На дудках в свое время играли не только музыканты, но и пастухи

Гукі мінулых стагоддзяў

На дудках у свой час ігралі не толькі музыкі, але і пастухі

Дудкі ва ўсходніх славян вядомы з першай паловы другога тысячагоддзя да нашай эры. Першапачаткова невялікія трубкі даўжынёй 35—40 сантыметраў выкручвалі з кары хвоі, вярбы, ліпы, асіны, вольхі, ракіты ці трыснягу. Але інструменты, вырабленыя такім спосабам, былі недаўгавечныя. І з цягам часу дудкі пачалі выразаць з дрэва — ясеню, клёну, грабу, крушыны, алешыны. Працэс гэты быў не такі просты. Спачатку рабілі загатоўку з самага роўнага кавалка дрэва, затым сушылі цэлы год, пасля рабілі свісток і, нарэшце, настройвалі дудку. Прычым для таго каб вырабіць дудку, піша аўтар кнігі «На чым іграе музыка» Надзея Дзямідава, неабходна было зрабіць восем загатовак. З іх адбіралася адна.


Да нядаўняга часу дудкі гучалі на вяселлях, падчас народных абрадаў і свят. Да прыкладу, у Барысаўскім павеце, піша Дзямідава, тых, хто іграў на дудцы, запрашалі на выбранне «вясноўкі» падчас Гукання вясны. Вясноўка сядзела на баране, а вакол яе вадзі­лі карагод юнакі і дзяўчаты, якія ігралі на дудках.

Цікава, што выкары­стоўвалі гэты інструмент не толькі музыкі, але і пастухі. У сельскагаспадарчай практыцы дудкі выконвалі сігнальную і арганізацыйную функцыі. З дапамогай найгрышаў пастух апавяшчаў пра час выгану жывёлы, дойкі, вяртання ў вёску. Былі і спецыяльныя гукі, якія сігналізавалі пра тое, што згубілася карова, з'явіліся драпежнікі ці здарылася яшчэ што-небудзь.

Фото  pexels.com


Беларусы музычныя трубкі называлі не толькі дудкамі. Выкарыстоўваліся такія назвы, як «пасвісцёл», «свірэсцелка», «сапелка», «пішчалка», «шасціроха», «жалейка». Дарэчы, жалейка часта ўзгадваецца ў беларускім фальклоры і ў прафесійнай паэзіі. Напрыклад, на пачатку XX стагоддзя так назваў свой першы зборнік вершаў Янка Купала.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter