Грошай не зарабілі, але пабачылі...

Улетку многiя маладыя людзi накiроўваюцца за мяжу, каб падзарабiць i краiны паглядзець. Давайце перанясёмся на туманны Альбiён. Праграма “Concordia” для студэнтаў аграрных ВНУ дае магчымасць зарабiць грошай, каб паглядзець свет. Працаваць трэба ў сельскагаспадарчай галiне. Вось i мы з сябрам па кантракту ездзiлi збiраць клубнiцы. Усе ўспамiны яркiя i зараз, таму i апавядаць пра свае працоўна-пазнавальныя доследы буду ў цяперашнiм часе.

 Вось мы на чыгуначным вакзале Victoria station у Лондане. Адпраўляемся на ферму, дзе нас чакае работадаўца. Жыць будзем у “раскошных апартаментах”, якiя называюцца караваны. Караван — мiнi-хатка на колах, якая складаецца з 2 альбо 3 пакояў. З выгодаў — газавая плiта, ложак, падобны на той, якi ёсць у кожным плацкартным вагоне, некалькi палавiкоў. Халадзiльнiк, тэлевiзар, музычны цэнтр, пральная машына, сушылка, тэнiсны i бiльярдны сталы знаходзяцца ў асобным памяшканнi, дзе адпачываем пасля працы.
Разам з намi жывуць славакi, палякi, лiтоўцы, эстонцы. Кожны дзень у 6 гадзiн ранiцы выходзiм на работу i, пакуль не стане зусiм горача ў цяплiцах, збiраем ягады. Але калi супервайзер (чалавек, якi сочыць за якасцю) заўважыць у скрынцы некалькi абабiтых альбо зеленаватых клубнiц, абавязкова прапануе перабраць усю скрынку, а яшчэ горш — адправiць вынiк працы ў сметнiцу. Ёсць у полi i “наглядчык”, якi сочыць за тым, каб мы не пакiдалi спелую прыгажуню расцi далей. Калi ён заўважыў, што прапусцiў — праходзiш свой радок зноў.
 Канешне, якая праца без адпачынку? Ёсць ён i ў нас — праз кожныя 2 гадзiны па 15 хвiлiн, у абед — гадзiна. Атрымлiваем за адну скрынку ў 9(!) разоў менш, чым яна каштуе ў магазiне. Але мы сюды не на заробкi прыехалi — нам бы на падарожжа хапiла.
 Кожную сераду ўсiх нас адвозяць у супермаркет, дзе мы можам купiць сабе танную, “па-кашачы” смачную ежу. Хочаш хатнiх блiноў цi пельменяў — сядзi дома i нiкуды не едзь: там гэтага няма. Хiба сам прыгатуеш...
Закупляемся на ўвесь тыдзень. Скiнулiся па 15 фунтаў — i давай запаўняць да краёў карзiну на колах. I гэта мы яшчэ эканомiм! А калi разыдземся на мяса, рыбу, агароднiну, дык  прыйдзецца патрацiць у два разы больш.
Субота i нядзеля — выхадныя. За гэтыя днi мы можам блiжэй пазнаёмiцца з сябрамi-iншаземцамi, расказаць iм пра Беларусь, падвучыць “не нашу” мову. З прапанаваных забаў на ферме ролiкавыя канькi, валейбол, тэнiс, бiльярд — можна выбраць тое, што даспадобы. Кожную пятнiцу ладзяцца дыскатэкi. А адзiн раз у месяц шэф арганiзоўвае барбекю, на якое прыязджае моладзь з iншых ферм. Запяканне мяса праходзiць у вясёлай абстаноўцы: наш бос надзявае фартух i пераўвасабляецца ў афiцыянта. З усмешкай на ўвесь рот кожнаму асабiста прапануе смачную страву.
 Пазбiралi мы клубнiцы паўтара месяца, пагарбацiлiся на карысць падданых Яе Вялiкасцi Каралевы, паспыталi гэты “лёгкi хлеб” — так “дастала” поўзаць на каленях, што вырашылi паехаць у горад шукаць што-небудзь “цывiльнае”. А месцам прыпынку стала “калыска” Робiн Гуда — горад Ноцiнгем.
 Усе грошы, якiя атрымалi за збiранне клубнiц на ферме, за той час, калi ў нас не было працы, знiклi з хуткасцю пралятаючага рэактыўнага самалёта. Што i зразумела: бохан не самага смачнага хлеба каштуе 60 пi (прыкладна 2,5 тысячы беларускiх рублёў), 200 грамаў рыбы (хаця Англiя абмываецца морам i акiянам) — 3, дзённы бiлет на трамвай — 2 пi, невялiчкi пакой у арэнду — 50 фунтаў з аднаго чалавека, дом — 300 фунтаў за тыдзень.
У гэтым горадзе i iншых мы працавалi не лянуючыся. Тамтэйшыя работадаўцы нават адзначылi, што беларусы ў працы о-го-го.
Вялiкiх грошай не зарабiлi, але затое многае пабачылi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter