Цi хопiць у пазбаўленага лiцэнзii на працу з фiзлiцамi БСБ-Банка грошаў, как разлiчыцца з укладчыкамi

Грошы любяць цiшыню

Нацбанк адклікаў ліцэнзію на работу з дэпазітамі фізічных асоб у ЗАТ «БСБ Банк». Прычына – выяўленыя парушэнні і недахопы падчас праверкі ўстановы, якая, дарэчы, займае 17-е месца ў банкаўскай сістэме краіны па памеры актываў. На першае чэрвеня гэтага года нарматыўны капітал БСБ Банка складаў 56,6 мільёна рублёў.


У Нацбанку патлумачылі, што зараз ЗАТ «БСБ Банк» не мае спецыяльнага дазволу на такія банкаўскія аперацыі, як прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб на дэпазіты і рахункі, на адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асоб, на выдачу каштоўных папер, якія пацвярджаюць прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб ва ўклады і размяшчэнне іх на рахункі. Таксама не можа банк выпускаць у абарачэнне банкаўскія плацежныя карткi фізічных асоб. Важна разумець, што ўсё гэта не тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб. З iмi банк будзе працаваць, як i раней. 

Але што рабіць фізічным асобам—укладчыкам ЗАТ «БСБ Банк», якія маюць рахункі, дэпазіты ў гэтым банку, а таксама яго аплатныя карткі? Нацбанк засяродзіў увагу: установа зараз проста абавязана пакрыць «страты, панесеныя імі ў сувязі з немагчымасцю выканання банкам сваіх абавязацельстваў, звязаных з ажыццяўленнем асобных банкаўскіх аперацый, у частцы ажыццяўлення якіх ліцэнзія была адкліканая». Грошы фізічным асобам павінны вярнуць да 26 чэрвеня.

— Праблема ўкладчыкаў востра не стаіць, таму што ў гэтым банку ў сілу спецыфікі яго дзейнасці мала такіх дэпазітных рахункаў. Там у асноўным бягучыя разліковыя рахункі, у тым ліку тыя, да якіх прывязаныя банкаўскія аплатныя карткі, — так растлумачылі нам сітуацыю ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. 

Нацбанк адклікае з 26 чэрвеня ліцэнзію ЗАТ «БСБ Банк» у частцы асобных банкаўскіх аперацый з фізічнымі асобамі
Фото источник

Банкам-павераным, які ажыццяўляе прыём заяў аб выплаце кампенсацыі банкаўскіх укладаў, прыцягнутых ЗАТ «БСБ Банк», і выплату гэтай кампенсацыі, вызначана ААТ «Банк Масква-Мінск». Кампенсацыя дэпазітаў пачнецца пасля папярэдніх працэдур і размяшчэння Агенцтвам па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб на сайце www.adc.by інфармацыі пра месца, час і парадак кампенсацыі дэпазітаў. Гэта будзе ўжо хутка.

У ЗАТ «БСБ Банк» кліентаў папярэдзілі: ужо з 26 чэрвеня разлічвацца плацежнымі карткамі банка будзе нельга, як і здымаць з рахункаў і карт-рахункаў грошы і, вядома, папаўняць іх. Установа ўжо папрасіла ў фізічных асоб зняць свае сродкі з картак і рахункаў да 25 чэрвеня. 

Дзе кліентам ЗАТ «БСБ Банк» можна зняць свае грошы? У касах і банкаматах гэтага банка, банкаматах банкаў БелВЭБ, Тэхнабанк, Альфа Банк, Банк Масква-Мінск, РРБ Банк, Ідэя Банк, МТБанк, а таксама разлічвацца ў гандлёвых сетках, якія абслугоўваюцца гэтымі банкамі да адклікання ліцэнзіі. А вось Белаграпрамбанк, БПС-Сбербанк, Белінвестбанк і Прыорбанк заблакіравалі карткі БСБ Банка. Таму аперацыі ў арганізацыях гандлю па тэрміналам, у банкаматах названых банкаў немагчымы.

Калі грашовыя сродкі ў якім-небудзь з банкаматаў БСБ Банка скончацца, банк будзе іх папаўняць. У банку кажуць, што праблем з наяўнымі грашыма няма.

Зараз — сезон адпачынку. Для кліентаў, якія знаходзяцца за мяжой і не вернуцца ў краіну да 26 чэрвеня, банк рэкамендуе папрасіць сваякоў або давераных асоб атрымаць бясплатна неперсаніфікаваныя аплатныя карткі ў БСБ Банку, каб можна было перавесці грошы з карты кліента на карту сваяка, які і здыме грошы. Дарэчы, у банкаматах БСБ Банка іх зараз можна зняць без камісіі. Там таксама адзначылі, што актуальную інфармацыю аб тым, ці ёсць у наяўнасці грошы ў банкаматах, можна даведацца на iх сайце.

Як бы там ні было, банк працягне сваю працу, праўда, толькі з юрыдычнымі асобамі і ІП. Нагадаем, што гэта далёка не першы выпадак, калі банк пазбаўляюць ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці з фізічнымі асобамі. Бывалі ў нас прэцэдэнты і больш сур'ёзныя — у 2015 годзе ЗАТ «Дэльта-Банк» зусім пазбавілі ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці. Але трагедыi не здарылася — усе ўкладчыкі тады вярнулі свае грошы. Гэта момант прынцыповы — адпаведныя гарантыі банкаўскай сістэмы прапісаны ў нашым заканадаўстве.

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter