Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў разыгрывае больш за 1,8 млн рублёў сярод малога бізнесу

Грошы па конкурсе

Нядрэнную грашовую дапамогу могуць атрымаць тыя, хто стварае, развівае і пашырае вытворчасць тавараў, работ і паслуг. А таксама тыя, хто пашырае сваю вытворчасць або рэалізуе прадукцыю на экспарт, задзейнічаны ці толькi збіраецца ўключыцца ў імпартазамяшчэнне, выпускае тавары, якія дазваляюць эканоміць энергію і рэсурсы, укараняць новыя тэхналогіі.

Завяршаецца прыём заявак 15 лістапада.
Фота Letip.ru

Ва ўмовах конкурсу прапісаны і мэты, прафінансаваць якія гатовы фонд. Сярод іх — будаўніцтва і купля будынкаў і памяшканняў, а таксама іх рамонт і рэканструкцыя. А яшчэ — набыццё абсталявання, транспарту, закупка камплектуючых, сыравіны і матэрыялаў.

Грошы гатовыя вылучыць у доўг на тэрмін да 5 гадоў. Такі ж максімальны тэрмін і ў частцы дапамогі з маёмасцю на ўмовах лізінгу. Працэнт за карыстанне грашыма будзе роўны стаўцы рэфінансавання. Праўда, ёсць выпадкі, калі працэнт будзе меншы — 7%. Для гэтага інвестпраекты павінны быць накiраваны на стварэнне і пашырэнне экспартна-арыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей, на якіх з'явіцца не менш за тры працоўныя месцы. Акрамя таго, па выніках конкурсу такія прапановы павінны набраць 12 і больш балаў. 

Самая інтрыгуючая частка — аб'ём сродкаў, якія разыгрываюцца. Максімум пазыкі — 184 тысячы рублёў. Такі ж ліміт пры прадастаўленні маёмасці на ўмовах лізінгу. Пры гэтым агульная сума фiндапамогi аднаму заяўніку не можа перавышаць 230 тысяч рублёў, удакладняюць арганiзатары. Агульны ж бюджэт конкурсу, які Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў прапанаваў накіраваць на аказанне дзяржпадтрымкі, — больш за 1,8 млн рублёў. Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада па пошце ці ў офісе фонду. 

Вольга РАМАНОЎСКАЯ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter