Грае на біс гарніст

У механічнага трубача на Магілёўскай ратушы хутка будзе і імя

У механічнага трубача, які з’явіўся на Магілёўскай ратушы, хутка будзе і імя. Выбраць яго вырашана ў час конкурсу, прыняць удзел у якім змогуць усе жадаючыя. На перамогу можа разлічваць той, хто больш дакладна ахарактарызуе вобраз маладога гарніста, які, як лічыцца, ахоўвае горад эпохі Магдэбургскага права.

Дарэчы, постаць хлопчыка ў сінім сурдуце і трохвуголцы стварыў мясцовы майстар Генадзь Галоўчык. Рэалізаваць гэты праект яму дапамагаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў, ён жа аўтар мастацкага вобраза трубача. Пры стварэнні складанай сістэмы Галоўчык сутыкнуўся адразу з мноствам праблем, у тым ліку і асаблівасцямі надвор’я, але ўсе яны ў выніку былі вырашаны. І зараз роўна ў поўдзень гарніст «выязджае» на балкон ратушы, каб выканаць урачыстую старадаўнюю мелодыю. Пакуль механізм працуе ў тэставым рэжыме, але хутка колькасць выкананняў на біс павялічыцца. Ужо з першых дзён з’яўлення гарніста гараджане сталі лічыць яго сімвалам Магілёва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter