы, дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Як і два гады таму, незабыўны вечар абяцае гурт «Нагуаль», музыканты падрыхтавалі новую праграму з кампазіцый, створаных спецыяльна для тэатраў лялек.

Вядома, ёсць у арганізатараў гэтага свята і пэўныя цяжкасці. Адсутнасць пастаяннай дырэкцыі — самы вялікі мінус у гэтай справе. Па гэтай прычыне праграма пачынае збірацца літаральна за некалькі месяцаў да пачатку фестывалю. У самых запатрабаваных тэатраў афішы і гастролі распісаны надоўга наперад, і свабоднае «акно» для мінчан знаходзіцца не ва ўсіх. Але хоць і нельга сёлетнюю праграму назваць мяжой мары для яе стваральнікаў, наведаць некалькі спектакляў яны настойліва рэкамендуюць. Краіны і прозвішчы не ўдакладняюць. Але ў любым выпадку пацікавіцца афішай і набыць білет трэба загадзя. Пустых месцаў на гэтым фестывалі не бывае.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter