Тысячы байкераў у Мінску закрылі мотасезон-2017 H.O.G. Rally Minsk

Гуд бай, байк!

Тысячы байкераў, роў матораў і дым з-пад колаў — у Мінску закрылі мотасезон-2017 H.O.G. Rally Minsk. На мерапрыемства прыехалі матацыклісты з 15 краін, у тым ліку з Расіі, Прыбалтыкі і краін Заходняй Еўро­пы. З гэтай нагоды яны змаглі ўехаць у нашу краіну без віз. Праводзілі яны лета гучна і з размахам. Карэспандэнт «Р» назірала, як гэта было.

Гараджане пачалі збірацца ўздоўж агароджаў на праспекце Пераможцаў задоўга да старту калоны

Самая відовішчная частка свята — парад матацыклістаў. Шматтысячная калона байкераў у супра­ваджэнні спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» УДАІ МУС праехала па галоўных праспектах Мінска ад Кургана Славы да Палаца спорту. Задоўга да старту калоны людзі, якія жа­далі паглядзець на каларытных бай­кераў, пачалі збірацца ўздоўж агароджаў на праспекце Пера­можцаў. За рухам калоны ад Кургана Славы гледачы назіралі з дапамогай устаноўленага на фаса­дзе ГЦ Galleria Minsk экрана.

Матацыклісты, у большасці сваёй зацягнутыя ў скуру, пранесліся міма гараджан вельмі эфектна: пад роў матораў і рок-музыку з дынамікаў. Прыпаркаваўшыся ля Палаца спорту, байкеры ахвотна размаўлялі з гараджанами і дазвалялі сфатаграфавацца з іх матацыкламі.

Атмасфера на свяце панавала адпаведная. Акрамя музыкі для гасцей арганізавалі забаўляльную праграму. Гэта і дрыфт-шоу на матацыклах і аўтамабілях, і «Шар смеласці», і кастам-шоу з эксклюзіўнымі матацыкламі. Мінчан пакарылі трукі лепшых стантрайдараў Harley-Davidson. Доўгая чарга выстраілася ля пляцоўкі, дзе выстаўляліся легендарныя матацыклы. Пракаціцца на іх маглі ўсе жадаючыя. Умова адна — наяўнасць адпаведнай вадзіцельскай катэгорыі.

— Я калісьці здзейсніў з сябрамі падарожжа на матацыклах. Праехаў сем тысяч кіла­метраў, — прызнаўся са сцэны наш спявак Іван Вабішчэвіч (Дзядзя Ваня. — Аўт.). — У гэтым падарожжы з'явілася вельмі шмат ура­жанняў, якіх хопіць, напэўна, нават каб унукам расказваць.

Многія прыйшлі на свята сем'ямі. Муж і жонка Кацярына і Ігар з Гомеля прыехалі на закрыццё мотасезона на сваім чоперы.

— Для далёкіх па­дарожжаў гэтая мадэль адна з самых зручных, — лічыць галава сям'і. — Хочам убачыць, у каго якая тэхніка. Тут усё ж такі людзі з розных краін сабраліся. Можа, вясной на новую мадэль перасядзем...

На фестывалі было поўна дзяўчат: у банданах і касухах, яны дадуць фору любому мацёраму байкеру

А паглядзець са­праўды было на што. Толькі ў нашай краіне зарэгістравана каля паўмільёна мата­цыклаў. Тут і савецкая класіка — «Ява», «Днепр», «Мінск», і шустрыя «японцы», і легендарныя Harley-Davidson.

— З Эстоніі сюды прыехала каля ста чалавек, — расказвае прэзідэнт клуба Harley-Davidson Club Estonia Каспар Гаўгія. — Прыязджаем рэгулярна: увесну на адкрыццё мотасезона, увосень — на яго закрыццё. Мы тут ужо некалькі дзён. Наведваем гістарычныя славутасці. Літаральна ўчора былі на Лініі Сталіна.

У адказ на маё пытанне, як эстон­­цы ацэньваюць нашы даро­гі, Кас­пар Гаўгія падымае вялікі па­лец уверх — спадабаліся. А дарогі гэтыя байкеры пабачылі самыя розныя.

Літоўская матацыклістка Ала Данасеня парадавалася маг­чымасці прыехаць у Беларусь без візы. Кажа, гэта стала добрым стымулам, каб паглядзець краіну. Байкер па духу, настаўнік матэматыкі ў старэйшых класах, Ала прызналася, што ў Літве жанчына ў байкерскім асяроддзі — такая ж рэдкасць, як і ў нас. Тым не менш на фестывалі было шмат дзяўчат. Брутальныя хлопцы іх паважаюць. Перш за ўсё за смеласць.
Мінчан пакарылі трукі лепшых стантрайдараў Harley-Davidson

Латвіец Уладзіслаў, які прыехаў з Рыгі, таксама падзякаваў арга­нізатарам за «зялёны калідор» на мяжы:

— Ніколі не праходзіў мяжу так хутка! Учора пабывалі з экскурсіяй у Жодзіна на заводзе «БелАЗ». Фатаграфаваліся, каталіся... Ура­зіла!

Паназіраўшы за тым, як забаў­ляюцца дарослыя, мы накі­ра­­валіся на пля­­цоўку, якую аргані­завалі спецыяль­на для дзяцей.

— Павага адзін да аднаго на дарозе фар­міру­ецца з дзя­цін­ства, — упэўнены на­чаль­нік аддзела агітацыі і пра­­паганды ДАІ ГУУС Мінгар­­­­вы­кан­ка­ма Сяргей Заранік. — Таму мы зрабілі ўпор на за­баўляльную праграму для дзяцей. Усе жадаючыя могуць паспрабаваць свае сілы на інтэ­рак­тыўным трэнажоры. Гэта са­праўдны матацыкл. Дзіця садзіцца на яго, апранае акуляры вір­туальнай рэаль­насці, і праграма мадэліруе для яго розныя дарожныя ўмо­вы. Напрыклад, праезд скрыжаван­ня ці святлафора.

Фінальным акордам закрыцця мотасезона стаў святочны салют. Пасля яго мотарух афіцыйна стане на паўзу.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter