Гукі музыкі ў “Паўночных Афінах”

Напоўніць музыкай і жыццём сядзібу выдатнага кампазітара і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, якая доўгія гады знаходзілася ў запусценні, парастаючы травамі і хмызняком, удалося дзякуючы праекту “Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў”, які Смаргонскі выканаўчы камітэт рэалізоўвае сумесна з дырэкцыяй Тракайскага нацыянальнага парку ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь”.

У стылі рэтра Праект, фінансавая падтрымка якога з боку Еўрасаюза склала больш за 575 тысяч еўра (каля 6 млрд 927 млн беларускіх рублёў), ахапіў адраджэнне сядзібы кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў смаргонскім Залессі і палаца графа Юзафа Тышкевіча ў літоўскім Ужутракісе, якія між іншым звязаны паміж сабой гістарычна. Вядома, што бацька і дзед Міхала Клеафаса Агінскага ў свой час былі ваяводамі ў Троках, а сам Міхал Клеафас разам з Тышкевічам, будучы гаспадарамі суседніх маёнткаў, аказвалі вялікі ўплыў на культурнае жыццё рэгіёна. На рэалізацыю беларускай часткі праекта Еўрапейская камісія выдзеліла 212 тысяч еўра (больш за 2 млрд 836 млн беларускіх рублёў).

— Сродкі былі затрачаны не толькі на рэканструкцыю самога памяшкання, але і на набыццё адпаведнага рыштунку, — расказаў намеснік страшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко. — У залу былі куплены нямецкі канцэртны раяль і стылізаваная мэбля, якую спецыяльна вырабіла Бабруйская фабрыка. Сёння залу сапраўды не пазнаць. Памяшканне аформлена ў мяккім, прыемным для вока аліўкавым колеры, са столі звісаюць шыкоўныя жырандолі, а ў зале стаяць каля дзевяноста стыльных і зручных крэслаў, вырабленых пад даўніну. А якая тут акустыка! Усё гэта змаглі ацаніць тыя, каму пашчасціла пабываць на першым канцэрце ў адноўленай канцэртнай зале сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага “Палацавыя песні і паэзія”, які далі артысты з Літвы і група беларускіх танцораў гісторыка-танцавальнага праекта “Эпоха князя Міхала Клеафаса”.

Гэткае ж свята музыкі і танцаў было арганізавана за тыдзень і ў літоўскім Ужутракісе — як знак усталявання новых міжнародных сувязяў у сферы культуры паміж рэгіёнамі. Водар кавы Палац сапраўды ажыў. І няхай да заканчэння рэканструкцыі яшчэ амаль паўгода (афіцыйнае адкрыццё музейнага комплексу запланавана на дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага — 25 верасня), канцэрт здолеў удыхнуць у халодныя сцены цёплае жыццё. Яшчэ за гадзіну да пачатку канцэрта да сядзібы пачалі з’язджацца госці. Праўда, не на жывых конях, як пры жыцці Міхала Клеафаса Агінскага, а на “жалезных”. Пасля — абавязковая экскурсія па сядзібе. Хоць практычна ўсе аб’екты ансамбля пакуль што ў стане рэстаўрацыі, пад рыштаваннямі ўсё ж такі можна разгледзець іх непаўторную прыгажосць і ўнікальны вобраз. Вось галоўны палац у класічным стылі з драўлянымі аканіцамі на вокнах, побач — белая каплічка, трошкі далей — млын.

А вакол парк з альтанкай. Кажуць, калісьці тут сярод ліп і клёнаў грацыёзна хадзілі лані і паўліны. Не верыцца, праўда? Але яшчэ больш дзіўна тое, што тут, у беларускай глыбінцы, вырошчвалі... экзатычныя ананасы! Вядома, не на градах пад адкрытым небам, а ў спецыяльнай аранжарэі. Вось яна, з рамантычнымі калонамі, прымыкае да бакавога павільёна галоўнага палаца. А побач узводзіцца яшчэ адна — шкляная, дзе, як пры жыцці Агінскага, збіраюцца вырошчваць экзатычныя расліны, у тым ліку і ананасы. З вокнаў палаца пачынае даносіцца водар кавы, зноў жа, як і ў часы Міхала Клеафаса. Пісьменнікі, паэты і кампазітары, якія часта бывалі ў “Сядзібе муз”, або “Паўночных Афінах”, як называлі раней маёнтак Агінскага, казалі: “Такого кофею, как в Залесье, в мире нет”. Можна выказаць здагадку, чаму — каву ды гарбату тут пілі пад гукі найпрыгажэйшай музыкі гаспадара сядзібы. Менавіта жывапісныя залескія мясціны натхнялі кампазітара на стварэнне многіх цудоўных музычных твораў, галоўны з якіх — вядомы на ўвесь свет паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Гэтым творам, які прынёс графу Міхалу Клеафасу Агінскаму, выдатнаму дзеячу Рэчы Паспалітай і ВКЛ, аднаму з правадыроў паўстання 1794 года, сусветную славу, і адкрыўся канцэрт “Палацавыя песні і паэзія”. Граф з музычным талентам Сцэнарый канцэрта напісалі літоўскія акцёры Віргінія Каханскітэ і Пятрас Венславас. Па задумцы аўтараў, музыка Агінскага і іншых кампазітараў ХІХ стагоддзя чаргавалася з фрагментамі мемуараў Міхала Клеафаса, лістоў яго другой жонкі Марыі дэ Нэры і іншых вядомых асоб таго часу. Можна сказаць, што сам Агінскі дзяліўся з гасцямі сваімі перажываннямі і пачуццямі. Як даведаліся з праграмы слухачы, галоўным клопатам графа быў лёс роднай краіны. Яшчэ ў дзяцінстве на пытанне караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чым ён хоча займацца, калі вырасце, чатырохгадовы Міхал адказаў:

“Служыць каралю і радзіме”. З маленства Агінскі свабодна размаўляў на некалькіх замежных мовах, цудоўна маляваў, пісаў вершы, іграў на скрыпцы, клавесіне, арфе, кларнэце, фартэпіяна, пісаў музыку, вылучаўся шырокай эрудыцыяй, веданнем гісторыі Еўропы і сваёй радзімы. “І калі б не трагічны лёс маёй радзімы і народа, — прызнаўся ён на схіле дзён, — я стаў бы кампазітарам”. Міхал Клеафас Агінскі пісаў не толькі паланэзы, найбольш вядомыя сёння. Былі ў яго і ваенныя кампазіцыі, і творы на тэму кахання, і салонная музыка. Да прыкладу, яго руцэ належыць музыка да танца “Вольныя муляры”, які таксама быў выкананы на канцэрце. “Жывы” музей Госці не хавалі эмоцый пасля завяршэння канцэрта. У прыватнасці, намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік сказаў: — Нават не верыцца, што музыка зноў загучала ў сценах палаца. Вялікі поспех, што ўдалося рэалізаваць гэты трансгранічны праект, важны не толькі для захавання самой сядзібы, але і той музыкі ХVIII—ХІХ стагоддзяў, якая дайшла да нас.

Вельмі хацелася б, каб яна гучала тут як мага часцей. Зала валодае выдатнай акустыкай. Тут не патрэбныя мікрафоны і спецыяльная апаратура. Гэта заслуга рэстаўратараў і, вядома, тых, хто будаваў сядзібу. Акрамя таго, такія сумесныя праекты неабходныя для ўзаемаразумення нашых народаў і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. — Дачакаліся! Нарэшце адна з самых рамантычных мясцін Беларусі атрымала другое жыццё, — выказаўся ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны. — Думаю, гэтае месца захоча наведаць вялікая колькасць людзей. Па-першае, з-за ўсёй гэтай рамантычнай аўры, якая тут панавала і будзе панаваць, а па-другое, з-за музыкі Агінскага. Адзінае, чаго хацелася б, — каб гэтая сядзіба не была проста музеем. Хацелася б, каб значэнне Залесся як культурнага цэнтра захавалася і далей і каб галоўным гаспадаром у гэтым цэнтры была музыка. Мясцовыя ўлады абяцаюць: сядзіба не будзе статычным музеем.

Як расказаў старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой, ёсць ідэя стварыць на базе канцэртнай залы пляцоўку для правядзення перагавораў і канферэнцый, заключэння дагавораў. Акрамя таго, у музычна-тэатральнай зале будуць ладзіцца канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, літаратурныя сустрэчы і многае іншае. Яшчэ шмат прыйдзецца зрабіць: завяршыць рэстаўрацыю палаца, млына, аранжарэі, правесці музіфікацыю сядзібы, наладзіць правядзенне канцэртаў і г. д. Але галоўнае, што справа зрушылася з месца. Сядзіба ў Залессі ажыла. Значыць, зусім хутка яна стане візітнай карткай раёна, а Залессе ператворыцца ў сапраўдную турыстычную Мекку. Бо не наведаць гэтае рамантычнае месца, поўнае загадак, легенд і гісторый, проста немагчыма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter