Градус у мiнус

Нядаўна ў Італіі прайшоў саміт “Вялікай сямёркі” — кіраўнікоў найбольш развітых краін планеты, па выніках якога іх лідары не змаглі дамовіцца па шэрагу ключавых пытанняў парадку дня. Сярод якіх і “сусветная кліматычная праблема”. Прадстаўнікі “групы сямі” мусілі дамагчыся агульных падыходаў у тэме барацьбы са змяненнямі клімату, але ў канчатковых дакументах сустрэчы прызналі сваю паразу — з-за пазіцыі Злучаных Штатаў (Дональда Трампа), краіны, якая не далучылася да кансенсусу аб Парыжскім пагадненні па клімату 2015 года. Выпаданне найбольш моцнай эканомікі свету з гэтага працэсу паставіла пад сумніў выкананне дакумента ў цэлым.

Па гарачых слядах кіраўнік МЗС Германіі Зігмар Габрыэль выказаў меркаванне, што ЗША пры новым прэзідэнце страчваюць ролю сусветнага лідара і заклікаў Стары Свет выступіць супраць адпаведнага  рашэння Вашынгтона.

Тым часам Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш падчас нядаўняй прамовы перад выкладчыкамі і студэнтамі Нью-Ёркскага ўніверсітэта назваў змяненне клімату — рэальнай і неаспрэчнай пагрозай усяму чалавецтву. Ён заклікаў усе ўрады выконваць Пагадненне і браць курс на “азеляненне” эканомікі, бо іншы шлях прывядзе людзей да “шэрай” будучыні. Гутэрыш упэўнены: кампаніі, якія выкарыстоўваюць “зялёныя” тэхналогіі, усталююць залаты стандарт эканамічнага лідарства ў XXI стагоддзі, а “зялёная” эканоміка адкрые магчымасці для стварэння рабочых месцаў, забяспечыць эканамічны рост і неабходны ўзровень бяспекі і стабільнасці.

Неабходна ўдакладніць: палажэнні згаданага глабальнага мемарандуму па клімату, прынятага два гады таму ў Парыжы, заклікаюць міжнародную супольнасць крок за крокам рушыць да нізкавугляроднай і экалагічна ўстойлівай будучыні. Яго ўдзельнікі (147 краін, на якія прыпадае 82 працэнты шкодных выкідаў на Зямлі) узялі на сябе абавязкі па стрымліванні павышэння глабальнай тэмпературы на ўзроўні 1,5—2 градусы Цэльсію, паколькі цяпер з-за канцэнтрацыі вуглякіслага газу хуткімі тэмпамі знікае лёд Арктыкі, імкліва расце ўзровень сусветнага акіяна. Дакументам, які ўступіць у сілу ў 2020 годзе, на барацьбу са шкоднымі выкідамі ў атмасферу для краін, што развіваюцца, выдаткоўваецца 100 мільярдаў долараў.

Наша дзяржава зацвердзіла і ратыфікавала міжнароднае пагадненне ААН па клімату, узяўшы на сябе абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў на 28 працэнтаў (у параўнанні з 1990 годам) і захаванні навакольнага асяроддзя.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter