Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гістарычная сядзіба ў Ляхавіцкім раёне атрымала еўрапейскі грант на рэканструкцыю

Грушаўка глядзіць у заўтра

Пра лёс Сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, што ў Ляхавіцкім раёне Брэстчыны, пра культурныя імпрэзы, што ладзяцца там энтузіястамі ды мясцовымі ўладамі, пісалі мы не раз. У прыватнасці, Зьміцер Юркевіч, мастак, даследчык беларускай гісторыі з арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, расказваў у тэксце “Пад дахам Грушаўкі” (ГР, 11.09.2014) пра паяднанне на сядзібе даўніх традыцый з сучаснымі. “Нібы самі нябёсы апякуюцца Грушаўкай,” — пісаў аўтар, згадваючы і фэсты эксперыментальнага мастацтва, праведзеныя там, і агляды творчасці мясцовых артыстаў. На думку Зьміцера, сёння прыйшоў час, калі гісторыкі, мастакі, энтузіясты супольна з уладамі рупліва знітоўваюць Даўніну з Сучаснасцю.

Грушаўка. Зорная ноч
Фота: Віктар Малашчыц
Цяпер увага да Грушаўкі, родавай сядзібы грамадскага дзеяча Рэчы Паспалітай Тадэвуша Рэйтана, узрастае. Нядаўна стала вядома, што ў плыні праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” праходзіў конкурс на гранты, і ў выніку будуць выдзелены грошы Еўрасаюза на аднаўленне Сядзібы Рэйтанаў. Нашы калегі з газеты “Культура” пісалі: праект “Аднаўленне агульнай культурнай спадчыны ў якасці асновы для трансгранічнага супрацоўніцтва моладзі й творчых калектываў з Польшчы і Беларусі” ўключае ў сябе стварэнне двух культурна-гістарычных цэнтраў: “у Польшчы гэта будзе сядзіба роду Ляхертаў у вёсцы Цяханкі ў Ленчынскім павеце Люблінскага ваяводства, а ў Беларусі — сядзіба роду Рэйтанаў у Грушаўцы ... Агульны ж бюджэт мае скласці 2 375 000 еўра, з якіх палову атрымае беларускі бок”.

У Ляхавіцкім райвыканкаме журналістам паведамілі: падрыхтоўка да рэалізацыі праекта ўжо ідзе. Будзе распрацаваны дэталёвы план работ. Праграма супрацоўніцтва рэалізуецца ў плыні праекта “Еўрапейскі інструмент добрасуседства” дзеля пашырэння супрацоўніцтва трох суседніх краін.

Голас Радзімы № 46 (3550), чацвер, 7 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter