За чатыры месяцы ў эканоміку Смалявіцкага раёна інвеставана 415 млрд. рублёў
За мінулы год сума дасягнула аднаго трыльёна, тэндэнцыі сведчаць аб тым, што вынікам бягучага года можа стаць лічба куды большая. Вялікая роля ў гэтым належыць малому і сярэдняму бізнесу. Добрасумленны інвестар, які мае намер укласці сродкі ў развіццё эканомікі раёна, павінен мець умовы зрабіць гэта найхутчэй, а не хадзіць па розных інстанцыях. Такі падыход, укаранёны ў практыку, дазволіў Смалявічам шмат зрабіць для развіцця прадпрымальніцкага сектара. І як вынік — атрымаць ганаровае званне «Лепшы горад для бізнесу Беларусі-2013 з колькасцю насельніцтва менш як 50 тысяч жыхароў». Аб тым, хто і як фарміруе бізнес-клімат на Смалявіччыне, нам расказала намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля ЯКУБІЦКАЯ.
— Наталля Віктараўна, да горада і раёна прыкавана агульная ўвага. Ці з большай цікавасцю зараз бізнес глядзіць у ваш бок?
— Сапраўды, Смалявіччына сёння — гэта і спадарожнік сталіцы, і база для развіцця маштабнага рэспубліканскага праекта — Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, і цікавы вопыт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Мінскім абласным тэхнапарку. Але разам з буйнымі праектамі ў нас паспяхова развіваюцца менш вялікія, але не менш важныя. Зараз у раёне ажыццяўляюць дзейнасць 2 тыс. 180 суб’ектаў гаспадарання, толькі за мінулы год мы «прыраслі» на 350. Колькасныя і якасныя характарыстыкі і ляглі ў аснову той ацэнкі, якую мы атрымалі па выніках конкурсу ад Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, і, безумоўна, гэтым ганарымся. Найважнейшай ацэнкай з’яўляецца і станоўчая рэпутацыя, якую зарабіў раён у бізнес-асяроддзі.
— Смалявіцкі раён мае вельмі выйгрышнае геаграфічнае становішча. Але гэта толькі бонус, а не гарантыя. Што дазваляе рэгіёну быць спрыяльным для бізнесу?
— Тая палітыка, якая праводзіцца ў адносінах да развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і заключаецца ва ўсебаковай падтрымцы ўсіх, хто жадае адкрыць сваю справу. Лічбы сведчаць пра тое, што прадпрымальніцтва адыгрывае істотную ролю ў развіцці эканомікі раёна. Мяркуйце самі: зараз удзельная вага паступленняў у бюджэт ад суб’етаў малога і сярэдняга бізнесу складае 57,6 %. Іх доля ў экспарце — 52,2 %. А ўдзельная вага прамысловай вытворчасці малых прадпрыемстваў у агульным яе аб’ёме — 45,3 %. Але тут трэба адзначыць, што пераважная колькасць суб’ектаў пакуль сканцэнтравана ў сферы паслуг і гандлю. Таму зараз мы шчыльна працуем над тым, каб узмацніць менавіта вытворчы патэнцыял, экспартна-арыентаваны, імпартазамяшчальны, з адпаведным узроўнем заработнай платы.
— Падзяліцеся сваім адметным вопытам: якую канкрэтную падтрымку аказвае ўлада бізнесу?
— У нас арганізавана дзейсная інфармацыйна-метадычная і практычная дапамога. Пры райвыканкаме створаны савет па развіцці прадпрымальніцтва. Два гады КУП па аказанні паслуг «Смалявічы-Спадарожнік» працуе ў статусе цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Гэта жывая, ініцыятыўная структура, дзе распрацаваны навучальныя праграмы, аказваецца кансультацыйная падтрымка тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Цэнтру выдзелены дадатковыя арэндныя плошчы для далейшага развіцця, для нас прынцыпова, каб там былі сучасныя і даступныя для ўсіх умовы для правядзення рознага ўзроўню відэаканферэнцый, семінараў, перамоў. Гэта структура ўзяла на сябе арганізацыйныя клопаты па стварэнні сістэмы вонкавай рэкламы, і бізнес ахвотна карыстаецца яе паслугамі. Але самае галоўнае на сёння тое, што спецыялісты цэнтра займаюцца суправаджэннем інвестпраектаў.
— Што гэта значыць?
— А тое, што інвестары не застаюцца сам-насам з праблемамі, ад першай сустрэчы і да пачатку рэалізацыі праекта спецыялісты крок у крок ідуць разам з ім, дапамагаюць у зборы і афармленні дакументацыі, атрыманні ліцэнзій, аказваюць кансультацыі па ўмовах прадастаўлення фінансавай дапамогі і гэтак далей. Адным словам, працуюць разам па ўсіх накірунках, каб праект пачаў жыццё як мага хутчэй. Больш таго, зараз у раёне вызначана спецыяльная інвестыцыйная пляцоўка для кампактнага размяшчэння прадпрыемстваў, а гэта 70 га зямлі. Інвестары не толькі прадстаўляюць свае бізнес-планы, але і неабходныя для іх рэалізацыі інфраструктурныя нагрузкі. Згодна з гэтымі заяўкамі ствараецца праект дэталёвай планіроўкі пляцоўкі з усімі неабходнымі камунікацыямі. Для абуладкавання інфраструктуры мы выкарыстоўваем свае магчымасці, а таксама на долевы ўдзел запрашаем інвестараў.
— Ці аказваецца маёмасная падтрымка прадпрымальніцтву?
— У гэтым накірунку дзейнічаем згодна з Указам Прэзідэнта № 108, які рэгламентуе ўключэнне ў абарот нерухомай дзяржмаёмасці, што не выкарыстоўваецца. Нам важна, каб аб’ект не прастойваў без патрэбы, і не менш важна, што такім чынам мы рэальна падтрымліваем прадпрымальніцтва і бізнес. Напрыклад, толькі ў апошнія два гады 5 аб’ектаў, у асноўным сельскагаспадарчага прызначэння, перададзены ў бязвыплатнае карыстанне суб’ектам гаспадарання. Зараз яны добрасумленна выконваюць свае абавязкі па арганізацыі вытворчасці, калі так будзе і надалей, то рашэннем райвыканкама мы перададзім гэтыя будынкі ў пастаяннае карыстанне. Актыўна прапаноўваем плошчы і ў арэнду.
— Раскажыце пра найбольш значныя праекты, што зараз рэалізуюцца на тэрыторыі раёна.
— Спынюся на тых, якія працуюць у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». У нас такіх інвестпраектаў 15 з агульнай сумай інвестыцый 843 млрд. рублёў. З пачатку іх рэалізацыі, а гэта з 2009 года, ужо асвоена каля 500 млрд. рублёў. А за тры месяцы бягучага года — каля 120 млрд. рублёў. Так, у завод па вытворчасці ветпрэпаратаў і кармавых дабавак расійскім інвестарам будзе накіравана каля 4 млн. еўра замежных інвестыцый. Тэрмін рэалізацыі праекта — 2014 год. Гэта вытворчасць дасць імпартазамяшчальную, экспартна-арыентаваную прадукцыю і 200 новых рабочых месцаў. У раёне Нацыянальнага аэрапорта рэалізуе інвестыцыйны праект па будаўніцтве аб’екта прыдарожнага сэрвісу ТАА «Агорабел». Гэта будзе гасцініца на 140 нумароў, рэстаран на 122 месца, бар, кафэ, аўтастаянка і гэтак далей. Чакаецца, што літаральна днямі работы будуць завершаны. У працэсе мадэрнізацыі зараз знаходзіцца Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка. Праект прадугледжвае сур’ёзнае абнаўленне вытворчасці, будаўніцтва новых цэхаў. Агульны аб’ём інвестыцый — каля 400 млрд. рублёў.
А ўвогуле пералік гэты можна доўжыць. І гэта вельмі радуе.
На здымку: намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля ЯКУБІЦКАЯ.
Фота: Марына БАРАДАЎКА
------------------------------
Ад першай асобы
Старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл ЗАГОРЦАЎ:
— Раёну ўвогуле ўласціва імкненне да таго, каб быць у ліку лепшых. Але гэта далёка не амбіцыі, а накіраванасць на тое, каб на высокім прафесійным узроўні, сумленна і з пазітыўным настроем рабіць сваю справу, а праз гэта цэласна і паўнавартасна развіваць рэгіён, ствараць умовы для камфортнага жыцця і працы людзей. Некалі менавіта ў такой паслядоўнасці мы расставілі прыярытэты. Як вынік — эфектыўнае развіццё эканомікі, занятасць насельніцтва, паляпшэнне яго дабрабыту. Дарэчы будзе сказаць, што сярэдняя зарплата ў сельгасвытворчасці ў нас роўная ў эквіваленце 600 доларам, а ў прамысловасці — 700 доларам ЗША. Смалявічы ўсё часцей і часцей гучаць на абласным і рэспубліканскім узроўнях у самых розных сферах дзейнасці. І развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў тым ліку. Маё цвёрдае перакананне: калі ў гэтым развіцці не будзе зацікаўлены дробны клерк, то ніякія вялікія планы не здзейсняцца. Менавіта ад яго залежыць «кухня», той шлях папер, узгадненняў і дакументаў, на якім заблукаў і згубіўся не адзін айчынны інвестар, не гаворачы пра замежнага. У Смалявіцкім раёне робіцца ўсё магчымае, каб гэты шлях быў кароткім і немудрагелістым. Было аднойчы вызначана: калі пэўнае пытанне можна вырашыць за гадзіну, а яго рашалі тыдзень (не важна, што заканадаўча дазваляецца), то гэтыя людзі не з нашай каманды. І справа пайшла хутчэй. Шмат чаго робіцца, але і належыць зрабіць яшчэ нямала. Палітыка такая: бізнесмен павінен заявіць, што мяркуе зрабіць, а мы ўсё растлумачыць, узгадніць, дапамагчы практычна. Толькі такім шляхам могуць ісці сапраўды сур’ёзныя інвестыцыі. У бліжэйшы час мы давядзём гэту сістэму да дасканаласці, дададзім сур’ёзнай рэкламы. Людзі бізнеса павінны займацца бізнесам, а для гэтага ім неабходны ўмовы.
--------------------------------
Меркаванне
Дырэктар навукова-практычнага ЗАТ «Малкут» Людміла КІСЯЛЁВА:
— У Смалявіцкім раёне наша прадпрыемства працуе з 2004 года. Мы маем вопыт развіцця бізнесу ў сталіцы, але магу запэўніць, што ў Смалявічах рабіць гэта адчувальна прасцей. Стылю работы апарату райвыканкама ўласціва дэмакратычнасць, увага і павага да патрэб і праблем прадпрымальнікаў. Усе пытанні вырашаюцца прафесійна, без непатрэбных замінак. Вось зусім нядаўна нам давялося вырашаць пытанне з выдзяленнем дадатковага зямельнага ўчастка для развіцця вытворчасці. Усё зрабілі аператыўна, зараз вырабляем праектна-каштарысную дакументацыю і будзем займацца перапрафіляваннем памяшкання школы, якое было без выкарыстання. Такім чынам, будзем працаваць ужо не на арэндных, а на ўласных плошчах, далей развіваць і павялічваць вытворчасць вітамінна-мінеральных комплексаў пад вядомым брэндам «Vitus».