У разгары кампанія па выбарах Прэзідэнта — пятая ў гісторыі суверэннай Беларусі

Група падтрымкі

У разгары кампанія па выбарах Прэзідэнта — пятая ў гісторыі суверэннай Беларусі. Волевыяўленне беларусы змогуць выказаць 11 кастрычніка. 


Дата выбараў зацверджана нацыянальным Парламентам на заключным пасяджэнні сёмай сесіі.

Па заканадаўстве, кандыдат у прэзідэнты можа быць вылучаны толькі шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Для чаго патрэбна ініцыятыўная група — не менш за сто чалавек. Усяго Цэнтрвыбаркам дапусціў да ўдзелу ў выбарах восем такіх груп. У тым ліку групу ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Яны павінны былі да 21 жніўня сабраць сто тысяч подпісаў, каб іх вылучэнец змог атрымаць афіцыйны статус кандыдата. Заручыцца такой магутнай электаральнай падтрымкай вельмі складана. Асабліва калі за спінай няма моцнай каманды аднадумцаў у выглядзе грамадскай арганізацыі або палітычнай партыі, якая карыстаецца даверам у грамадстве.

Меркаванне экспертаў практычна супадае: найбольшыя шанцы на перамогу мае дзеючы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Яго прывычныя спарынг-партнёры — лідар ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябе-дзька. Вядома, яны “расцягнуць” галасы выбаршчыкаў. Але ці хопіць гэтага хаця б для другога тура — вялікае пытанне. Некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі цвяроза ацанілі свае шанцы і заклікаюць адзін аднаго адмовіцца ад удзелу ў выбарах, а то і зусім іх байкатаваць. Але адно з новаўвядзенняў цяперашняй выбарчай кампаніі — забарона на байкот выбараў. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазовік выказаўся гранічна ясна:

— Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў — удзельніц СНД, у адпаведнасці з якой байкот забаронены.

Кампанія-2015 адрозніваецца ад папярэдніх яшчэ і парадкам фінансавання перадвыбарнай дзейнасці кандыдатаў. У 2010 годзе была норма па фарміраванні імі прыватных выбарчых фондаў. ЦВК вырашыла пайсці яшчэ далей, дазволіўшы стварэнне фонду не толькі кандыдатам у прэзідэнты, але і суіскальнікам гэтага статусу, гэта значыць тым, хто рэгіструе сваю ініцыятыўную групу і мае намер збіраць подпісы па вылучэнні. У тры разы павялічаны і памер фонду — сёння гэта прыкладна 105 тысяч долараў. На гэтыя грошы можна купляць дадатковыя палосы ў газетах, час на тэлебачанні, друкаваць лістоўкі і аплачваць работу сваёй ініцыятыўнай групы. Для папаўнення фонду дазваляецца прыцягваць сродкі палітычных партый, юрыдычных асобаў і грамадзян. А вось ананімныя і замежныя ахвяраванні забароненыя. Кожны кандыдат будзе абавязаны ўказваць, ці ёсць у яго судзімасць, нават калі яна пагашана, і на якія сродкі ён жыве, калі, напрыклад, афіцыйна нідзе не працуе.

Беларусь ніколі не абмяжоўвала колькасці міжнародных назіральнікаў. Напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года было акрэдытавана больш за 1000 замежных назіральнікаў. Не менш чакаецца і сёлета. Запрашэнні разасланыя ва ўсе міжнародныя арганізацыі. Упершыню ў краіну прыедуць назіральнікі з Паўднёвай Карэі. А да прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ ўпершыню далучацца назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Дзе Беларусь, дарэчы, не прадстаўлена. Кіраўнікам місіі назіральнікаў ад СНД прызначаны Старшыня Выканаўчага камітэта — Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.

І яшчэ: сацыёлагі падлічылі, што ў прэзідэнцкіх выбарах плануюць прыняць удзел больш за 70 працэнтаў грамадзян Беларусі. Такая высокая палітычная актыўнасць вытлумачальная: наступствы глабальнага эканамічнага крызісу, вострае проціборства паміж буйнымі дзяржавамі, рост напружанасці ў адносінах паміж Расіяй і ЕС, падзеі ва Украіне — усё гэта трывожыць людзей і не дазваляе ім аднесціся да выбараў фармальна.

Яўген Конанаў

Упаўнаважаныя назіраць

Пры правядзенні любых выбараў абавязковая прысутнасць дзвюх груп — кандыдатаў і выбаршчыкаў. Але ў кампаніі ёсць яшчэ адзін абавязковы бок — назіральнікі. Гэта асобы, упаўнаважаныя назіраць за дзейнасцю выбарчай камісіі: падлікам галасоў, дзеяннямі па праверцы правільнасці ўстанаўлення вынікаў і іншымі момантамі. Пра тое, як пройдуць для назіральнікаў прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 11 кастрычніка, расказаў сакратар ЦВК Мікалай Лазовік:



— Наша ўстаноўка такая. Мы нават спецыяльна ўнеслі папраўку ў закон, што назіральнік павінен адсочваць падлік галасоў ва ўмовах, якія забяспечваюць яго агляднасць. Не проста павінен здалёк глядзець, а павінен бачыць, як падлічваюцца бюлетэні. І гэта патрабаванне закона. Таму, калі хтосьці дзесьці гаворыць, што не прадстаўлена такая магчымасць, гэта значыць, што камісія парушае закон. І пра гэта трэба сігналізаваць.

Разам з тым, абапіраючыся на досвед мінулых гадоў, сакратар Цэнтрвыбаркама адзначыў, што пры адсутнасці бар’ераў у аснову выніковага заключэння назіральнікаў не заўсёды кладуцца аб’ектыўныя ацэнкі:

— Часам назіральнікі заяўляюць, што прэтэнзій па выбарчым працэсе няма, ёсць толькі асобныя заўвагі. Але, калі рыхтуецца выніковае заключэнне, штабная група гэтыя асобныя заўвагі ператварае ў буйныя недахопы.

Мікалай Лазовік лічыць, што на маючых адбыцца выбарах Кіраўніка дзяржавы будзе значная колькасць міжнародных назіральнікаў, у прыватнасці, да нас збіраецца прыехаць вялікая група БДІПЧ АБСЕ. Сакратар Цэнтрвыбаркама таксама адзначыў, што традыцыйна актыўна будуць працаваць і мясцовыя назіральнікі, а гэта цэлая армія — каля 30-40 тысяч чалавек.


Па праву адказнасці


Выбары — гэта грамадзянская адказнасць перад памяццю мінулых пакаленняў і перад будучыняй. Такое меркаванне выказаў старшыня Цэнтрвыбаркама Расіі Уладзімір Чураў падчас відэамоста Масква — Мінск “70 гадоў міру: урокі вайны і гісторыя агульнай Перамогі”, каменціруючы кампанію па выбарах Прэзідэнта ў нашай краіне.


— У Беларусі цяпер рыхтуюцца да важнай падзеі — выбараў Прэзідэнта, — нагадаў Уладзімір Чураў. — Але ўсе разумеюць, што, калі б 70 гадоў назад не было Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, цяпер мы выбіралі б не прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Украіны, а фашысцкага старасту. Выбары — гэта грамадзянская адказнасць перад памяццю мінулых пакаленняў і адказ-насць перад будучыняй.

Паводле слоў Уладзіміра Чурава, гаварыць пра тое, хто дакладна з расійскіх назіральнікаў паедзе ў Мінск, пакуль рана, але сам ён, верагодна, у назіранні за выбарамі ўдзел прыме. Кіраўнік расійскага ЦВК паведаміў, што колькасць расійскіх назіральнікаў будзе ўдакладнена толькі да кастрычніка, пры гэтым расійскія прадстаўнікі, паводле яго слоў, напэўна будуць і “ў дэлегацыі АБСЕ, і ў дэлегацыі ШАС, і ў дэлегацыі СНД і на двухбаковай аснове”.

Колькасць міжнародных назіральнікаў, якія пажадалі паўдзельнічаць у беларускай электаральнай кампаніі-2015, можа аказацца рэкорднай. За беларускімі выбарамі будуць назіраць прадстаўнікі БДІПЧ і парламенцкай асамблеі АБСЕ, а таксама з СНД. Упершыню да іх далучацца назіральнікі яшчэ адной уплывовай міжнароднай арганізацыі — ПАСЕ, у якую Беларусь нават не ўваходзіць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter