Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Мінскі квартэт “Вrevis” адзначыў 20-гадовы юбілей святочным канцэртам

Гукі чароўных флейтаў

Павел Сурагін выкладае музыку, ён і кіраўнік квартэта блокфлейтаў “Вrevis”. Сваёй апантанасцю музыкай, адданасцю ёй многіх далучае да прыгажосці класічных твораў. Павел закончыў Мінскі інстытут культуры й мастацтва ў 90-я, прыйшоў працаваць у 13-ю мінскую сярэднюю школу, дзе стварыў для вучняў клас флейты. У 1997-м па прыкладзе Андрэя Канстанцінава, кіраўніка ансамбля “Контрданс” з Баранавічаў, заснаваў з вучнямі музычны гурт “Вrevis”. Калектыў адзначыў 20-годдзе і прадставіў слухачам юбілейны канцэрт. Цяпер у складзе квартэта граюць дзве ўзроставыя групы.

Квартэт “Вrevis” грае ў галерэі “Універсітэт культуры”

Першы  поспех прыйшоў да Паўла Сурагіна і яго выхаванцаў у 2002-м на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. І 2006-ы быў надзвычай плённым для артыстаў. Яны сталі лаўрэатамі Нацыянальнага тэлефестывалю “Сузор’е надзеі”, лаўрэатамі I прэміі міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.-К. Агінскага. Тады ж калектыў атрымаў грант Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — каб набыць музінструменты, з якімі музыкі й цяпер выходзяць да публікі. У 2010-м квартэт “Вrevis” выступаў на Рэспубліканскім фестывалі да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.

У 2012-м быў Гран-пры на Міжнародным фестывалі “Кубак Еўропы”, лаўрэацтва на фэсце старадаўняй музыкі ў замку Мальбарк. У 2016-м гурт з поспехам выступіў у Маскве, а ў лютым 2017-га года стаў дыпламантам агульнапольскага конкурсу ансамбляў старадаўняй музыкі, атрымаў прэмію Belbrend. Флейтысты з поспехам бяруць удзел у фестывалях старадаўняй музыкі: “Сузор’е надзеі”, “Мірскі замак”, “Меч Лідскага замка”, “Музыка беларускіх сядзібаў” і ў рыцарскіх фэстах. Вытанчаныя, узнёслыя мелодыі гралі яны для слухачоў Паставаў, Віцебска і Міра, гарадоў Польшчы і Нямеччыны.

Віртуозныя музыкі выконваюць складаныя творы, пісаныя для фартэпіяна, аргана, клавесіна і адаптаваныя для блокфлейты. Гучаць творы Баха, Гендэля, Моцарта, Куперэна і сучасных кампазітараў. І яшчэ такую музыку стваралі прыдворныя кампазітары караля Стэфана Баторыя. На хвалях мелодый слухачы ўяўляюць сабе, як пад гукі флейты, лютні, дуды, скрыпак і свірэляў у палацах Слуцка, Нясвіжа, Ружанаў і Слоніма на балях у ВКЛ танчыла беларуская шляхта й  еўрапейскія арыстакраты.

Квартэт ужо выпусціў 6 кампакт-дыскаў. Саюз музычных дзеячаў Беларусі ўзнагародзіў гурт “ Вrevis” ганаровай граматай за высокі ўзровень майстэрства і папулярызацыю твораў класікі. 

Павел Сурагін
Павел Сурагін расказаў мне, з чаго пачынаў працу: “У мяне былі дзеці, якім была цікавая старадаўняя музыка. Даводзілася ўсё рабіць самастойна: набываць інструменты за свой кошт, шыць касцюмы, выбіраць творы, якія падабаюцца, адаптаваць іх... У Беларусі не было яшчэ класа блокфлейтаў, як і нотнага матэрыялу. Калі дзеці выйшлі на сцэну ў старадаўніх строях і бярэтах, калі зайгралі на флейтах музыку Гендэля — уражанне было непаўторнае!”.

Цяпер у старэйшы склад ансамбля ўваходзяць яго былыя вучні, якім па 21-27 гадоў. Паказваюць высокі ўзровень майстэрства. Аляксей Ладзік закончыў Беларускую Акадэмію музыкі, працуе ў Музычным тэатры. Аляксей Чарнавокі — у Вялікім тэатры. Канстанцін Алехна і сын Паўла, Уладзіслаў, працуюць праграмістамі. Інтэлектуалы па родзе заняткаў, яны маюць вялікі канцэртны досвед выканаўцаў: часам гралі па 7-10 канцэртаў на месяц.

Музыкі з малодшага складу гурта, прадаўжае аповед Павел Сурагін, вучацца ў школе: “Калі малому цікава, то ён з ахвотай бегае на рэпетыцыі — хоць па сем разоў на тыдзень. Са старэйшым складам гурта ў нас быў менавіта вось такі графік рэпетыцый, а цяпер — 4-5 разоў на тыдзень. Такія таленавітыя дзеці як, напрыклад, Антон Стасюк, выдатна валодаюць флейтай. Па віртуознасці яны пераўзыходзяць дарослых. Я ганаруся Лізай Федасеенкай, Даніілам Харлапам ды іншымі”.

Квартэт “Вrevis” — надзвычай мабільны гурт. Некалькі разоў яго запрашаў на свае мерапрыемствы маэстра Міхаіл Фінберг. Артысты шмат вандруюць: Люксембург, Польшча, Літва, Арабскія Эміраты, Паўднёвая Карэя, не аднойчы гастралявалі ў Германіі. Немцам, удакладняе Павел, такая музыка вельмі даспадобы: “Бывае так: сёння граем у Навагрудку, заўтра — у Вільнюсе, паслязаўтра — у Варшаве. Альбо ў Германіі мы выступалі з раніцы ў Вісбадэне, а ўвечары — у Майнцы”.

Эла Дзвінская

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter