Народная газета

Грошы зробяць сваю справу

Як працаўладкоўваюцца жыхары самага маленькага раёна Гродзеншчыны?

Бераставіцкі раён самы малалікі ў Гродзенскай вобласці: тут пражывае каля 16 тысяч чалавек, а ў самім райцэнтры менш за 6 тысяч. Нягледзячы на невялікую тэрыторыю, раён лічыцца жытніцай вобласці — землі тут багатыя, а людзі працавітыя. Бераставіччыне традыцыйна патрэбныя рукі ў вёсцы, і ў моцных гаспадарках кадры замацоўваюцца. Дзе ж працаўладкоўваюцца жыхары Вялікай Бераставіцы — пасёлка з невялікай прамысловай базай і сціплай, па мерках буйных гарадоў, інфраструктурай? Якое садзейнічанне ім у гэтым аказваецца? Карэспандэнт “НГ” адправілася ў глыбінку вывучаць сітуацыю.

Фота аўтара

Са спадарожніцай у Вялікую Бераставіцу мне пашанцавала. Мясцовая жыхарка Таццяна аказалася вельмі таварыскай і за гадзіну язды ў аўтобусе распавяла пра рэаліі занятасці ў пасёлку яшчэ да таго, як я туды прыехала:

— Пасёлак у нас маленькі, акуратны, усё для жыцця ёсць, была б праца. Паколькі многія тут знаёмыя, вартыя ўвагі вакансіі не пустуюць, без дапамогі цэнтра занятасці людзі падказваюць пра іх адзін аднаму. Мяжа побач, хто ўмеў круціцца, зарабіў неблагія грошы на паездках у Польшчу. На мясцовым рынку ў нас традыцыйна ёсць тыя, хто гандлюе прывезеным з-за мяжы таварам. Зразумела, кожны выбірае, дзе яму лепш. Хтосьці з’ехаў на заробкі ў Расію. Але калі ёсць добрая праца на месцы, людзі сёння за яе трымаюцца.

Прыехаўшы ў пасёлак, іду ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Бераставіцкага райвыканкама. І не сустракаю тут ніводнага беспрацоўнага, што жадае працаўладкавацца. Пусты калідор прасторнага будынка кантрастуе з ажыўленымі цэнтрамі занятасці вялікіх гарадоў.

Начальнік упраўлення Жанна Хвасцюк патлумачыла, з чым звязана такое зацішша:

— На 1 лютага ў нас афіцыйна было зарэгістравана 11 беспрацоўных, прытым што вакансій 280. У цэлым мінулы год быў нядрэнны: узровень беспрацоўя, у залежнасці ад сезоннасці, склаў 0,2—0,4 працэнта. Па праграме занятасці мы не выканалі толькі адзін паказчык — прафесійнае перанавучанне. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. На рынку працы дастаткова кваліфікаваных спецыялістаў, такія кадры для вёскі рыхтуе, у прыватнасці, Бераставіцкі дзяржаўны прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй. Калі ёсць ужо гатовыя спецыялісты, наймальніку няслушна чакаць, пакуль чалавек пройдзе перанавучанне праз службу занятасці. Тым не менш правам прафесійнага перанавучання насельніцтва можа скарыстацца, але на дадзены момант такіх жадаючых няшмат.

— Якія ж кадры сёння запатрабаваныя?

— Медыкі, культработнікі, інжынеры, страхавыя агенты. Мы гатовыя працаўладкаваць іх неадкладна, але, на жаль, людзі, якія да нас прыходзяць, у асноўным прэтэндуюць на некваліфікаваную працу.

— А як жа стымуляванне самазанятасці, пра што гаворыцца і ў Дэкрэце № 1?

— Садзейнічанне для самазанятасці насельніцтва — гэта выдзяленне субсідый. У мінулым годзе іх было чатыры: два чалавекі скарысталіся такой дапамогай для арганізацыі рамесніцкай дзейнасці, два адкрылі ІП. І цяпер ужо ёсць кандыдатуры, канчатковае рашэнне аб выдзяленні ім субсідый прыме спецыяльная камісія.

У ліку кандыдатаў на субсідыю і карэнная бераставічанка Кацярына Хілюта. Маладая мама дваіх дзяцей толькі менш за месяц беспрацоўная — да гэтага часу замяшчала супрацоўніцу на час дэкрэтнага адпачынку.

— Нам з мужам па душы Вялікая Бераставіца, тут хочам жыць і гадаваць дзяцей. Ён перакладчык, працу знайшоў не па дыпломе, але цалкам высокааплатную. А ў мяне душа ляжыць да хэнд-мэйду — прыгожыя рэчы, створаныя сваімі рукамі, цяпер папулярныя. На сямейным савеце вырашылі паспрабаваць звярнуцца ў службу занятасці па садзейнічанні ў выдзяленні субсідыі для таго, каб заняцца рамесніцтвам ці адкрыць ІП. Прыемна, што маю ініцыятыву там ухвалілі, падтрымалі і падрабязна расказалі, з чаго пачынаць.

Будучы рукадзельніцай ад прыроды, Кацярына не па чутках ведае, што ў Вялікай Бераставіцы не знайсці фурнітуру для таго, каб рабіць эксклюзіўныя рэчы сваімі рукамі, няма тут і павiльёнчыка, дзе іх можна было б прапанаваць мясцовым жыхарам і турыстам. Чаму б не паспрабаваць адкрыць такую справу?

— У бізнесе я пачатковец, пэўныя асцярогі, вядома, ёсць. Таму з вялікай цікавасцю разглядаю прапанову ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама прайсці ў Гродне спецыяльныя курсы для ІП. Гэтая вучоба дапаможа мне скласці бізнес-план і даведацца пра іншыя нюансы, — кажа Таццяна.

Начальнік упраўлення Жанна Хвасцюк у сваю чаргу канстатуе, што ўжо ёсць прыклады, калі падобная вучоба дапамагла мясцовым жыхарам абараніць свае бізнес-планы перад раённай камісіяй.

У ліку нядаўніх беспрацоўных, якія знайшлі працу праз службу занятасці, жыхар пасёлка Пагранічны Аляксандр Пянчук. У 21-гадовага хлопца ёсць досвед працы слесарам і адпаведная адукацыя. Пасля некалькіх месяцаў самастойнага пошуку працы па спецыяльнасці ва ўпраўленні яму прапанавалі месца памочніка загадчыка гаспадаркі ў адной з мясцовых устаноў.

— Сядзець без справы ў такім узросце — гэта не выйсце, таму я пагадзіўся на такую прапанову. Спадзяюся, што з часам адкрыюцца іншыя магчымасці. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мне патлумачылі, што можна прайсці прафесійнае перанавучанне. Па ўсім відаць, я скарыстаюся такім шанцам, толькі была б праца па новай спецыяльнасці, — разважае Аляксандр.

Насельніцтва Бераставіцкага раёна маладзее. Лагічна выказаць здагадку, што ўтрымаюць новае пакаленне ў невялікім райцэнтры і раёне ў цэлым два найважнейшыя фактары: жыллё і добрая праца. Якія ж перспектывы ў Вялікай Бераставіцы?

Гандаль — адна з сфер,  дзе працаўладкоўваюцца берастаўчане.
Фота Сяргея Хілюты

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун, нягледзячы на добрыя паказчыкі па выкананні праграмы занятасці, занепакоенасці на гэты конт не хавае:

— Ужо сёння знайсці працу людзям, у тым ліку маладым, няпроста. Мы ўсяляк заахвочваем ініцыятыўных, здольных адкрыць ІП. Аднак буйному інвестару, які стварыў бы новыя працоўныя месцы, на жаль, пакуль наш райцэнтр нецікавы. Гэта доля малых гарадскіх паселішчаў. Дзяржава пайшла па шляху прэферэнцый для такіх населеных пунктаў, і гэта апраўданы кірунак, у якім трэба рухацца і далей. Што тычыцца садзейнічання занятасці на месцах, то ў нашым невялікім пасёлку і раёне, па сутнасці, кожны чалавек навідавоку. Тое, што да пытанняў працаўладкавання будуць падключаны спецыяльныя камісіі, дапаможа кожную сітуацыю разгледзець індывідуальна і вырашыць праблему сумесна.

infong@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена без письменного разрешения редакции. Цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ТЕГИ:
Загрузка...
Новости