Грицевичи: новые улицы носят имена земляков

Грыцэвічы: новыя вуліцы носяць імёны землякоў

НА стыку Капыльскай грады і Клецкай раўніны ўздоўж левага берага ракі Лань выцягнуліся падворкі аграгарадка Грыцэвічы.

У дакументах Вялікага Княства Літоўскага пазначана, што пры вялікім князі Казіміры маёнткам на рацэ Лань валодаў Алізар. Ад яго ўладанне перайшло вялікакняжацкаму пісару Ваську Любічу, якому даручалі адказныя дзяржаўныя справы. Акрамя Грыцэвіч, ён валодаў паселішчамі Прылукі і Давыдкаўшчына Менскага павета. Пасля смерці бяздзетнага пісара князь ВКЛ Аляксандр Казіміравіч 16 ліпеня 1493 года падпісаў пацвярджэнне пра перадачу ўладання сыну яго брата Пятрашку Хамінічу Любічу.


Пазней падзеленым на часткі маёнткам валодалі Петрашэвічы і Пласкавіцкія. Нашчадкі іх раздрабілі ўладанне на некалькі частак. Быў вылучаны надзел для будаўніцтва праваслаўнай царквы Пятра і Паўла. У сярэдзіне мінулага стагоддзя яна была знішчана. Некалькі гадоў таму талакою пабудавана драўляная царква.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Грыцэвічы адышлі да Клецкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. У 1869 годзе адкрылася народнае вучылішча. Гаспадаром маёнтка стаў бацька вядомага рускага літаратурнага крытыка Бенядзікт Булгарын. Ён прадаў чацвярціну ўладання генералу Вендорфу. Астатнія тры часткі былі размеркаваны паміж крэдыторамі за пазыкі.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года вёска да 1939-га была ў Нясвіжскім павеце Навагрудскага ваяводства буржуазнай Польшчы. Гаспадарыла тут памешчыца Райтанава. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Грыцэвічы — цэнтр сельсавета і гаспадаркі, рэфармаванай у ААТ. У 2008-м вёска атрымала статус аграгарадка Клецкага раёна.


Жыхары яго свята ўшаноўваюць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У парку на магіле, дзе пахаваны 16 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі, усталяваны мемарыяльны комплекс з выбітымі імёнамі жыхароў сельсавета, якія не вярнуліся з вайны.

НА поўдні сталічнай вобласці крутыя перакаты паступова пераходзяць у бязмежную раўніну. Паабапал былога тракту, пракладзенага амаль два стагоддзі таму з Варшавы да Масквы, раскінуліся хлебныя нівы, лугі і сенажаці. З палёў на ажыўленую трасу натужна выязджаюць даверху напоўненыя зернем магутныя самазвалы. Па пожні хлебнага поля за збожжаўборачнымі камбайнамі крочыць світа цыбатых буслоў. Ім ёсць чым падсілкавацца. Здаўна аблюбавалі грацыёзныя птахі гэтыя мясціны. На дахах у большасці старых пабудоў, на электрычных слупах аграгарадка Грыцэвічы, у які мяне прывяла чарговая вандроўка, узвышаюцца буслянкі.

Заўважыўшы маю цікавасць да буслоў, старшыня сельвыканкама Іван Галубовіч, з якім адправіліся вандраваць, прыкмеціў, што сёлета меней буслянят. Пэўна, колькасць іх залежыць ад нейкіх прыродных асаблівасцей, пакуль не разгаданых чалавекам.

Ветэран працы Ніна ГРЫНКЕВІЧ і старшыня сельвыканкама Іван ГАЛУБОВІЧ.

Меней чым паўсотні жыхароў засталося ў Вароніна, роднай вёсцы Івана Аляксандравіча. Бацькі яго працавалі ў калгасе. Маці даглядала калгасных свіней, бацька працаваў на трактары. Як святая рэліквія захоўваецца ў сям’і бацькаў ордэн «Знак Пашаны». Сына ён прызвычайваў да тэхнікі. Пасля заканчэння сярэдняй школы Іван Галубовіч па накіраванні гаспадаркі вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным аграўніверсітэце. З дыпломам вучонага-агранома вярнуўся дамоў. Прывёз і маладую жонку. Разам вучыліся на адным факультэце. Гаспадар працаваў аграномам-аграхімікам, а жонка Ірына Уладзіміраўна загадвала збожжасховішчам. Дарослымі сталі і пакінулі бацькоўскі дом іх сын Генадзь і дачка Вольга. У ліпені Іван Аляксандравіч і Ірына Уладзіміраўна на сваім легкавіку наматалі тысячы кіламетраў па дарозе ў Крым. У севастопальскім храме хрысцілі першую ўнучку Настачку. Уразіў іх цудоўны новы мост на паўвостраў і грандыёзнае будаўніцтва дарог у Крыму. Шчыміць сэрца Івана Аляксандравіча, што невялікі масток праз рэчку Лань на былым Варшаўскім тракце нясвіжскія дарожнікі некалькі месяцаў таму распачалі рамантаваць і нечакана спыніліся. Для вадзіцеляў нязручна. У жніво праз гэты масток аўтатранспартам гаспадаркі з палёў перавозілі збажыну.

УСЕ восем збожжаўборачных камбайнаў пакінулі па­лі. Галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Мізгер задаволены: спадзяванні на ўраджай апраўдаліся. Кожны з 1850 гектараў збожжавых даў на круг звыш 40 цэнтнераў зерня. Нагрузка на тэхніку высокая.

Галоўны аграном ААТ «Грыцэвічы» Міхаіл МІЗГЕР.

Каля кукурузнага поля, што высокай сцяной узвышаецца каля вёскі Мервіны, сустрэліся з дырэктарам ААТ «Грыцэвічы» Аляксандрам Лепцюком. Другі год ён кіруе сельгаспрадпрыемствам, у якім звыш 300 працаўнікоў. Калектыў пастаянна папаўняецца маладымі кадрамі. Інжынерную службу ўзначаліў выпускнік сталічнага аграўніверсітэта Міхаіл Груша. Настасся Ніканчук пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта стала інжынерам па ахове працы.

Атрад механізатараў папоў­нілі выхаванцы Клецкага дзяржсельгасліцэя Юрый Будчан, Андрэй Бардашэвіч і Канстанцін Вашчук, які з бацькамі пераехаў у Беларусь з далёкага Казахстана. Пасля сярэдняй школы селі за руль грузавых аўтамашын браты Аляксандр і Сяргей Велічы. Іх бацькі — жывёлаводы. Сяргей Веліч быў памочнікам у камбайнера Аляксандра Прышчэпы. Іх экіпаж прызнаны лепшым у гаспадарцы. На «Лексіёне» намалацілі звыш 2000 тон збажыны.

Загадчык жывёлагадоўчай фермы ААТ «Грыцэвічы» Аляксандр КІСЛАЧ і даглядчык Іван БАЦКАЛЕВІЧ.

Аляксандр Прышчэпа пятнаццаты сезон нязменна працаваў на «Лексіёне». Дагэтуль сем гадоў быў памочнікам. Неаднаразова на ўборцы збожжавых у гаспадарцы ён выходзіў у пераможцы, удзельнічаў у раённых «Дажынках». Сям’я перадавіка жыве ў новым катэджы. Жонка Аляксандра Міхайлавіча — паштальён аддзялення сувязі Грыцэвічы. Старэйшы сын Андрэй, як і бацька, шафёр. Малодшы Арцём скончыў сталічны ўніверсітэт і працуе энергетыкам у нясвіжскім агракамбінаце «Сноў».

Тыпавы катэдж на вуліцы Зарэчнай атрымала шматдзетная сям’я Вольгі і Віталя Плаксы, на падворак да якіх мы завіталі. Сустрэлі там і бабулю Іну Мікалаеўну. Працуе яна даяркай на малочна-таварным комплексе «Мервіны». Дапамагае дачцэ выхоўваць унукаў. Свой падворак навасёлы абуладжваюць.

Педагог Святлана ЧУПАК з нявесткай Аляксандрай і ўнукам Арцёмам.

СТАРШЫНЯ сельвыканкама Іван Галубовіч спадзяецца, што за сродкі раённага бюджэту ў будучым годзе новыя вуліцы Палікарпава і Зарэчная будуць добраўпарадкаваны. Амаль усе яны, а іх каля дзесяці, заасфальтаваны. Пракладзены цэнтральны водаправод, і большасць дамоў падключана да газаправода. На сесіі сельсавета вырашылі адну з новых вуліц назваць у гонар былога старшыні мясцовага калгаса Пятра Палікарпава. Амаль чатыры дзесяцігоддзі былы франтавік кіраваў гаспадаркай.

У школьным краязнаўчым музеі, які адзначаны званнем народнага, слыннаму кіраўніку прысвечаны стэнд. За гады старшынёўства Пятра Аляксандравіча калгас сем разоў быў удзельнікам ВДНГ, тройчы адзначаўся медалямі прэстыжнай выставы. Настаўніца Ніла Цэхан адзначыла, што калгас славіўся не толькі вытворчымі паказчыкамі, а і багатым духоўным жыццём. Узводзіліся вытворчыя памяшканні, жыллё для калгаснікаў. Прасторны катэдж на вуліцы Маладзёжнай атрымала і сям’я Нілы Сяргееўны.

Прадавец магазіна Аксана КОЗЕЛ абслугоўвае пакупнікоў.

Мудрага старшыню Палі­карпава змяніў Уладзімір Сандрозд. Партрэт яго таксама захоўваецца ў музеі. За сваё кароткае жыццё ён паспеў пакінуць добрую славу пра сябе. Дапамагаў вяскоўцам узводзіць капліцу.

Школьныя края­знаўцы сабралі ўнікальны матэрыял пра людзей, гісторыю і сённяшні дзень Грыцэвіч. Кіруе музеем настаўніца Валянціна Гвозд. У час вандроўкі па музеі Валянціна Леанідаўна рыхтавалася да вяселля дачкі Таццяны. Нявеста, як і маці, пасля заканчэння Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка атрымала дыплом педагога. Жаніх Сяргей Кароль з суседняй вёскі Янавічы. Да вяселля сына Рамана рыхтуецца сям’я жыхароў аграгарадка Людмілы і Уладзіміра Аўдзеяў.

Ушанаваны ў школьным музеі і цёзка старшыні сельвыканкама паэт Леанід Галубовіч. Дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Вароніна. Пасля заканчэння сярэдняй школы спецыяльнасць электрыка атрымаў у Слуцкім прафтэхвучылішчы і вярнуўся да бацькоўскага парога. За паэтычны зборнік «Таемнасць агню» яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Творца наведваецца са сталіцы на малую радзіму.

Настаўніца Грыцэвіцкай сярэдняй школы Ніла ЦЭХАН.

Ад настаўніцы Нілы Цэхан пачуў і пра школьнага выпускніка Валерыя Прышчэпу. Ён адказны работнік Міністэрства замежных спраў Расіі.

На пачатку года на 150-гадовы юбілей школы сабраліся многія выпускнікі, былыя педагогі. Сярод запрошаных была і сямейная пара — Ала і Аляксандр Карсюкі. Маладымі яны пачыналі настаўніцтва. Ала Мікалаеўна выкладала фізіку, а Аляксандр Аляксандравіч — фізкультуру. Сёння ў школе каля 80 вучняў. У вучэбную праграму ўключаны факультатыў па асновах праваслаўнай культуры. Вядуць яго педагогі Тамара Цап і Вольга Станкевіч. Часта выступае перад навучэнцамі мясцовы святар Валерый Вячорка. Для старшакласнікаў адноўлена прафарыентацыя. На працягу вучэбнага года яны па суботах займаюцца ў Клецкім дзяржсельгасліцэі. Юнакі атрымліваюць спецыяльнасць механізатара, а дзяўчаты — швачкі.

Камбайнер Аляксандр ПРЫШЧЭПА.

Родным стаў аграгарадок для выпускнікоў Ляхавіцкага дзяржагракаледжа Івана Бацкалевіча і Аляксандра Кіслача. З дыпломамі  заатэхнікаў яны яны прыехалі ў Грыцэвічы. Аляксандр Сяргеевіч загадвае жывёлагадоўчай фермай, Іван Пятровіч даглядае дойны статак, а яго жонка — цялят. Ад гаспадаркі атрымалі катэджы. Семі’і іх шматдзетныя.

СА старшынёй сельвыканкама завіталі на аздоблены кветнікамі падворак Ніны Грынкевіч. Да выхаду на пенсію яна даіла калгасных кароў. Муж працаваў у будаўнічай брыгадзе. Выхавалі дзвюх дочак. Ужо некалькі гадоў аўдавелая Ніна Аляксандраўна жыве адна. Як і ў былыя гады, кожны куточак яе сядзібы старанна дагледжаны. Гаспадыня прызналася, што дочкі і зяці дапамагаюць падтрымліваць парадак. Жывуць дзеці ў сталіцы і кожныя выхадныя наведваюцца. Пафарбавалі драўляны дом і агароджу. Зладзілі альтанку. Сядзібу Ніны Аляксандраўны неаднойчы прызнавалі лепшай у сельсавеце. На свяце вёскі Мервіны, якое праводзілася ў мінулым го­дзе, яе віншавалі. Традыцыйна кожнае лета ладзяцца ўшанаванні лепшых гаспадароў.

Гаспадыня падворка Лідзія МІСКЕВІЧ.

Вабіць прыгажосцю і ўтульны дворык Лідзіі Міскевіч. У бацькоўскі дом яна вярнулася са сталіцы пасля выхаду на пенсію. Лідзія Радзівонаўна шчыра прызналася, што большага шчасця, чым жыць там, дзе нарадзіўся, няма. У маладыя гады яна двойчы выязджала ў ЗША. Першы раз там пабывала ў канцы мінулага стагоддзя. Амерыка здзівіла яе багатымі супермаркетамі. Вочы напаўняліся слязьмі ад таго, што ў нас у той час паліцы магазінаў былі парожнімі. А яшчэ ўбачыла, што там кожная жанчына за рулём машыны. Цяпер у нас усё гэта ёсць. Толькі жыві і радуйся. Калі другі раз пабывала за акіянам, больш адчула амерыканскі стыль жыцця. Ні за якія багацці там не жыла б. Вярнулася ў родную вёску, адрамантавала бацькоўскую хату, абуладзіла сядзібу. Вакол родныя сэрцу людзі.

У час размовы Лідзія Радзівонаўна звярнулася да старшыні сельвыканкама з просьбай спілаваць стары вяз, шаты якога навіслі над апусцелай хатай насупраць яе падворка. Такія заяўкі часта паступаюць ад жыхароў сельсавета. Сваіх сродкаў на добраўпарадкаванне не хапае. Без дапамогі гаспадаркі не абысціся. Толькі за мінулыя пяць гадоў у населеных пунктах сельсавета знесена каля двухсот пакінутых сядзіб. У вёсцы Заельня гаспадарлівы Валерый Кірык акультурыў некалькі пакінутых падворкаў. Высявае на іх збожжавыя і кармавыя культуры. З жонкаю Валянцінай Іванаўнай трымаюць 40 галоў буйной рагатай жывёлы і свой пчальнік. Штодзённа прадаюць на клецкі малочны завод «Крынка» чвэрць тоны малака. На сялянскіх традыцыях выхоўваюць сына і дачку. Валерый Іванавіч перакананы, што найбольшае шчасце — знайсці сябе там, дзе нарадзіўся.

Шматдзетная маці Вольга ПЛАКСА з маці Інай Мікалаеўнай, немаўлём і пляменнікамі.

Хочацца спадзявацца, што зямля пад вартаю буслянак і надалей будзе славіцца адмысловымі гаспадарамі.

Клецкі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter