Чаканнем вясны жыве клічаўскі механізатар, унук матроса з крэйсера «Аўрора» Вячаслаў Цэлікаў

«Грамата застанецца ўнукам, а грашовыя прэмii нашчадкам нiякiя не рэлiквii»

Позняй восенню, калі зямля заціхае да першага веснавога цяпла, хлебароб мае магчымасць перадыхнуць. Але ў механізатара клічаўскага УКСП «Саўгас «Ольса» Вячаслава ЦЭЛІКАВА і ў такі час шмат клопатаў па сваёй гаспадарцы. А яшчэ сэрца рвецца наведаць радню ў вёсцы Калінаўка Дубровенскага раёна, дзе спрадвеку гаравалі на зямлі яго дзяды і прадзеды.

Там Вячаслаў Аркадзьевіч на бацькавым гусенічным трактары ДТ-74 праклаў сваю першую баразну. З таго часу не расстаецца з тэхнікай. Замяніў бацьку-трактарыста ў дубровенскім саўгасе імя Чарняхоўскага, узначальваў калектыў інтэнсіўнай працы ў клічаўскім калгасе «Савецкая Беларусь», дзевяць сезонаў адпрацаваў на жніве разам з сынам Мікалаем у ольсаўскай гаспадарцы. Неаднойчы яны выходзілі пераможцамі спаборніцтва сярод уборачных экіпажаў Магілёўшчыны. Землякі з клічаўскай Колбчы выбіралі Вячаслава Цэлікава дэпутатам сельскага Савета. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.


Машынны двор УКСП «Саўгас «Ольса» пачынаецца адразу за вучэбным корпусам Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа, які раней меў статус Магілёўскага саўгаса-тэхнікума. На базе падсобнай гаспадаркі навучэнцы спасцігалі практычныя веды па абраных спецыяльнасцях. Апрацоўвалі зямлю, засявалі яе і збіралі ўраджай. Шаснаццаць гадоў таму навучальная ўстанова рэарганізавана ў каледж. Вучэбную гаспадарку аб’ядналі з суседнім саўгасам «Ганчанскі» і стварылі ўнітарнае калектыўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Саўгас «Ольса» з агульнай плошчай амаль шэсць тысяч гектараў, з якіх большую палову займаюць палі і сенажаці. Тэхнічны арсенал паспяхова забяспечвае своечасовае выкананне комплексу палявых работ, і па асноўных вытворчых паказчыках гаспадарка адна з лепшых у раёне. Сёлета з агульнай плошчы тры з паловай тысячы гектараў сабрана амаль па шэсцьдзясят цэнтнераў збожжа на круг. Дружнымі ўсходамі радуюць пасевы азімых.

— Самы спрыяльны час рыхтаваць глебу пад веснавую сяўбу, але былі вымушаны работы ў полі прыпыніць, — заклапочаны дырэктар УКСП «Саўгас «Ольса» Ігар Скараходаў. — Няма паліва. Шукаем варыянты выйсця з гэтага становішча. 

Пакуль галоўны бухгалтар гаспадаркі Галіна Шыбко з усёй бухгалтэрыяй разбіраюцца з дэбіторамі і крэдыторамі, каб знайсці сродкі на паліва, механізатары не трацяць дарма час і рыхтуюць тэхніку да зімовага захоўвання. За кожным з іх замацавана некалькі магутных сельгасмашын. З кадрамі тут, як і ў іншых гаспадарках раёна, тугавата.

Восем гадоў таму папоўніў атрад механізатараў сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Цэлікаў. У першую вясну адразу прыступіў да падрыхтоўкі глебы да сяўбы на магутным «Кіраўцы», а перад жнівом атрымаў з «Гомсельмаша» новы збожжаўборачны камбайн. Дзевяць сезонаў разам з сынам Мікалаем убірае на ім збажыну.

— У сёлетняе жніво ўжо я быў у сына памочнікам, — сціпла прызнаецца Вячаслаў Аркадзьевіч. — Здароўе не тое, што раней. Сын не дазваляў ператамляцца. Я толькі пазіраў, як ён упэўнена вёў камбайн па ніве. У працы Мікола сябе не шкадуе. На ўборцы добра зарабіў. Зараз завяршае вучобу на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Наступным летам вернецца дыпламаваным інжынерам. На вучобу ён паступаў па мэтавым накіраванні Клічаўскага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі.

Бацькі чакаюць вяртання сына, які папоўніць атрад спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Агранамічны факультэт акадэміі закончыла і маці Мікалая, Ірына Мікалаеўна, і па накіраванні прыехала ў дубровенскі саўгас імя Чарняхоўскага, дзе і сустрэлася з маладым салдатам, што прыехаў да бацькоў на пабыўку. Запаланіла бялявая дзяўчына сэрца адпускніка Вячаслава Цэлікава. Адслужыў і вярнуўся ў родную Калінаўку, дзе гаспадарыла на палях аграном Ірына Парахневіч, якая неўзабаве стала яго жонкай. Чвэрць стагоддзя яны разам, і гаспадыню сваю ён з першага дня называе ласкава Ірулькай.

— Цешча Ніна Канстанцінаўна мяне сынком прызнала, — узгадвае Вячаслаў Аркадзьевіч. — А мая маці нявестку велічала па бацьку. З цесцем Мікалаем Серафімавічам мы адразу пасябравалі. Ён адмысловы цясляр. Прыязджаў і даводзіў да ладу наша жыллё. Аўдавеў і ў свае 82 гады ледзьве ходзіць, ён ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Да нас перабірацца не хоча, сам сябе абслугоўвае. Вядома ж, што старому дрэву на новым месцы цяжка прыжывацца. Ірына адзіная ў бацькоў і імкнулася бліжэй да іх перабрацца, каб дапамагаць. Ёй прапаноўвалі працу ў Любонічах Кіраўскага раёна, у іншых кутках Магілёўшчыны, але спынілася на Клічаўскім раёне, каб бліжэй да бацькоўскага дома ў Бабруйску. Раней было некалькі рэйсаў аўтобусаў на дзень з Клічава на Бабруйск, а зараз толькі па некаторых днях тыдня курсіруюць.

Мы пераехалі ў клічаўскі калгас «Савецкая Беларусь», які Ірына ўзначаліла. Атрымалі калгасны дом, які цесць дапамог падрамантаваць. Неўзабаве перайшлі ў новы катэдж з прыродным газам і цэнтральным ацяпленнем. Падрастаў сынок. Завялі сваю гаспадарку. Купілі карову, свіней, курэй. Я з асалодаю працаваў на трактары. Сына з малых гадоў да трактара прыціраў. Як некалі я ў бацькі вучыўся на гусенічным трактары рычагі пераключаць, так і ён прасіў у мяне праехацца на трактары. Я ў дзесяць гадоў ужо самастойна вёў па полі ДТ-74. Гэта ў нас у крыві — цяга да тэхнікі. Бацька мой быў адным з першых механізатараў у нашай Калінаўцы. Мой старэйшы брат Мікалай яшчэ раней мяне асвоіў кіраванне бацькавым трактарам. Зараз дзецям не дазваляюць нічога рабіць, і яны бадзяюцца па вёсцы ўсе канікулы без справы. А мы грошы зараблялі, час дарма не трацілі. Мне не трэба было ламаць галаву, чым заняцца пасля заканчэння школы, я ўжо ўмеў кіраваць многімі сельгасмашынамі, і заставалася толькі атрымаць права кіраваць імі. Паступіў у Дубровенскае прафтэхвучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 35. У час вучобы ў мяне ўжо ў саўгасе быў трактар МТЗ-50, і, як толькі пачыналіся канікулы, ехаў працаваць на ім.

— Што вам давяралі выконваць?

— Травы касіў, абкошваў пашы, палявыя работы выконваў. Многае ў вясковым гаспадаранні я пераняў ад бацькі. А жыццёвае гартаванне прайшоў з малых гадоў, за што ўдзячны бацькам і дзядулі Гаўрылу, каля якога рос і, як сцвярджаюць родныя, у яго ўдаўся.

— Дзед Гаўрыла па якой лініі?

— Ён бацька маёй маці Валянціны Гаўрылаўны. А дзед Андрэй Цэлікаў у Вялікую Айчынную вайну служыў маёрам медыцынскай службы. Бацька расказваў, што параненым вярнуўся дамоў пасля вайны і доўга не пажыў. Мы раслі пад наглядам дзеда Гаўрылы Кіндалёва. Зімою разам у лес хадзілі, дровы нарыхтоўвалі, а летам травы касілі, поле даглядалі, кароў пасвілі. Як захапляльна распавядаў ён пра сваё мінулае. Служыў матросам на гістарычным крэйсеры «Аўрора» і меў чатыры царскія крыжы. Прайшоў тры вайны: Першую сусветную, фінскую і Вялікую Айчынную. Чатыры разы жаніўся. Першая жонка дзеда была масквічка. Да рэвалюцыі маладой памерла. Гаўрыла Пімахавіч, як ураджэнец Віцебскай губерні, трапіў служыць на крэйсер «Вараг», а затым на «Аўрору», дзе і сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. У Пецярбургу зноў ажаніўся. Але другая жонка таксама доўга не пажыла. Вярнуўся на родную Віцебшчыну і сям’ёй абзавёўся. Нарадзіліся дзеці, але раслі без маці, яна рана памерла. За працавітага трактарыста Аркадзя Цэлікава аддаў дзядуля замуж маю маці, а сам у чацвёрты раз пабраўся шлюбам з мясцовай кабетай Настассяй Белавусавай. Лёс падараваў дзеду доўгі век. Яго часта запрашалі на сустрэчы, вечары з просьбай узгадаць кастрычніцкія падзеі ў Пецярбургу і асабліва пра памятны залп «Аўроры». Апошні раз прыязджалі да яго ў 1977 годзе і запрашалі ў Ленінград на ўрачыстасці. Але стан здароўя не дазволіў яму наведаць крэйсер «Аўрора».

Пра дзеда Гаўрылу не аднойчы расказваў свайму сыну Вячаслаў Цэлікаў і вельмі шкадуе, што на потым адкладваў запіс гісторый з багатага жыцця дзядулі-матроса. У бацькоўскай хаце на Дубровеншчыне, дзе цяпер жыве адзін з пляменнікаў, захаваліся фотаздымкі слыннага беларускага аўрораўца.

На назе Вячаслава Аркадзьевіча застаўся шрам ад сякеры: калі з дзедам Гаўрылам хмызнякі высякалі на дровы, хлопчык замест дрэва па вялікім пальцы сабе секануў.

Не пасаваць перад цяжкасцямі і быць справядлівым прывучаў унукаў Гаўрыла Пімахавіч. Ад спецыялістаў гаспадаркі «Саўгас «Ольса» я пачуў, што як бы ні было цяжка механізатару Вячаславу Цэлікаву, але ён мае вытрымку. Да новага трактара МТЗ-3022 прывезлі магутныя корпусныя плугі, і трэба было іх навесіць. Як ні стараўся механізатар, а ўсё не атрымлівалася. Ад напругі і крыўды слёзы выступілі, але ўсё ж прыстасаваў плугі да трактара і выехаў у поле.

— У гэтага механізатара трэба павучыцца пунктуальнасці, — адзначае старшы інспектар аддзела кадраў гаспадаркі Марыя Навумовіч. — На пачатку восені, калі раней світала, працоўны дзень у механізатараў пачынаўся ў сем гадзін раніцы. Вячаслаў Цэлікаў значна раней ужо каля свайго трактара і пазней за ўсіх завяршае працоўны дзень. Якасць яго работы правяраць няма патрэбы. Чалавек добрасумленны. 

Мо, і дагэтуль працаваў бы ён трактарыстам у колбчанскай гаспадарцы, куды пераехалі з Віцебшчыны амаль два дзесяцігоддзі таму, але балюча стала слухаць Вячаславу Аркадзьевічу папрокі, што перарасход дызельнага паліва ў яго. Падлічылі аб’ём выкананай работы, яшчэ і эканомія атрымалася. Прабачэння ніхто не папрасіў. Запякло ў сэрцы, і звольніўся. У гаспадарцы «Саўгас «Ольса» яму выдзелілі новы катэдж у клічаўскім мікрараёне Белыя Росы. Раённы цэнтр пашырае свае межы і, як у вядомым фільме Ігара Дабралюбава «Белыя Росы», паглынае прыгарадныя паселішчы, пераўтварае былыя агароды і сады ў гарадскія мікрараёны. Побач з гарадскімі новабудоўлямі перакацістыя хлебныя нівы гаспадаркі. Сёлета, акрамя збожжавых, тут рызыкнулі пасеяць 40 гектараў соі і сабралі добры ўраджай, попыт на які ёсць. Для абагачэння глебы азотам пасля ўборкі збожжавых пасеялі сідэраты, якія цёплай сёлетняй восенню актыўна пайшлі ў рост. Перад халадамі іх перааруць.

— Вячаслаў Аркадзьевіч, адзін мудрэц сказаў, што ніколі не ўдаецца быць такім шчаслівым, як у тыя часы, калі праца не пакідае ні хвіліны вольнай. А як вы лічыце?

— Такім, напэўна, трэба нарадзіцца. Інакш жыць не ўмею і не хачу. Праца дае мне асалоду адчування, што недарма дзень пражыты. Так мяне выхоўвалі, і я свайго сына такім імкнуўся бачыць. Сённяшнія ўмовы працы механізатара непараўнальныя з тымі, як я пачынаў тры дзесяцігоддзі таму. Пачынаем ставіць на зімовае захоўванне тэхніку. Разам з галоўным інжынерам Юрыем Смалем праводзім дэфектоўку яе. Складаем спецыяльныя ведамасці, у якіх пазначаем, што неабходна замяніць у агрэгаце ці машыне. Некаторыя запчасткі вырабляем на сваіх станках. Яўген Цэдрык мае залатыя рукі і палову запчастак выточвае сам. Так танней абыходзіцца. Пасля пастаноўкі на захоўванне тэхнікі і завяршэння рамонту замацаваных за мною машын перасяду на маленькі трактар вытворчасці «Бабруйсксельмаша» і буду падвозіць кармы на жывёлагадоўчую ферму.

— У гаспадарцы шмат розных машын і агрэгатаў, і каб паспець адрамантаваць іх своечасова, неабходны ўмовы. Якія яны ў вас?

— Кожны від агрэгатаў паступова ставім на захоўванне пасля завяршэння цыкла палявых работ, таму вялікага накаплення машын няма. Будынак рамонтнай майстэрні абсталяваны пад’ёмнікамі, станкамі і прыстасаваннямі. У памяшканні зімою цяпло ад каларыфераў, што працуюць на мясцовым паліве. Ёсць пакоі для адпачынку, душавыя кабіны.

— Вячаслаў Аркадзьевіч, вы ходзіце ў перадавіках. Што вам больш прыемна атрымліваць — граматы, падзякі ці грашовыя прэміі?

— З маладых гадоў атрымліваю як граматы, так і грашовыя прэміі. Я больш цаню грамату. Яна застаецца на памяць, а грошы атрымаеш — і тут жа ўлятаюць. Мой прадзед захаваў фота-
здымкі з часоў службы на крэйсеры «Аўрора», і нам яны цікавыя і дарагія. Мо, яго і грашыма прэміравалі, але фотаздымкі — сапраўдная рэліквія не толькі для нашага роду. Для сваіх будучых унукаў захоўваю граматы за працу на зямлі. Ці магу я забыць той хвалюючы момант, калі мне намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Надзея Каткавец уручала Ганаровую грамату. Штогод атрымліваю ўзнагароды на раённых дажынках. Запрашаюць у Магілёў на ўрачыстасці.

— Вы — механізатар, жонка — вучоны аграном. Цудоўнае спалучэнне. Ці не з’яўлялася жаданне заняцца фермерствам?

— Некалі былі такія намеры, калі пачыналася фермерства. Але я больш прыстасаваны да калектыўнай працы. За трыццаць гадоў прытаміўся ўжо. На магутным «Кіраўцы» рулявое цяжкае было. Ужо крыху аблегчылі, перавялі іх на гідраўліку. З’явіліся кандыцыянеры ў кабінах. А раней надрываў рукі на рычагах. Асабліва стамлялася левая рука, якой даводзілася часта пераключаць хуткасць у час трамбоўкі зялёнай масы на сянажнай яме, дзе пастаянна трэба было ездзіць уперад-назад. Увечары рукі не ведаў    куды       дзяваць. Зараз на энерганасычаных трактарах працаваць адно задавальненне. Усталяваны камп’ютары, навігатары. Сённяшні механізатар, як касманаўт, павінен ведаць усе тонкасці сучаснай насычанай электронікай тэхнікі. Каб асвоіць яе, патрэбны веды і практыка. Пакуль рукамі не патрымаешся за рычагі новай машыны, яна чужая. На сучаснай тэхніцы кожны вузел разлічаны на пэўны перыяд эксплуатацыі. Перыядычна   патрэбны  тэхагляды, а сродкаў на іх няма, і працуем да апошняга. Цяпер многа розных прыватных фірм і фірмачак, магазінаў па продажы запчастак для сельгасмашын, і кожны прадавец хоча на нас, сялянах, нажыцца. Раней у нас была Магілёўская абласная сельгастэхніка і раённая, а зараз толькі грошы рыхтуй і, дзе хочаш, можаш купіць любую запчастку. Але цэны такія, што нам не пад сілу. Камерсанты кінуліся шукаць лёгкага хлеба, а хто яго бу-
дзе вырошчваць? У нашай гаспадарцы не стае механізатараў. Мы вымушаны працаваць на некалькіх машынах. Як пачынаю з веснавога ворыва — і да снега ў полі. Зімою на рамонце, дзе не надта заробіш. Каму трэба крэдыты вяртаць, каму дзяцей вучыць, і на такія грошы сюды не надта ідуць маладыя, а едуць на заробкі ў Расію. Пытанне кадраў павінна вырашацца на дзяржаўным узроўні, каб людзі з вялікай ахвотай выбіралі працу ў вёсцы, як гэта рабіла маё пакаленне.

— Вячаслаў Аркадзьевіч, багаццем колераў красуе восень. Сельскагаспадарчы год завершаны. Пра што думаецца ў такі час?

— Звычайна з восені я ўжо жыву чаканнем вясны, якая заўжды нясе новыя надзеі і мары. За год выпрацуешся так, што ўжо і настрой не той, хочацца адпачыць. Слотныя асеннія дні неяк марудна цягнуцца. А вясна надае новыя сілы, прыходзіць азарт, і ўсё цудоўна атрымліваецца.


Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара

Клічаўскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter