Сэрца калекцыі — свістулькі, якія маглі выкарыстоўвацца і як цацкі, і як музычныя інструменты. Цікавыя знаходкі — свістулькі-дудачкі, свістулькі-конікі і г.д. Асобнай увагі заслугоўвае экзэмпляр, знойдзены ў 2018 годзе на тэрыторыі Верхняга замка, — свістулька «Салавей» у выглядзе маленькага гаршка памерам 6,3 х 6,0 х 4,5 см са свістком на тулаве. Калі ў гаршчок наліць вады, свістулька гучыць з пералівамі, быццам птушка спявае.
Свістулькі выраблялі ў розных ганчарных цэнтрах. Але ў полацкай цацкі ёсць характэрная асаблівасць — зааморфная пластыка, ангобны роспіс. Полацкія свістулькі рабілі з мясцовай тлустай гліны, якая пасля абпалу набывае характэрны чырвона-карычневы колер. Фігуркі амаль не раздзяляліся, яны статычныя, франтальныя і, нягледзячы на невялікія памеры, здаюцца нейкімі надзвычай манументальнымі. Праляжаўшы сотні гадоў у зямлі, цацкі і сёння здзіўляюць звонкім і аб’ёмным гучаннем. Прычым у залежнасці ад памеру іх полай часткі гук можа быць высокім пранізлівым або больш нізкім.
Сёння асноўным носьбітам традыцыі вырабу Полацкай свістулькі з’яўляецца Кацярына Зяленская — майстар па кераміцы ДУК «Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур». Кацярына — лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу майстроў па кераміцы і ганчарству «Гліна спявае» ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», узнагароджана дыпломамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Майстар не толькі займаецца вырабам свістулек па ўзорах знойдзеных артэфактаў, стылізаваных свістулек паводле традыцыйных форм, але і вучыць гэтаму іншых. У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур з 2016 года працуе гурток па лепцы з гліны «Скульптура і кераміка», з 2019-га — дзіцячая студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Гарлачык». Традыцыя жыве. І ёсць шанц, што ўнікальным полацкім свістулькам хутка будзе нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі.
infong@sb.by
Фотаздымкі ДУА «Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур».