На беларускай выставе ў Грузіі можна было знайсці шмат чаго: ад трактароў да лёну і смачнай бульбы

Грузінскі “Уладар”

На некалькі дзён тбіліскі выставачны цэнтр “Expo Georgia” ператварыўся ў мініяцюрную Беларусь: айчынныя вытворцы прадставілі на суд грузінскага спажыўца лепшыя ўзоры прадукцыі. У Нацыянальнай выставе Беларусі ў Грузіі паўдзельнічала больш за 140 кампаній.

На беларускай выставе ў Тбілісі заключана шмат дамоў

Выставу адкрылі прэм’ер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі і віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы. “Я не памятаю такой маштабнай экспазіцыі ў Грузіі з якой іншай краіны, — казаў Георгій Квірыкашвілі. — Думаю, хутка мы павысім гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Грузіяй да 200 мільёнаў даляраў”. У сваю чаргу Міхаіл Русы адзначыў: “Нашы эканомікі добра дапаўняюць адна другую. Мы рады ў Грузіі мець сяброў, якія ў любым кірунку нас падтрымліваюць”. А Міхаіл Мятлікаў, які незадоўга да правядзення выставы быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Беларусі ў Грузіі, дадаў: “Тут прадстаўлены розныя сектары эканомікі: сельгасмашынабудаванне, навуковыя распрацоўкі, прадукцыя фармацэўтыкі. Ёсць прадукты харчавання: малочная і мясная прадукцыя, сыры”. Найбольшую цікавасць наведнікаў якраз і выклікаў павільён з харчовымі прадуктамі: ахвочых паспрабаваць і набыць беларускія каўбасы, малочную прадукцыю, бакалею, прысмакі, хлеба-булачныя вырабы прыйшло шмат.

Не меншай увагай карысталіся стэнды прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, вытворцаў спажывецкіх тавараў. Ля вырабаў з лёну, каля адзення, абутку, галантарэі, касметыкі, парфумерыі, гадзіннікаў, бытавой хіміі, панчошна-шкарпэткавых вырабаў было шматлюдна. Дарэчы, набыць прадукцыю можна было толькі ў апошні дзень працы выставы, і для многіх гэта стала падставай, каб прыйсці яшчэ раз. А людзей бізнесу больш цікавілі прадпрыемствы машынабудавання, прамысловага абсталявання, сельскай гаспадаркі, будматэрыялаў, нафтахімічнай галіны, дрэваапрацоўкі, транспарту і лагістыкі, інфармацыйных тэхналогій і тэлекамунікацый. Пад адкрытым небам каля аднаго з павільёнаў разгарнулася выстава беларускай сельгастэхнікі, прычым адпраўляць прадстаўленыя ўзоры назад у Беларусь не давялося: іх набылі грузінскія кампаніі. Наведнікі пабачылі й першыя беларуска-грузінскія трактары, сабраныя ў Грузіі.

Былі прадстаўлены і тэхналагічныя распрацоўкі. Так, кампанія SIS GROUP INTERNATIONAL з 2010 года рэалізуе міжнародны праект па будаўніцтве, рэабілітацыі і рэканструкцыі грузінскага ўчастка чыгункі Баку—Тбілісі—Карс. Беларускія і грузінскія спецыялісты разам працуюць па забеспячэнні радыё- і аператыўна-тэхналагічнай сувязі, пабудове сістэмы перадачы дадзеных, а таксама па ўкладцы шкловалаконнага кабеля на ўчастку. Кампанія развівае праекты і ў галіне сельскай гаспадаркі, і на экспазіцыі была прадстаўлена бульба беларускіх гатункаў “Уладар” і “Маніфест”, вырашчаная ў Грузіі.

Пад час выставы прайшоў беларуска-грузінскі бізнес-форум: удзельнікі шукалі шляхі для пераадолення праблем, што перашкаджаюць росту тавараабароту паміж дзвюма краінамі. На працягу ўсіх чатырох дзён працы выставы яе гасцей і ўдзельнікаў радаваў песнямі і танцамі ансамбль беларускай песні “Цернiца”. І дзяўчаты ў нацыянальных строях частавалі наведнікаў рознымі прысмакамі, у тым ліку беларускім салам і каўбасой.

Вольга Градзінар,  сябра суполкі “Беларускія сябры”, рэдактар сайта http://mamuli.by/, г. Тбілісі, Грузія

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter