Грыбныя сюрпрызы

Мо яшчэ i ранавата пiсаць пра грыбы, бо iх жа самая пара з сярэдзiны жнiўня...

Мо яшчэ i ранавата пiсаць пра грыбы, бо iх жа самая пара з сярэдзiны жнiўня. Хаця лiсiчкi пайшлi яшчэ ў маi. Праўда, не масавыя, а тыя, якiя толькi падаграваюць азарт нецярплiвых грыбнiкоў. Да таго ж гэтыя мае кароткiя нататкi — пра грыбныя сюрпрызы, даволi нечаканыя, якія надаюць нашаму “цiхаму паляванню” яшчэ большую прывабнасць, захапленне i здаровую эмацыянальнасць. 

Баравiкi...  «уцяклi»  на  луг 

Iншы раз некаторыя грыбы “паводзяць” сябе вельмi дзiўна i, на першы погляд здаецца, незразумела. Асабiста я ў гэтым пераконваюся амаль кожнае лета. Раптам яны пераблытаюць сваё месца, вырастуць зусiм не там, дзе iм вызначана прыродай. Знакамiтыя баравiкi з каштанавымi, быццам падсмажанымi шляпкамi, з тоўстымi моцнымi каранямi, безумоўна, трэба найперш шукаць у сасняку, дуброве i бярэзнiку... Але ж каб на лузе, у густой высокай траве — прабачце! 

Зазiрнуў у змешаны лес. Тут дружна ўжываюцца i сосны, i ялiны, i дубы, i бярозы. Цягне сырасцю, бо часта iдуць дажджы. У такое надвор’е грыбы не любяць гушчару. “Перабiраюцца” на палянкi альбо на ўскрай, дзе святлей i лягчэй iм дыхаць, словам, весялей, як i людзям. 

Асаблiвай надзеяй на ўдачу сябе не цешу. У лесе пасуць кароў, тут усё вытаптана. Памiж дрэў i сярод кустоў каровы працерабiлi мноства сцяжынак у розных накiрунках. Карацей, на ўскрайку лесу не знайсцi нават маленькай мясцiны, дзе б не ступiла нага чалавека альбо не прайшла жывёлiна. Ну як тут вырасце грыб? 

Луг жа, што падступае да лесу, некрануты, на iм густая сакавiтая трава. Тут кожнае лета добры сенакос, i на луг не пускаюць кароў, нiхто тут не топчацца. Нетаропка крочу па сцяжынцы ўздоўж лугу. Што такое? На траве ляжыць шапка баравiка, корань жа яшчэ трымаецца ў зямлi. Побач сляды кароў. Усё зразумела: яны i збiлi грыб. 

Добра ведаю, што баравiк нiколi не расце адзiн, таму вельмi  асцярожна, крок за крокам хаджу вакол збiтага грыба. Так i ёсць: ужо на самiм лузе, у густой траве заўважаю яшчэ адзiн. Падыходжу блiжэй, нагiнаюся i гляджу,  зачараваны гэтым цудам. Прыгажун баравiк сядзiць у траве самавiта i ўпэўнена, па-свойму ганарлiва. Не спяшаюся яго зразаць, маё прадчуванне i шматгадовы вопыт “цiхага палявання” падказваюць, што тут яшчэ павiнны быць яго родзiчы, мо цэлая сям’я. Але ж я ўжо метраў на дзесяць прасунуўся. I зноў бачу баравiк, а побач яшчэ адзiн i яшчэ! Такiя прыгажуны, як i першы, быццам родныя браты. Памятаеце, як пiсаў Якуб Колас: “Ся-дзяць грыбы, як капыты...” 

Тады ў густой траве на лузе я ўзяў каля дзесятка цудоўных баравiкоў. Калi расказаў пра гэта суседу, той не паверыў. А я доўга думаў: баравiкi быццам «уцяклi» з вытаптанага лесу. Тут, на лузе, куды спакайней, таму i выраслi такiмi, як захацелi... 

Блакiтныя  сыраежкi 

Неяк вырашыў праверыць малады лес, дзе адны ялiны. Яны разраслiся вельмi густа, моцна пера-плялiся сваiмi галiнамi. Сюды не пранiкаюць сонечныя промнi, нават удзень стаiць паўзмрок. 

I адразу пашкадаваў, што за-браўся ў такi гушчар. Думаў, нiчога тут не знайду, толькi марна трачу час. Раптам бачу: на шэрай iглiцы быццам хтосьцi рассыпаў сыраежкi. Але якiя! Блакiтныя. У нашых лясах яны сустракаюцца самыя розныя — белыя, чырвоныя, жоўтыя, зялёныя. А тут вось дзiва — блакiтныя, такiя бачыў упершыню. 

Стаўлю на зямлю кошык, асцярожна зразаю  адну сыраежку, спрабую яе на смак. Саладкаватая — значыць, прыгодная для ежы. Бяру сыраежкi, яны моцныя, здаровыя. Ну якое параўнанне? Быццам збiтыя са свежай смятаны. Шапачкi чыстыя, як прамытыя. Акуратна кладу іх у кошык шапачкамi ўнiз, так трэба. Iх тут багата, дружна вытыркнулiся з зямлi на невялiчкiх лапiках памiж ялiнамi. Браць лёгка, адно задавальненне, не трэба хадзiць па мокрых кустах, траве. За паўгадзiны — палавiна кошыка. Больш i не хачу, хопiць i падсмажыць, i на суп. Няхай падрастаюць яшчэ, прыйду сюды пасля зноў. 

Выбраўся з лесу — мае сыраежкi на сонцы быццам расцвiлi лёгкiм блакiтным колерам. Па дарозе сустрэлася жанчына з суседняй вёскi, убачыла, што я нясу, i кажа: 

— Вось дзiва, зусiм як з неба вашы сыраежкi. Такiя блакiтныя, яны даўно растуць у гэтым лесе i толькi ў адным месцы, але ж не кожнае лета. Пашанцавала вам — якраз натрапiлi ў пару. 

Я i сам добра разумеў: тады мне выпала не толькi грыбная ўдача, але i на свае вочы ўбачыў рэдкi лясны цуд — блакiтныя сыраежкi... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter