У пункце пропуску «Катлоўка» ў кастрычніку пачне працаваць найноўшая сістэма электроннай чаргі

Гранiца ўключае табло

У пункце пропуску «Катлоўка» з учарашняга дня падарожнікаў сустракае аўтаматызаваная сістэма падліку фізічных асоб. Новаўвядзенне ўжо змаглі ацаніць вадзіцелі, якія прыбываюць у Беларусь з Літвы ці едуць у ад-варотным напрамку. Карэспандэнт «Р» ацаніла навацыю.


Сістэму адладжвалі на пра­цягу месяца, таму да дня запуску яна ўжо працавала бездакорна. Якія яшчэ змены чакаюцца ў пункце пропуску міжнароднага ўзроўню, і для чаго яны патрэбны? Карэспандэнт «Р» завітала на мяжу, каб сваімі вачыма ўба­чыць, наколькі зручней ста­ла яе перасякаць.

Рэспубліканскі пункт мытнага афармлення «Катлоўка» Ашмянскай мытні на беларуска-літоўскай мяжы знаходзіцца ў 24-х кіламетрах ад Астраўца. У 2006 годзе скончылася яго рэканструкцыя, і ён набыў сучасны выгляд. Пра тое, наколькі запатрабавана гэтая транспартная артэрыя, можна меркаваць па чарадзе грузавікоў з літоўскімi, польскімi, расійскімi і іншымi нумарнымi знакамi самых розных краін свету, якія чакаюць сваёй чаргі. Разам з начальнікам пункта мытнага афармлення «Катлоўка» Андрэем Зайцавым мы едзем на месца, каб пачаць новы працоўны дзень.

— Бачыце камеры на пад’ездзе да пагранічнага паста? — паказвае дасведчаны мытнік на непрыкметныя апараты. — Наш аўтамабіль ужо сфатаграфавалі. Раней пры заездзе ў пункт пропуску выдавалі папяровы талон, дзе ставіліся адзнакі ўсіх службаў. На ўсё гэта патрабаваўся час.

Усё, што патрэбна для працы, — цяпер у камп'ютары.

— Збояў не чакаць? Ці гатовы супрацоўнікі працаваць у новым рэжыме?

Ужо практычна месяц таму ў тэставым рэжыме пачалі працу па адмене папярова-кантрольных талонаў і ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы ўліку пропуску фізічных асоб, грузавых транспартных сродкаў і грузаў. Сістэма створана на аснове аўтаматызаванай падсістэмы «Транзіт Мытнага саюза», якая функцыянуе ў мытных органах.

— У чым яна заключаецца?

— Яна распазнае нумарныя знакі транспартнага сродку з дапамогай спецыяльнага праграмнага прадукту, затым уносіць іх у базу даных, дзе вядзецца спецыяльны электронны журнал. Усе звесткі аб дарожных знаках дапаўняюцца інфармацыяй праходжання памежнага і мытнага кантролю.

— Гэта зручна перш за ўсё для каго?

— Для ўсіх. Выйграюць і грамадзяне, і адказныя за перасячэнне мяжы службы. Па-першае, скарачаецца час знаходжання аўтамабіля ў пункце пропуску. Па-другое, гэтая сістэма дазваляе адлюстроўваць усе віды кантролю. Па-трэцяе, рэгламентуецца ўзаемадзеянне пагранічнікаў і мытнікаў. Акрамя таго, сістэма павышае якасць сумеснага інфармавання службаў, якія знаходзяцца ў пункце пропуску. У цэлым усе гэтыя намаганні накіраваны на несанкцыянаванае адбыццё з пункта пропуску. Калі раней былі выпадкі спроб несанкцыянаванага прарыву дзяржаўнай мяжы, то гэтая сістэма выключае такія факты. Зніжаецца доля рызыкі розных карупцыйных праяў. Ужо не будзе магчымасці падрабіць дакумент і гэтак далей.

Адмена папяровых талонаў зэканоміць час.

Пункт пропуску «Катлоўка» быў арганізаваны ў 1991 годзе. На ўезд у краіну тут абсталяваны два каналы для руху грузавога транспарту, адзін з якіх выкарыстоўваецца для руху аўтобусаў, і тры каналы — для легкавых транспартных сродкаў. У суткі праектнай магутнасцю прадугледжаны праезд 350 гру­завiкоў, 635 легкавых аўта­мабiляў і 15 аўтобусаў. А фактычна афармляецца да 400 груза­вікоў, больш за 800 легкавушак (на ўезд і выезд). Адзначаецца значнае павелічэнне патокаў усіх відаў аўтамабіляў у выхадныя дні.

У самім Астраўцы практычна палова аўтамабіляў, якія перасоўваюцца па горадзе, з літоўскімі нумарамі. Нашы людзі таксама ездзяць у Літву, але значна радзей. Хоць, па словах Андрэя Зайцава, падчас адпачынкаў пункт пропуску «Катлоўка» запатрабаваны ў тых, хто імкнецца патрапіць да мора на курорты Клайпеды. Горад атамшчыкаў таксама павялічваецца, таму запатрабаванасць гэтага напрамку толькі набірае абароты. Зусім хутка ў міжнародным пункце пропуску з’явіцца яшчэ адно ноу-хау: запрацуе сістэма электроннай чаргі.

Мы бачылі, на пад’ездзе ідуць будаўнічыя работы, расчышчаецца пляцоўка пад стаянку для аўтамабіляў. Інфраструктуру стварае турэцкі інвестар, які ўжо пабудаваў у Астраўцы новую гасцініцу і аўтазаправачную станцыю ў непасрэднай блізкасці да пункта пропуску. Сістэма электроннай чаргі ўжо апрабавана ў пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост». Арыенціровачна ў пачатку кастрычніка яна будзе ўкаранёна і ў нас. Электронная чарга будзе даступная для грузавога і легкавога транспарту. Аўтамабілі, якія прыбылі ў пункт мытнага афармлення, будуць знаходзіцца ў сэрвіснай зоне, чакаючы, калі на табло з’явіцца патрэбны нумар. Аплаціць паслугу можна будзе дома, выбраўшы зручны час для праезду ў іншую краіну.

tanula.k@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter