Таленавіты мастак-самавук зарабляе продажам карцін і ўборкай памяшканняў

Графіка жыцця

У 31-гадовага Сяргея Міхайліка, знешне вельмі падобнага на маладога Ван Гога, няпросты і цікавы лёс. Ён перабраўся ў глыбінку з мегаполіса, навучыўшыся маляваць, каб жыць. Наіўнае мастацтва, у якім хапае разыначкі, — гэта ўсё пра віцебскага мастака-самавука.


Мы размаўляем з Сяргеем, гуляючы па самай багемнай частцы Старога горада. Віцебскі Манмартр — гэта вуліцы Крылова і Суворава, якія штогод прымаюць у свае брукаваныя абдымкі рамеснікаў “Славянскага базару”. Сяргей не выключэнне. У гэтым годзе за тры дні ў яго купілі больш за 20 карцін, лічы, увесь “залаты запас”, які ствараў месяцамі. Нацюрморты і пейзажы Міхайліка зараз ёсць нават у дамах Ірана і Індыі. Таленавітага самавука ведаюць у Расіі і Літве, ахвотна заказваючы яму карціны. Творчасць майго суразмоўніка можна ўбачыць у віцебскіх мастацкіх салонах. І, гледзячы на дзіўную прыгажосць і каляровую насычанасць работ, не кожны здагадаецца, што Сяргей не прафесіянал. Усяму, што ўмее, вывучыўся сам, шляхам спроб і памылак. Яго галоўным настаўнікам і дарадцам стала мама Галіна Віктараўна. Далікатная, жыццярадасная жанчына, на долю якой выпала нямала выпрабаванняў. Яна таксама славілася як таленавітая мастачка. І, як лічыць Сяргей, была незвычайна смелым чалавекам. Пра гэта сведчыць факт: у маладосці яна назаўсёды палюбіла горы, захапілася альпінізмам. Магчыма, менавіта гэта загартавала характар, зрабіўшы яе мацней. Некалькі гадоў таму Галіна Віктараўна пайшла з жыцця, але спадчына яе — тонкай прыгажосці карціны і, самае галоўнае, творчая жылка, натхненне, перададзеныя сыну, — не згасае. Успамінаючы маці, Сяргей з цяжкасцю стрымлівае эмоцыі, яны накатваюць, устаюць горкім камяком у горле:

— Нас у яе было чацвёра: я, браты Дзмітрый і Канстанцін, сястра Леся. У 1990-я развялася з бацькам і падымала нас адна. У 2000 годзе мама разам са мной, Косцем і Лесей вырашыла пераехаць з Кіева ў Беларусь. На такі крок, які даўся цяжка, падштурхнула тое, што ў сястры былі сур’ёзныя праблемы са здароўем, і яны толькі прагрэсіравалі. Мы палічылі, што ў Беларусі лепшая экалогія, і адправіліся на радзіму бацькі мамы ў Гарадоцкі раён. Дзед Віктар Іванавіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай, дарогамі вайны дайшоў да Кіева, дзе атрымаў раненне і трапіў у шпіталь. Там пазнаёміўся з маёй бабуляй Кацярынай Цімафееўнай. Яна таксама ваявала, была на фронце снайперам. Абыходзіцца са зброяй ёй, сібірачцы, было не ўпершыню: трымаць у руках стрэльбу навучыў мой прадзед-паляўнічы. Каханне з першага погляду завяршылася вяселлем, усё жыццё яны, як зачытваюць у загсе, паважалі і шанавалі адзін аднаго. Бабуля даглядала дзеда, якому з-за ранення ампутавалі нагу. Ёсць чаму павучыцца.

На Гарадоччыне Міхайлікі першы час спыніліся на кватэры ў сваякоў. Пазней нагледзелі невялікі дамок у Гурках. Прыходзілася няпроста. Не ўсякі раз мелі што паставіць на стол, чым запаліць у печы. І тут на дапамогу перасяленцам прыходзілі спагадныя суседзі — дапамагалі прадуктамі, прапаноўвалі няхітрую сельскую працу. Сяргей браўся за ўсё. А ў вольную хвіліну вучыўся маляваць, пад чулым кіраўніцтвам мамы, больш дасведчанай у гэтай справе. Някідкая прырода самага паўночнага рэгіёна краіны зачаравала Сяргея. Невыпадкова пейзажы атрымліваліся ў Міхайліка вельмі яркія. Акрамя таго, пад заказ ён працаваў над партрэтамі. Пад настрой займаўся разьбой па дрэве, а для душы — фатаграфіяй.

Хоць у вёсцы яму і дыхалася, і пісалася лёгка, хлопец усё часцей задумваўся пра тое, каб перабрацца ў горад. У Віцебску, як ні круці, магчымасцей для самарэалізацыі больш.

Пераезд адбыўся, але не так, як чакалася. У 2014-м, праз сем гадоў пасля заўчаснай смерці сястры, памерла мама Сяргея. І яго праз месяц забраў да сябе брат Канстанцін. Сёння самадзейны майстар жыве і працуе ва Уланавічах пад Віцебскам. У яго міні-майстэрні, а хутчэй, на “астраўку” творчасці ў выглядзе прасторнага стала са шматлікімі пэндзлямі і фарбамі, з’яўляюцца незвычайна атмасферныя работы. Напрыклад, выявы мясцовых цэркваў, напоўненыя асаблівым святлом і чысцінёй.

Хлопец згадвае, што маляваць пачаў з дзяцінства:

— Адразу ўзяўся не за фарбы з пэндзлямі, а за аловак. Графіка паўплывала на тое, што я і ў жывапісе прывык з першага разу пісаць максімальна выразна і без паправак. Абсалютных куміраў сярод вядомых мастакоў у мяне няма. Але перад “апантаным галандцам” Ван Гогам аддаю перавагу венгерскаму Ферэнцу Тулоку з яго яркімі жыццярадаснымі нацюрмортамі.


Суразмоўнік з усмешкай называе сябе “вельмі зямным мастаком”, таму што перад усімі тэхнікамі ў жывапісе аддае перавагу рэалізму з яго дзівоснай дакладнасцю ліній. Парадак — сапраўднае крэда Сяргея Міхайліка, якому важна, каб нават творчы хаос быў арганізаваным. Таму я не здзівілася, даведаўшыся, што вольны мастак пэўны час спакойна працаваў дворнікам, у нейкай меры атрымліваючы ад гэтага задавальненне. Зараз уладкаваўся ў клінінгавую кампанію і абсалютна не скардзіцца. Днём разам з брыгадай прыбірае памяшканні і кватэры, а ў выхадныя і ноччу, калі трэба паспець у тэрмін, піша карціны.


Паказваючы свае дзіцячыя работы, Сяргей прызнаецца, што калісьці марыў стаць аўтадызайнерам. На пытанне, ці будзе спрабаваць рэалізаваць задуманае, адказвае, што наўрад ці. З’явіліся іншыя арыенціры. У адным няма сумненняў: кім бы ні прыходзілася працаваць, з жывапісам не развітаецца ніколі. У 2013-м афіцыйна аформіўся як рамеснік, стаў выстаўляць свае карціны ў Гарадоцкім доме рамёстваў і фальклору. Сёння ён член народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Вытокі” і бязмежна ўдзячны за падтрымку, якую аказваюць яму тутэйшыя ўмельцы. Гэта прызнаныя ў Беларусі майстры Жанна Гусейнава, Марына Гушчо, Васіль Сіманковіч... Акрамя мясцовых выстаў, работы Міхайліка можна было ўбачыць на экспазіцыях у абласным цэнтры. Напрыклад, на Нацыянальнай выставе інсітнага (наіўнага) мастацтва Insita-2012, прысвечанай 125-годдзю Марка Шагала. У 2016-м і 2017-м карціны самавука ездзілі і на міжнародныя выставы інсітнага мастацтва ў Маскву. У гэтым лістападзе іх у ліку іншых пакажуць шырокай публіцы ў экспазіцыйнай зале Цэнтра народных рамёстваў і мастацтва “Задзвінне”. Інсітнае мастацтва адрозніваецца тым, што ствараюць яго людзі, якія не маюць для гэтага якіх-небудзь спецыяльных навыкаў. За плячыма Сяргея толькі базавая адукацыя. Разам з тым у яго багажы рэдкая начытанасць, эрудыцыя і прыродны талент. Ці хопіць гэтага, каб прабіцца ў няпростым свеце мастацтва, — фарбамі па палатне пісана.

navumavahanna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter