Что изменится в движении транспорта с наступлением осенне-зимнего сезона

Графiк фармiруе трафiк

Гарадскія аўтобусы, тралейбусы і трамваі пераходзяць на зімовы расклад. На некаторых прыгарадных маршрутах у сувязі з памяншэннем пасажырапатоку колькасць рэйсаў скарачаецца. Асобныя дачныя маршруты зусім адмяняюць. Беларуская чыгунка таксама адкарэкціравала расклад у сувязі з тым, што некаторыя краіны-суседкі ў ноч з 27 на 28 кастрычніка пераходзяць на зімовы час. Карэспандэнт «Р» зверыла стрэлкі гадзіннiка.

Аўтобусы, цягнікі і самалёты карэкціруюць свае расклады ў сувязі з сезонным змяненнем пасажырапатоку.
Фота Вiталя ПIВАВАРЧЫКА

На асенне-зімовы перыяд колькасць рухомага саставу гарадскога транспарту павялічылася. А вось некаторыя прыгарадныя маршруты ў сувязі з памяншэннем пасажырапатоку скарачаюцца ці зусім адмяняюцца. Так, з 1 кастрычніка па панядзелках і выхадных аўтобусы прыгараднага маршруту № 227 Ст. м. «Пушкінская» — Мінскае мора з адпраўленнем ад канчатковых пунктаў у 20.00 і ў 20.35 больш не курсіруюць. З 8 кастрычніка адмяняецца рэйс № 385С АС «Паўднёва-Заходняя» — с/т «Мара», які адпраўляўся ў 19.25 па пятніцах і нядзелях. Змены таксама закрануць рэйсы да станцый Бараўцы і Вясёлка і іншыя дачныя маршруты. Каб не чакаць на прыпынку лішні час, перад выездам праверце актуальны расклад на сайце «Мінсктранса». Ён абнаўляецца штодня.



Беларуская чыгунка адкарэкціравала расклад міжнародных цягнікоў у сувязі з пераходам сумежных дзяржаў на зімовы час. Украіна, Літва, Латвія і Польшча перавядуць стрэлкі гадзіннікаў на адну гадзіну назад у ноч з 27 на 28 кастрычніка. Таму з 29 кастрычніка цягнік № 86/85 Мінск — Кіеў адправіцца з Мінска ў 22.40, як звычайна. А прыбудзе ў Кіеў на гадзіну раней — у 7.55. У адваротным кірунку цягнік адправіцца ў 21.09 (пакуль што — у 22.34). У Мінск ён прыбудзе без змен — у 8.38. Карэкціруецца таксама расклад цягнікоў перасадачных зносін Мінск — Брэст № 727/728 і № 128/127 Брэст — Варшава.



Пасля пераходу суседзяў на зімовы перыяд зменіцца час адпраўлення і прыбыцця цягнікоў міжнародных зносін, якія ідуць транзітам па нашай тэрыторыі ў краіны Заходняй Еўропы. Скарэкціруюць і расклад некаторых цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній, якія курсіруюць па нашай тэрыторыі. Падрабязную інфармацыю аб раскладзе міжнародных цягнікоў, цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній можна атрымаць на сайце Беларускай чыгункі www.rw.by і па тэлефоне даведачнай службы 105.



А што з самалётамі? «Белавія» традыцыйна пяройдзе на зімовы расклад у апошнюю нядзелю кастрычніка. У гэты перыяд вырасце колькасць пералётаў у рамках чартарных праграм. Колькасць рэйсаў у Егіпет, напрыклад, зімой плануецца павялічыць удвая. Упершыню для зімовых палётаў кампанія падключае ўсе абласныя аэрапорты. Паслуга карыстаецца попытам. Мяркуйце самі. На першы рэйс у Егіпет з Гродна, які вылеціць у Хургаду 8 кастрычніка, адпачывальнікі раскупілі палову білетаў за тыдзень. Падрабязны расклад руху самалётаў і новых кірункаў у кампаніі паабяцалі апублікаваць на наступным тыдні.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter