На наступным тыдні у Празе распачнецца буйная выстава “Беларуская графіка. Традыцыі і сучаснасць”

Графiчная моц

На наступным тыдні, з 15 па 29 чэрвеня, у Празе распачнецца буйная выстава “Беларуская графіка. Традыцыі і сучаснасць”, прымеркаваная  да 500-годдзя  беларускага кнігадрукавання. Праект аб’яднанай рэдакцыі “СБ. Беларусь сегодня” сумесна з пасольствам Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і галерэяй “Артплац” разгорнецца ў пражскай галерэі “Клементынум”. Месца абрана невыпадкова — у комплексе будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, дзе і знаходзіцца пляцоўка, на сцяне ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар  першадрукара Францыска Скарыны. На выставе будуць прадстаўлены працы вядомых беларускіх мастакоў — Валерыя Славука, Уладзіміра Вішнеўскага і Рамана Сустава. Кожны аўтар выступіць у рознай тэхніцы. 


На адной пляцоўцы выставы — больш за 20 работ мастакоў. Афорт, эксперыментальныя працы, літаграфія — тэхнікі, якія адсылаюць у розныя часавыя адрэзкі развіцця графікі. Пры чым тут Скарына, можа спытаць чытач? Справа ў тым, што менавіта яго можна лічыць пачынальнікам гэтага віду жывапісу. Сучаснікі звярнулі ўвагу на кнігі Скарыны і таму, што ён быў наватарам у ілюстраваным, мастацкім прачытанні Бібліі.

Цікавы факт: традыцыі першадрукара да нашага часу падтрымліваюць на кафедры графікі мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе выкладае каардынатар праекта Раман Сустаў: 

— Расказваю студэнтам, што графіка мае багатую гісторыю. Уявіце, так малявалі 500 гадоў таму! Мы, па сутнасці, выкладаем тыя ж тэхнікі, якія ён выкарыстаў у кнігадрукаванні. Яны з тых часоў не змяніліся. Развіццё такога віду жывапісу, які вельмі папулярны ў нашай краіне, і плануем паказаць на выставе. У кожнага аўтара работы будуць у розных тэхнічных накірунках. Сам прадстаўлю літаграфію — адзіную тэхніку, якую мастак не можа выканаць у хатніх умовах, бо працы малююцца на камянях.



Яшчэ адзін удзельнік праекта — Уладзімір Вішнеўскі — павязе в Прагу 10 работ. Іх усіх аб’ядноўвае адзіная тэматыка – нацыянальная самасвядомасць, пошук народам сваіх традыцый. Заключае творчае выставачнае трыа знакаміты беларускі майстар — Валерый Славук. Пяць афортаў яго аўтарства будуць экспанавацца ў Празе, аднак узяць удзел у маштабным праекце Валерый Пятровіч не зможа:

— Нездаровіцца. Так што, на вялікі жаль, ехаць у Прагу, адзін з самых любімых маіх гарадоў, не атрымаецца. Афорты, прадстаўленыя ў экспазіцыі, — гэта, можна сказаць, своеасаблівыя імправізацыі, агульнай тэмай не звязаныя. Ведаеце, я, калі так не сціпла будзе казаць, проста ўжо дасягнуў таго ўзроўню, калі магу дазволіць працаваць без эскізаў. Улюбёны ў афорты. Гэта факт. Можа, калі б і не займаўся імі, то знайшоў сябе ў гравюры, як наш першадрукар. Дарэчы, творчыя планы на гэты год амбіцыёзныя. У верасні адбудзецца персанальная выстава графікі, прысвечаная майму 70-годдзю. Знайшліся тыя, хто фінансава падтрымае выданне каталога, — у выставачнай калекцыі будзе толькі каля 70 афортаў.

Майстар Славук — адзін з самых незвычайных і яркіх графікаў, неперасягнуты майстар афорта. На кнігах, якія ён аформіў, вырасла не адно пакаленне дзяцей. А таксама студэнтаў. Сваю справу ён перадае студэнтам акадэміі мастацтваў. Дзякуй Богу, пасля рэканструкцыі ў акадэмічных майстэрнях з’явіліся літаграфскія станкі і іншае абсталяванне.

bizyk@sb.by;

uskova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter