Гульні розуму

У Брэсцкай абласной бібліятэцы адкрылася зала электронных рэсурсаў...

У Брэсцкай абласной бібліятэцы адкрылася зала электронных рэсурсаў

Можна доўга спрачацца, ці хутка знікне кніга і наогул патрэба ў бібліятэках, але гэтыя ўстановы і да цяперашняга часу паспяхова функцыянуюць і карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў старэйшага пакалення. Каб зрабіць працу з крыніцамі інфармацыі больш зручнай і камфортнай, кіраўніцтва Брэсцкай абласной бібліятэкі вырашыла стварыць адмысловую залу. І вынік не прымусіў доўга чакаць: днямі яна прыняла першых наведвальнікаў. Аб тым, што папярэднічала стварэнню залы і што плануе бібліятэка, карэспандэнт «Р» пацікавіўся ў адміністратара сектара электронных рэсурсаў Алены Васілечка.

Паводле слоў спецыяліста, стварэнне залы стала магчыма дзякуючы дзяржаўнай праграме «Культура» і спонсарам з ліку брэсцкіх фірм.

— Перыядычна наша бібліятэка атрымлівае сродкі для набыцця новай тэхнікі і абсталявання, — расказвае Алена. — Гэтым разам атрыманыя з дзяржаўнага бюджэту і ад мецэнатаў грошы мы вырашылі патраціць на новыя камп’ютары для залы электронных рэсурсаў. Цяпер іх чатыры, а хутка дадасца яшчэ адзін.

Гэта не азначае, што ў новай зале адначасова могуць працаваць толькі чатыры асобы. Тэхналогія бесправаднога доступу дазваляе кожнаму, хто мае ўласную электронную прыладу, падключыцца да Сусветнай сеткі на хуткасці 6 мегабіт у секунду. Такім чынам, уладальнікі ноўтбукаў, планшэтаў і смартфонаў тут таксама жаданыя госці. Месцаў для працы ў зале больш за дзесяць. Нават калі прылада разрадзіцца, не праблема падзарадзіць яе, бо ўсюды прадугледжаны разеткі. А калі шнур караткаваты, можна выкарыстаць падаўжальнік.

— Што тычыцца рамонту, то карэнным чынам памяшканне мы не перараблялі, але досыць цікавае рашэнне ўдалося знайсці, — гаворыць Алена. — Паколькі новая зала арыентуецца ў асноўным на студэнтаў і моладзь, мы вырашылі нейкім чынам упрыгожыць самую вялікую сцяну. Шчырае дзякуй брэсцкаму ілюстратару Ганне Радзько, якая бясплатна размалявала яе паверхню.

На кожным з камп’ютараў усталяваны базы даных. У першую чаргу гэта Сусветная лічбавая бібліятэка, у якой сабраны літаратура і дакументы па ўсіх сферах дзейнасці. Можна праз абласную бібліятэку ажыццяўляць пошук і ў зборніках вучэбнай літаратуры па гуманітарных навуках.

— Акрамя гэтага, мы прапануем доступ да замежнай і айчыннай перыёдыкі, а таксама магчымасць карыстацца ўнутранымі рэсурсамі бібліятэкі — электронным каталогам і бібліягра­фічнымі інфармацыйнымі базамі, — расказвае адміністратар сектара электронных рэсурсаў. — Вельмі важна, што пры дапамозе віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі і нашы чытачы могуць атрымліваць інфармацыю з базы даных «Інтэгрум».

За першыя дні працы новай залы яе паспелі наведаць больш за дзесяць чалавек. Можа падацца, што гэта мала, але сектар электронных рэсурсаў гэтую лічбу расцэньвае як поспех.

— Шчыра кажучы, не думала, што праз дзень пасля адкрыцця ўвогуле хтосьці прыйдзе, — дзеліцца Алена, — але людзі ішлі і працягваюць ісці. Некалькі дзён таму ў гасцях былі студэнты Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна. Што цікава: першае пытанне, якое я чую, — ці платныя ў нас паслугі. Даводзіцца тлумачыць, што за грошы ў нас толькі сканіраванне ці ксеракопія.

Дарэчы, штомесяц бясплатна ладзіць Брэсцкая абласная бібліятэка курсы камп’ютарнай пісьменнасці, а таксама працы ў Інтэрнэце. Навучанне звычайна працягваецца чатыры дні, пасля чаго чалавек можа ўпэўнена карыстацца сучаснымі тэхналогіямі.

— На платнай жа аснове мы мяркуем праводзіць курсы паглыбленага вывучэння карысных для людзей праграм, — адзначыла Алена.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter