Грыбныя прыгоды

Нездарма сказана: беларусы — народ такi, што нi дом, то грыбнiкi. З цiхiм паляваннем у нашых людзей звязана мноства вельмi цiкавых,  часам проста неверагодных гiсторый. Я запiсваю iх, у тым лiку i свае, на працягу звыш сарака гадоў

Нездарма сказана: беларусы — народ такi, што нi дом, то грыбнiкi. З цiхiм паляваннем у нашых людзей звязана мноства вельмi цiкавых,  часам проста неверагодных гiсторый. Я запiсваю iх, у тым лiку i свае, на працягу звыш сарака гадоў. Набраўся амаль цэлы аб’ёмiсты сшытак, якiм вельмi даражу. Колькi тут дзiўных бывалiц! Паслухайце, шаноўныя чытачы, дзве з iх. 

Поўны  воз  удачы 

У свой час я вельмi дружыў з Барысам Сасноўскiм, рэдактарам лагойскай раённай газеты. Звязвалi нас не толькi агульныя прафесiйныя iнтарэсы. Абодва — заўзятыя грыбнiкi, i шмат часу ў выхадныя днi мы праводзiлi разам у лесе. 

Барысу Уладзiмiравiчу лагойскiя лясы знаёмы, як уласны агарод. Рыхтавалiся да цiхага палявання мы звычайна так. У чацвер я званiў Сасноўскаму i пытаўся, цi зможа паехаць па грыбы ў суботу? Як правiла, нiколi не адмаўляўся. Барыс Уладзiмiравiч тады быў ужо сталым чалавекам — i сiлы не тыя, i здароўем не мог пахвалiцца. Але ж грыбы... Нiшто не магло яго ўтрымаць дома ў выхадны дзень, калi з’яўлялася магчымасць паехаць у лес. У яго было мноства запаветных мясцiн, прычым iншы раз у такiм лесе, што я, калi мы туды прыязджалi, мiжволi думаў: няўжо тут вырасце хоць якi-небудзь грыб? Потым, набраўшы поўныя вёдры i кашы, я сам сябе дакараў, што сумняваўся ў здольнасцях Барыса Уладзiмiравiча як адмысловага знаўцы грыбных мясцiн. 

Памятаю, аднойчы перад суботай пазванiў яму ў канцы кастрычнiка. Зусiм не спадзяваўся, што заахвоцiць мяне з’ездзiць па грыбы ў такую познюю пару восенi. “Чакаю, Мiхаiл, цябе заўтра рана-рана, — кажа. —  Паспрабуем набраць апенек”. Угаворваць мяне не трэба, калi iшла гаворка пра грыбы, то я заўсёды быў лёгкi на пад’ём. 

I вось прыязджаем мы ў малады лес, дзе бярозы перамешаны з сасонкамi. Цiха i сумотна, на зямлi шматкаляровае покрыва з апалай лiстоты, пажухлая трава. “Тут павiнны быць апенькi, — кажа Барыс Уладзiмiравiч. — Толькi шукаць iх трэба ў траве, куды яны зараз забiраюцца. I каля маладых бярозак, да якiх апенькi туляцца”. 

Лiтаральна праз некалькi хвiлiн нам пачалi трапляцца апенькi — на высокiх ножках, з моцнымi шырокiмi шапачкамi. Яны былi карычневыя i здалёк зусiм непрыкметныя. I калi мы знаходзiлi iх сямейку, трэба было абавязкова ўважлiва агледзець увесь невялiчкi лапiк зямлi побач. Як правiла, за першай сямейкай выглядвала яшчэ адна. I яшчэ, i яшчэ. Зусiм нядоўга шчыравалi мы на гэтым месцы, а набралi апенек столькi, колькi хацелi... 

Потым мы расклалi касцёр, дасталi ежу i, вядома, нешта такое, чым трэба было сагрэцца ў такую халаднаватую пару. Настрой у нас быў цудоўны — такая нечаканая ўдача. 

— Ну што ж, Барыс Уладзiмiравiч, — кажу я. — Дзякуй вам за сённяшнiя апенькi. Вiдаць, сёлета яны ўжо апошнiя. 

— Чаму апошнiя? — здзiўляецца Сасноўскi. — Ты не бачыш, што тут ёсць яшчэ i зусiм маладыя апенькi, ледзь-ледзь вытыркнулiся з зямлi? Лiчу так: прыедзем, Мiхаiл, сюды яшчэ разы два, i я ўпэўнены, што нездарма. Павер, добра ведаю, дзе i якiя грыбы растуць у такую пару. 

Сапраўды, мы прыязджалi на гэтае месца яшчэ два разы ўжо ў першыя днi лiстапада, i ў густой траве, ля дрэў, быццам шукаючы цеплыню, нас чакалi апенькi. Цэлыя сямейкi, такiя прывабныя i жаданыя... 

Тады я спытаў Барыса Уладзiмiравiча, цi памятае ён, калi за адзiн раз назбiраў найбольш грыбоў? 

— Памятаю, — ахвотна гаворыць. — Такi выпадак, якi здарыўся са мною, праз усё жыццё не забудзеш. Калi быў маладзейшы, то ў любы вольны ад работы час я садзiўся на веласiпед i ехаў у лес. Збiраў грыбоў шмат  сабе, здаваў кааператарам, каб мець у хаце нейкую капейку. 

Аднойчы набраў грыбоў цэлы кош i вяртаюся дамоў, бо дзень быў на зыходзе. Ат, думаю, зазiрну яшчэ на адну сваю запаветную паляначку. Яна хавалася ў густым лесе i кожны раз радавала мяне вялiкай удачай. Еду, потым крочу пешшу, бо на веласiпедзе тут не прабярэшся. Выходжу на палянку, зiрнуў — i стаў утрапёны. Што такое? Уся палянка ўсыпана грыбамi! Я веласiпед — на зямлю, а сам — да тых самых грыбоў: мо воўчыя? Не. Ядраныя белыя грыбы як на падбор. I на самой палянцы, i на ўскрайку. Вось дык дзiва! Не раз мне шанцавала на грыбы, але ж такога яшчэ не было нiколi. 

Мяне ахапiлi i радасць, i клопат. Што рабiць з такой процьмай грыбоў? Сабраць iх зараз не змагу. Ужо вечарэе, вось-вось папаўзе змрок. I як, у чым iх занесцi дамоў? Тут не тое што некалькi кашоў, а воз патрэбен. Вырашаю: застаюся пiльнаваць палянку да самай цемнаты. Калi незнарок сюды прыйдзе хто-небудзь iншы — стоп, братка, я першы, гэта мае грыбочкi. 

Вось ужо сцямнела, я — адразу на веласiпед i што сiлы хутчэй дамоў. Расказваю пра ўсё сваiм. Дамаўляемся, што заўтра, як толькi развiднее, я бягу на калгасны двор, запрагаю каня — i iмчымся па тыя самыя грыбы. Так i зрабiлi. Калi пад’язджалi да палянкi,  сэрца ох як калацiлася. Хаця быў упэўнены: нiкуды за ноч мае грыбы не падзенуцца. Глянулi мы на iх пры ранiшнiм святле — i толькi: “Ах-ах-ах!” Не марудзячы пачалi збiраць. I колькi, думаеш, сабралi? Амаль поўны воз. Калi вярталiся з лесу, дык сустрэчныя людзi проста не верылi. Пагалоскi аб маёй незвычайнай грыбной удачы разышлiся па ўсёй ваколiцы. 

Колькi гадоў мiнула, а быццам i зараз бачу. Пад шэрым кастрычнiцкiм небам сядзiм з Барысам Уладзiмiравiчам ля цёплага кастра. Ён нетаропка, быццам смакуючы, расказвае мне пра поўны воз грыбной удачы. 

Пазванiў свайму сябру нядаўна. 90 гадоў спаўняецца яму ў гэтыя днi, а яшчэ восенню хадзiў у лес... 

Баравiкi  на  ўсю  Еўропу 

Другая грыбная гiсторыя мела, калi так можна сказаць, мiжнародны характар. У савецкiя часы я працаваў уласным карэспандэнтам “Известий” па Беларусi. Тады быў добра наладжаны абмен журналiстамi памiж нашай газетай i рэдакцыямi галоўных выданняў сацыялiстычных краiн. Як звычайна, “Известия” загадзя цiкавiлiся ў сваiх замежных калег,  якiя збiралiся прыехаць у СССР, што б яны хацелi ў нас паглядзець. Амаль усе прасiлi ўключыць у праграму паездку ў Беларусь. “Известия” ахвотна прымалi iх пажаданнi. Ну а хто суправаджаў замежнага госця па рэспублiцы? Вядома ж, уласны карэспандэнт газеты. 

Аднойчы рэдакцыя мне паведамiла, што ў Беларусь прыедзе замежная журналiстка. Яна рыхтуе ў сваю газету шэраг фотарэпартажаў, i мне было прапанавана прадумаць i ўзгаднiць з мясцовымi партыйнымi органамi тыя аб’екты, якiя можна ёй паказаць, каб зрабiла фотаздымкi. Абавязкова заплануйце, папярэдзiла рэдакцыя, якую-небудзь тэму па беларускай прыродзе. Я ўсё падрыхтаваў, i якраз на суботу была намечана паездка ў Бярэзiнскi запаведнiк: не так далёка ад Мiнска, ды й там ёсць што паглядзець. 

Прыехалi мы ў запаведнiк, яго дырэктар расказаў пра сваю гаспадарку. Паглядзелi вельмi цiкавы музей, вальеры, дзе ўтрымлiвалiся насельнiкi запаведнiка, у тым лiку i вельмi рэдкi  цяпер у Беларусi буры мядзведзь. Вядома, як бывае ў такiх выпадках, гасцiнныя гаспадары прыгатавалi добры стол. Абедалi на ўлоннi прыроды. Сярод стромкiх сосен на беразе возера стаяў прыгожы домiк. Ён нагадваў добра збiтую вясковую хату: тоўстыя сасновыя брусы, сцены, столь, нiчым не закрытая, лаўкi, табурэткi з крэпкага дубу, — карацей, усё натуральнае. Як i стравы на стале — выключна нашы, беларускiя, вельмi смачныя. Тады якраз была ранняя восень, надзвычай урадзiлi грыбы. I вось на стол ставяць вялiкую патэльню са смажанымi дарамi лесу. Пах ад iх — ну проста няма нiякай сiлы ўстрымацца, каб хутчэй не паспрабаваць. 

— Грыбы! — радасна i неяк па-дзiцячы ўскрыквае госця. — Я iх так люблю збiраць. 

— Ну, збiраць вам не трэба, — гавораць гаспадары. — Давайце пакаштуем, як нашы беларускiя грыбочкi. 

— А дзе iх столькi расце? — цiкавiцца госця. 

— Тут, ля парога гэтай хаты. 

— Ля парога? — здзiўляецца журналiстка. — Можа, там грыбы яшчэ засталiся? Вось бы iх сфатаграфаваць. 

— Паспрабуем, — загадкава ўсмiхаюцца гаспадары. I калi абед скончыўся, яны не забылiся пра сваё абяцанне. 

Сапраўды, далёка за грыбамi не трэба было iсцi. Вакол гэтага домiка былi амаль некранутыя лясныя мясцiны. Ну а гаспадары добра ведалi, што тут, на верасах, абавязкова парадуюць таўстаногiя баравiчкi з  цёмнымi шапачкамi. Так i выйшла. Пашанцавала i госцi: знайшла некалькi цудоўных баравiкоў. Канешне, мы не ставiлi сваёй мэтай назбiраць шмат грыбоў. Для фотаздымкаў было больш чым дастаткова тых, якiя ўбачылi. Госця фатаграфавала дары беларускага лесу ў самых розных “постацях”. Станавiлася на каленi, каб узяць буйным планам той самы баравiк у верасе. Яшчэ натрапiлi на цэлы вывадак крэпкiх падасiнавiкаў. Нехта з нас каля бярозы ўбачыў вялiкi белы грыб. Словам, грыбных сюжэтаў госця “набрала” столькi, што ўвесь час толькi здзiўлялася, радавалася i, канешне ж, шчыра дзякавала гаспадарам. 

Але не менш цiкавая прыгода чакала яе наперадзе. Мы вярталiся па Лагойскай шашы ў Мiнск пад канец дня, калi грыбнiкi заканчвалi ў лесе сваю “работу”. Абапал дарогi тулiлiся легкавушкi, сядзелi вясёлыя кампанii — як здорава паабедаць сярод асенняй прыгажосцi, на свежым паветры! I ля кожнага такога гурта — вёдры, кашы, поўныя грыбоў. Каларытнае вiдовiшча, нiчога не скажаш. I тут у нашай госцi з’явiўся новы iнтарэс. 

— Давайце спынiмся каля гэтых людзей з грыбамi, — просiць яна. — Хачу яшчэ зрабiць фотаздымкi. Вы прабачце мяне, але ж такога я нiколi ў сваiм жыццi не бачыла. 

Спыняемся, падыходзiм да кампанii. Я тлумачу, у чым справа. 

— Сфатаграфаваць нашы грыбы? — смяюцца вясёлыя мужчыны. — Калi ласка, колькi трэба. Няхай Еўропа ўбачыць, якiя баравiкi растуць у беларускiх лясах. 

Журналiстка здымала столькi, колькi хацела. Мужчыны, каб больш дагадзiць замежнай госцi, прапанавалi ёй сесцi на тоўсты пянёк. А вакол паставiлi кашы з грыбамi. У такiм незвычайным “акружэннi” я сфатаграфаваў яе. Госця была ў захапленнi: такi арыгiнальны атрымаецца фотаздымак! Ну а мужчыны разышлiся хоць куды. Нехта прынёс такi вялiзны, прычым здаровы i моцны баравiк, што яго шапка была памерам на шырыню вядра. “Калi вы давезяце гэты грыб да свайго дома, бярыце”, — кажа мужчына. Госця шчыра падзякавала за такi незвычайны прэзент, i мы ўсе пагадзiлiся, што за мяжу грыб у такiм прывабным выглядзе, канешне, не “дацягне”. 

Журналiстка вярнулася дамоў. Праз некаторы час мне пазванiлi з рэдакцыi “Известий” i сказалi, што яна прыслала газету са сваiмi фотарэпартажамi. I паведамiла: самыя цiкавыя фотаздымкi тыя, на якiх красуюцца баравiкi з беларускага лесу. На ўсю Еўропу яны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter