Новая магутнасць дазволіць прадпрыемству выпускаць прадукцыю толькі з высокай дабаўленай вартасцю

Грошы ў справу

На Глыбоцкім мясакамбінаце ўчора ўведзены ў строй перапрацоўчы корпус
Старшыня Віцебскага аблвыканкама
Мікалай ШАРСНЁЎ, старшыня Глыбоцкага
райвыканкама Алег МОРХАТі галоўны тэхнолаг мясакамбіната Тамара ПЕТРАШОВА.

ГОЛАЯ каробка — сцены і дах — корпуса была пабудавана яшчэ на самым пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. На большае тады не хапіла сродкаў. Вярнуліся да яе, толькі калі каўбаснаму цэху стала цесна на адведзенай плошчы.

Тэндар на рэканструкцыю выйграла прадпрыемства «Полацксельбуд», работы выконвалі і мясцовыя будаўнічыя арганізацыі, а таксама з суседніх раёнаў — Шаркаўшчыны, Докшыц, Пастаў. 

IХ сіламі і створана новая вытворчасць, якая адпавядае ўсім сучасным стандартам і ветэрынарна-санітарным патрабаванням. Само размяшчэнне мясаперапрацоўчага комплексу дазваляе арганізаваць тэхналагічныя працэсы так, каб выключыць перасячэнне кантактаў сыравіны, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі. 

З пускам аб’екта ўдвая ўзрастае глыбіня перапрацоўкі: з 43 працэнтаў да 80 — і тым самым дазволіць выпускаць гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Так, выраб каўбаснай прадукцыі ўзрасце ў змену з 10  да 14,2 тоны, а паўфабрыкатаў — з 3 да 11 тон. Знізяцца і затраты на выраб прадукцыі. Напрыклад, толькі ўстаноўка сучасных тэрмакамер  дазволіць штомесячна эканоміць 9,5 тысячы рублёў. 

На вытворчых плошчах старога цэха, якія вызваліліся, будзе пашыраны выпуск  сыравэнджаных і сыравяленых  каўбас, якія даюць амаль 20-працэнтную рэнтабельнасць. І ўвогуле новая вытворчасць арыентавана на попыт пакупніка, на рынак: выпускаць тую прадукцыю, якая больш запатрабаваная. Значная яе частка пойдзе на экспарт.

На інвестыцыйны праект выдаткавана 13,3 мільёна рублёў. Фінансаванне  ажыццяўлялася ў асноўным за кошт Банка развіцця, а таксама ўласных сродкаў прадпрыемства. У гэтым накірунку значную дапамогу аказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка.


Будоўля знаходзілася пад неаслабным кантролем райвыканкама і яго старшыні Алега Морхата. На завяршаючым этапе грунтоўна падтрымаў асабіста старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. На адкрыцці аб’екта ён  адзначыў: сродкі ўкладзены у справу. Глыбоцкі мясакамбінат стаў у ранг  суперсучасных прадпрыемстваў. Цяпер трэба неадкладна  прафінансаваць толькі другую чаргу праекта. І чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым хутчэй прадпрыемства стане працаваць рэнтабельна і эфектыўна, разлічыцца з крэдытамі, а прыбытак пераразмяркуе вяскоўцам, пастаўшчыкам сыравіны, што паспрыяе апошнім зняць “напружанне” з плацяжамі.   І гэта – ці не самае галоўнае ў  мадэрнізацыі.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter