Гучы, «Родник», гучы

МАСТАЦКІ калектыў «Родник» — своеасаблівая творчая візітоўка санаторыя «Радон» ААТ «Белаграздраўніца», што на Дзятлаўшчыне. Адметна, што ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — работнікі гэтай установы аховы здароўя, людзі, якія валодаюць выдатнымі галасамі, сцэнічным талентам.

У лепшым санаторыі «Белаграздраўніцы» «Радоне», здаецца, і лепшыя самадзейныя артысты.

МАСТАЦКІ калектыў «Родник» — своеасаблівая творчая візітоўка санаторыя «Радон» ААТ «Белаграздраўніца», што на Дзятлаўшчыне. Адметна, што ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — работнікі гэтай установы аховы здароўя, людзі, якія валодаюць выдатнымі галасамі, сцэнічным талентам.

— Адпачынак — немалаважная частка курортнай праграмы для людзей, якія прыязджаюць у «Радон», — гаворыць адзін з удзе- льнікаў «Родника», намеснік дырэктара па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні дзяцей Сяргей ВЫРКО. — Для адпачываючых ладзяцца канцэрты беларускіх і расійскіх зорак эстрады, народных калектываў, творчыя вечары вядомых паэтаў і кампазітараў.

Санаторый карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Беларусі, краінаў блізкага і далёкага замежжа, многія прыязджаюць сюды на аздараўленне па некалькі разоў. І аддзел культуры санаторыя стараецца напаўняць вольны час новымі мерапрыемствамі, каб людзям было цікава і прыемна. Гэтая мэта і стала штуршком для стварэння творчага калектыву.

Знаёмцеся з зоркамі «Радона»: Аляксандр Саалятэ, культарганізатар санаторыя, іграе на гітары, музычны кіраўнік Уладзімір Пузач — ударнік, а Сяргей Вырко «адказны» за баян. Саліруе ў калектыве Ірына Андрыкевіч, адміністратар «Радона». Яшчэ адзін культарганізатар Таццяна Саалятэ — майстар гутарковых эцюдаў, якія складаюць частку канцэртнай праграмы «Родника».

Удзельнікі калектыву маюць багаты вопыт работы, сапраўдныя прафесіяналы. А вось «Родник» для іх — крыніца натхнення, творчасць, да якой яны ставяцца вельмі адказна.

Гэта спрыяе поспеху артыстаў! Аб чым сведчаць удзячныя водгукі ў кнізе заўваг і прапаноў санаторыя, напоўненая гледачамі зала, калі ідзе канцэртная праграма. Дарэчы, яна мае шэраг адметнасцяў, можна нават гаварыць аб стылі выканання, які характэрны для «Родника». Гэта жывое гучанне спеваў і акампанемента, рознажанравасць праграмы выступлення. Яе складаюць народныя і эстрадныя песні, якія чаргуюцца з гутарковымі гумарыстычнымі эцюдамі. Абавязкова ў праграме прысутнічае тэатралізацыя.

Значную частку рэпертуару «Родника» складаюць рэтрашлягеры, якія кранаюць душу гледача любога ўзросту! Адметна, што ў выкананні калектыву вядомыя песні мінулых гадоў, якія звычайна гучаць сольна, сталі шматгалоснымі. Характэрна гэта і для народных песень, якія выконвае «Родник». А адзін з першых твораў, з якога пачалася «народная» частка праграмы калектыву, — песня «Белая касыначка» палескага гурту «Прымакі».

Спрыяе поспеху «Родника» творчы запал яго ўдзельнікаў, якія дораць гледачу пазітыўны настрой і адпачынак. Развівацца дазваляе і падтрымка з боку адміністрацыі санаторыя «Радон», ААТ «Белаграздраўніца» ўвогуле. Калектыў забяспечаны канцэртнымі касцюмамі — як для народнай, так і для эстраднай праграмаў, мае добрую апаратуру, музычныя інструменты. А праходзяць выступленні «Родника», іншых артыстаў, якія прыязджаюць у санаторый, у сучаснай канцэртнай зале, абсталяванай усім неабходным для таго, каб артысты і гледачы адчувалі сябе ўтульна.

Алена ДУБРОЎСКАЯ

Фота Барыса ВАРНЫ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter